Генпракуратура распачала справу па факце гібелі веласіпедысткі ў Мінску
Амаль праз год пасля здарэння абвінавачаным можа стаць мужчына, які сутыкнуўся з Наталляй на веладарожцы. Урачы зноўку аказаліся не пры чым
Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце гібелі 24-гадовай веласіпедысткі ў Мінску.
Нагадаем, што летась у траўні Наталля Сак зляцела на веладарожку пасля сутыкнення з 40-гадовым мужчынам. У шпіталі пацярпелую не ўратавалі. Пра здарэнне перадалі бадай усе беларускія СМІ. Але самае важнае тады засталася па-за эфірам.
ВІДЭА: Наколькі бяспечна праязджаць месца гібелі раварысткі
Пасля падзення з веласіпеда Наталля атрымала пералом костак чэрапа, у яе здарылася гематома і кровазліццё ў мозг. Але ў бальніцы дзяўчыне не зрабілі тамаграфію галавы, хоць зазвычай на гэта даследаванне накіроўваюць любога вулічнага выпівоху, які паступае з траўмамі.
Замест пералому чэрапа ўрачы "выявілі" лёгкія траўмы
Наталлю ж паклалі ў звычайную палату. Там дзяўчына прабыла ўсю ноч. І толькі раніцай медыкі спахапіліся, ды было ўжо позна. Рэанімацыйныя мерапрыемствы не далі выніку. Сваякам патлумачылі, што ўсё адно траўмы былі “несумяшчальныя з жыццём”.
Што заявілі блізкія Наталлі Сак адразу пасля яе гібелі
Пасля гэтага Мінздароўя праводзіла унутраныя праверкі. Парушэнняў у дзеяннях свайго ж медперсаналу ведамства не выявіла. Следчы камітэт, абапіраючыся на гэтыя праверкі, адмовіў сваякам Наташы ў распачынанні крымінальнай справы.
І вось праз дзевяць месяцаў пасля трагедыі генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк падчас прэс-канферэнцыі паабяцаў Еўрарадыё вярнуцца да гэтага здарэння. І стрымаў слова.
20 сакавіка Генпракуратура адмяніла ранейшую пастанову Следчага камітэта і распачала крымінальную справу па артыкуле “Парушэнне правілаў, якія забяспечваюць бяспечную працу транспарту” (частка 2 артыкуа 321 КК Беларусі). Такім чынам, нескладана здагадацца, што галоўным падазраваным можа стаць той самы 40-гадовы веласіпедыст, які сутыкнуўся з Наталляй. Артыкул прадугледжвае пакаранне да 5 год абмежавання волі ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
“Указаная крымінальная справа накіравана ў пракуратуру горада Мінска для арганізацыі вытворчасці папярэдняга следства”, — сказана ў адказе з Генпракуратуры.
Па згадках сям’і Наталлі Сак, веласіпедыст Юрый Ч. пасля сздарэння ні разу не выйшаў з імі на сувязь і нават не выбачыўся за бяду, да якой непасрэдна спрычыніўся. Але асноўныя прэтэнзіі блізкія загінулай адрасуюць усё ж медыкам.
Аднак Мінздароўя засталося не пры справах. Генпракуратура пагадзілася з аргументамі, што дапамога Наталлі Сак аказвалася “кваліфікавана і ў поўным аб’ёме”. Медыкі прыкрываюцца тым, што свядомасць пацыенткі на момант паступлення ў прыёмны пакой была такой, што паводле інструкцыяў накіроўваць яе на камп’ютарную тамаграфію не было патрэбы.
Зрэшты яшчэ на прэс-канферэнцыі генпракурор шчыра папярэдзіў, што прыцягнуць урача да адказнасці за яго памылку сёння складана.
“Уся праблема ў тым, што прызначаюцца судова-медыцынскія экспертызы. А вы разумееце, што іх праводзяць дактары. Трэба наўпрост казаць: карпаратыўная салідарнасць — гэта не пустое паняцце”, — выказаўся тады Аляксандр Канюк.
Такім чынам, сваякам беларускіх пацыентаў застаецца параіць, каб не спадзяваліся на кваліфікацыю кожнага беларускага ўрача і любымі праўдамі і няпраўдамі, без лішняга сораму дабіваліся грунтоўнага даследавання стану здароўя сваіх блізкіх. Іначай ніхто больш пра гэта можа не паклапаціцца.
ФОТА austriakat.wordpress.com