Голас народа: якія партыі пройдуць у парламент Украіны
Выбары ва Украіне / Еўрарадыё
21 ліпеня ва Украіне праходзяць пазачарговыя парламенцкія выбары. На 424 мандата ў Вярхоўнай Радзе прэтэндуюць 6 тысяч кандыдатаў. Палова народных дэпутатаў будзе абраная па мажарытарнай сістэме (галасаваннем за канкрэтных кандыдатаў) і палова па прапарцыйнай (праз партыйныя спісы).
Усяго на выбары ідзе 22 партыі. Мяркуючы па сацыялагічных апытаннях, прахадны бар'ер у 5% пераадолеюць толькі пяць з іх. Хутчэй за ўсё, партыя прэзідэнта Зяленскага возьме большасць у парламенце, а галоўнай апазіцыяй стане прарасійская "Апазіцыйная платформа". Распавядаем, якія партыі пройдуць ва ўкраінскі парламент і што яны з сябе ўяўляюць.
"Слуга народа"
Па дадзеных сацыялагічнай групы "Рэйтынг", за партыю "Слуга народа" гатовыя аддаць голас 49,5% выбарцаў. Гэтага хопіць, каб атрымаць большасць у парламенце — 226 месцаў. Каб дасягнуць гэтага, да 130-140 дэпутатаў, якія пройдуць па партыйным спісе, трэба будзе дадаць каля 100 мажарытарыяў.
Ключавыя фігуры
Самы вядомы прадстаўнік "Слугі народа", вядома, прэзідэнт Украіны і шоўмэн Уладзімір Зяленскі. Сярод ключавых фігур, якія апынуцца ў Радзе: Дзмітрый Разумкоў, кіраўнік партыі і былы спікер штаба Зяленскага; Руслан Стэфанчук, дарадца Зяленскага і галоўны ідэолаг партыі; Ірына Венедыктава, эксперт "Зе каманды" па прававых пытаннях.
Асноўныя пункты праграмы
— выкананне пагаднення Асацыяцыі з Еўрасаюзам і пашырэнне супрацоўніцтва з ЕС і НАТА;
— увядзенне прапарцыйнай выбарчай сістэмы з адкрытымі спісамі. У такой сістэме выбаршчыкі не проста галасуюць за партыю, але і выбіраюць канкрэтнага кандыдата з партыйнага спісу;
— манетызацыя льгот.
Стаўленне да Расіі і канфлікту на Данбасе
Партыя мае намер "весці інфармацыйную барацьбу" з Расіяй. Акупаваныя тэрыторыі Украіны плануецца рэінтэграваць, жыхароў Данбаса — "ментальна вярнуць".
"Апазіцыйная платформа — За жыццё"
Партыя "Апазіцыйная платформа — За жыццё" па сацапытаннях набірае 10,5%. Такі вынік дазволіць прарасійскай партыі правесці ў Раду да 40 дэпутатаў і граць ролю галоўнай апазіцыі.
Ключавыя фігуры
Па-першае, гэта Юрый Бойка, які быў канкурэнтам Уладзіміра Зяленскі на прэзідэнцкіх выбарах і стаў чацвёртым з 11,67% галасоў. Далей: Вадзім Рабіновіч, бізнесмэн і сузаснавальнік партыі, і Віктар Медзвядчук, кум Уладзіміра Пуціна і нефармальны перамоўшчык па абмене палоннымі. У мінулым месяцы Медзвядчук арганізаваў у Мінску вызваленне чатырох украінскіх палонных, прычым зрабіў гэта такім чынам, што ні ўкраінскія, ні беларускія ўлады не былі ў курсе. "Пад выбары", — абурыўся тады Зяленскі.
Асноўныя пункты праграмы
— палітыка шматвектарнасці і аднаўленне сувязяў з Расіяй і СНД;
— адмена закона аб мове, прыпыненне дэкамунізацыі і люстрацыі;
— тарыфы на газ у два разы ніжэй за кошт прамых паставак з Расіі.
Стаўленне да Расіі і канфлікту на Данбасе
Сябраваць і весці перамовы, прычым перамовы наўпрост з прадстаўнікамі "ДНР" і "ЛНР". Наогул, асноўны фокус другой па папулярнасці партыі Украіны — сяброўства з Расеяй.
