Германія і Францыя выводзяць Еўразону з рэцэсіі
Еўрапейская эканоміка “вылечылася” раней, чым чакалі. Але армію еўрапейскіх беспрацоўных гэта пакуль не радуе.
Еўразона перажыла свае найгоршыя часы. Згодна са статыстыкай, у другім квартале года ВУП блока вырас на 0,3 % у параўнанні з першым кварталам. “Аздараўленне” Еўразоны адбылося раней, чым прагназавалі: у канцы верасня.
Перыферыйныя краіны спрабуюць спалучыць жорсткую эканомію з ростам, які абнадзейвае. У той час як Германія, паводле Financial Times, хоць і нудна, але настойліва пашырае сваю эканоміку. Выданне цытуе Нікалаўса Кейса з UniCredit, які кажа пра “стабілізацыю эканамічнай актыўнасці”:
“Стабілізацыя мусіць суправаджацца паступовым узнаўленнем, якое адлюстроўвае меншыя фінансавыя абмежаванні, зніжэнне інфляцыі, а таксама выплаты ўрадам запазычанасцяў”.
Крыху статыстыкі. Нямецкі ВУП вырас 0,7%. А другая эканоміка Еўразоны, французская, павялічылася на 0,5%, хаця чакалася менш. Менавіта гэтыя дзве краіны выводзяць астатніх з рэцэсіі, піша The Guardian. Але больш за ўсё здзівіла Партугалія — адна з краін, што мацней за іншыя пакутуе ад крызісу: яе ВУП вырас на 1,1%.
The Guardian звяртае ўвагу на ніжэйшую частку “турнірнай табліцы” Еўразоны, дзе агульны пазітыў раздзяляюць не вельмі. Выданне цытуе 62-гадовага цесляра з Грэцыі, які радуецца, што мае хоць нейкую працу і пару кліентаў:
“Ні ў якім разе нельга казаць пра канец рэцэсіі. Усе, каго я ведаю, задушаныя ўзроўнем беспрацоўя, большым за 27% у нашай краіне. І я не думаю, што бліжэйшым часам усё стане лепш”.
Эканоміка Грэцыі, сапраўды, скарацілася на 4,6%. Але нават тут ёсць чаму радавацца, бо, як піша Der Spiegel, краіна павялічыла экспарт і знізіла напалову дзяржпазыкі. Цяпер жа краіны Еўразоны, такія як Грэцыя, накіравалі свае позіркі ў бок Германіі. Хутка тут адбудуцца выбары, пасля якіх патрабаванні наконт жорсткай эканоміі могуць памякчэць, піша нямецкае выданне.
Тым часам яшчэ адна праблемная эканоміка, іспанская, таксама працягвае згортвацца. Затое ў Іспаніі, як, дарэчы, і ў Партугаліі, упершыню знізілі беспрацоўе. Але ці надоўга? Спрабуе адказаць Financial times:
“Для такіх краін, як Іспанія, дзе занятасць залежыць ад летняга турыстычнага сезона, зніжэнне беспрацоўя, верагодна, часовае, кажуць эканамісты”.
Варта дадаць, што пытанне беспрацоўя з’яўляецца найбольш балючым для жыхароў Еўразоны. У ліпені беспрацоўе ў Еўразоне склала 12,1%, дасягнуўшы самага высокага значэння з 1995 года.
Фота: telegraph.co.uk