"Еўрапейская салідарнасць"
Пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах цяпер ужо экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сфакусаваўся на парламенцкай кампаніі. Яго блок "Салідарнасць", перайменаваны ў траўні ў "Еўрапейскую салідарнасць", па дадзеных сацапытанняў падтрымліваюць 7,7% выбаршчыкаў.
Ключавыя фігуры
Па-першае, лідар партыі Пётр Парашэнка. У першай тройцы партыйнага спісу, акрамя яго, спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій і яго першая намесніца Ірына Герашчанка. На аднамандатныя акругі Парашэнка "кінуў" самых адыёзных кандыдатаў, накшталт Ігара Кананенкі, свайго блізкага сябра, якога абвінавачваюць у карупцыйных схемах.
Асноўныя пункты праграмы
— сяброўства ў ЕС і атрыманне Плана дзеянняў па ўваходжанні ў НАТА;
— барацьба з карупцыяй за кошт спрашчэння адміністрацыйных працэдур;
— нацыянал-патрыятычнае выхаванне;
Стаўленне да Расіі і канфлікту на Данбасе
У "Еўрапейскай салідарнасці" перакананыя, што санкцыі і моцная ўкраінская армія прымусяць Расію сысці з акупаваных тэрыторый. Трэба проста "працягваць ціск".
"Батькивщина"
Партыя Юліі Цімашэнка па апытаннях набірае 6,9% галасоў. Тройчы кандыдат у прэзідэнты, Цімашэнка настроена на крэсла прэм'ера. Галоўны пасыл перадвыбарчай кампаніі "Бацькаўшчына" менавіта такі — выбірайце наступнага прэм'ера.
Ключавыя фігуры
Твар партыі — Юлія Цімашэнка. У першай тройцы выбарчага спісу ёй склалі кампанію народны дэпутат і бізнесмен Сяргей Тарута і былы кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.
Асноўныя пункты праграмы
— сяброўства ў ЕС і фарміраванне дарожнай карты па ўваходжанню ў НАТА;
— тарыфы на газ у два разы ніжэй за кошт выкарыстання ўкраінскага газу;
— персанальныя пенсійныя ўнёскі і штогадовая індэксацыя.
Стаўленне да Расіі і канфлікту на Данбасе
"Бацькаўшчына" разлічвае далучыць да трохбаковай кантактнай групы ЗША і Вялікабрытанію і вярнуць акупаваныя Крым і Данбас перамовамі. Інакш кажучы, дыпламатычным шляхам.
"Голас"
"Рэйтынг" ставіць партыю Святаслава Вакарчука "Голас" на пятае месца з прахадным балам ў 5,9%. Лідэр гурта "Океан Ельзи" ў палітыцы не такі пачатковец, як здаецца на першы погляд. У 2007 годзе ён стаў народным дэпутатам (праўда, праз некалькі месяцаў адмовіўся ад мандата). Пазней Вакарчук прымаў актыўны ўдзел у Аранжавай рэвалюцыі і Еўрамайдане.
Ключавыя фігуры
Святаслаў Вакарчук — твар партыі. Артыст, якога многія бачылі кандыдатам у прэзідэнты, не быў гатовы ісці на выбары ў сакавіку, але ўжо тады праводзіў актыўны кастынг партыйцаў Вакол яго сабраліся грамадзянскія актывісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці, сярэдняга бізнесу. У першай тройцы спісу эканаміст Юлія Кліменка і бізнесвумэн Кіра Рудзік.
Асноўныя пункты праграмы
— сяброўства ў ЕС і НАТА;
— дэманапалізацыя эканомікі і знішчэнне ўплыву алігархаў;
— развіццё антыкарупцыйных структур і перазапуск неэфектыўных.
Стаўленне да Расіі і канфлікту на Данбасе
Вакарчук збіраецца вяртаць Данбас бяскроўным шляхам і рэінтэграваць яго жыхароў. Партыя Вакарчука выступае супраць любога супрацоўніцтва з "баевікамі", якіх лічыць тэрарыстычнымі групамі, кантраляванымі Крамлём.
Шанцы патрапіць у Вярхоўную Раду ёсць таксама ў партый "Сіла і гонар" і "Апазіцыйны блок" — яны блізкія да таго, каб пераадолець пяціпрацэнтны бар'ер. Сацыёлагі даюць "Сіле і гонару" 3,8% галасоў, а прарасійскаму "Апазіцыйнаму блоку" — 3,1%.
Святлана Казлова, “Медыясеціва”. па матэрыялах hromadske.ua.