ГУМ: Tax Free? Неяк для мяне загадка, што гэта такое
Як Еўрарадыё ў мінскіх крамах прасіла аформіць зварот падатку на дадатковую вартасць.
Тры сталічныя крамы — ГУМ, ЦУМ і Гандлёвы дом "На Нямізе" — сталі ўдзельнікамі сістэмы вяртання падатку на дадатковую вартасць па беларускіх чэках. Аб гэтым кажа журналістам намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. Паводле яе слоў, сістэма Tax Free у Беларусі створана з 1 студзеня, і крамы, быццам, ужо падключыліся.
Накіроўваюся ў сталічны ГУМ. Першы аддзел — камп'ютарная тэхніка. Пытаюся ў прадаўцоў, на якую суму трэба закупіцца ў іх краме, каб мне аформілі Tax Free.
“Ад 150 тысяч зніжка ідзе… ”, — супрацоўніца кідае не гледзячы, але калі я перапытваю, кліча калегу на дапамогу. Той таксама тарабаніць мне пра зніжкі і дысконтныя карткі. Калі ўрэшце, цяміць, пра які я TAx Free пытаюся, выдае:
“А божухна! Гэта не да нас звяртайцеся, гэта ў даведку”.
Азадачваю супрацоўнікаў аддзела касметыкі: як мне ў іх аформіць Tax Free?
“Tax Free? Неяк для мяне гэта загадка, што гэта такое”, — прадаўшчыца шчыра не разумее, што ад яе патрабуюць, і зноў накіроўвае мяне ў даведку.
Але я падымаюся ў аддзел мужчынскага адзення. На касе пытаюся пра Tax Free.
"А што гэта такое? Крэдыт вы хочаце?".
На дапамогу прыходзіць яшчэ адна прадаўшчыца.
"Гэта вось калі замежныя людзі купляюць нешта, яны нейкую зніжку могуць займець. У нас такое не распаўсюджана ў Беларусі", — усе прадаўцы ГУМа актыўна накіроўваюць ў даведку. Урэшце, абыйшоўшы ледзь не ўсе аддзелы ГУМа, іду туды.
Тут пра Tax Free ведаюць, але не ў курсе, калі сістэма пачне дзейнічаць. Адзінае, што дакладна кажуць у "Даведцы", — суму набыткаў. У ГУМе трэба закупіцца на 800 тысяч рублёў, “пра гэта яны самі прачыталі ў газеце”.
Гандлёвы дом "На Нямізе", аддзел жаночага адзення. Пасля доўгіх тлумачэнняў — даводзіла я, што такое Tax Free, прадаўшчыца кліча калегу:
"Падыдзі, я нешта не магу зразумець дзяўчыну, што яна хоча…".
У аддзеле з вопраткай тлумачаць вельмі настойліва:
"Вось вы адкуль? Вось у Літве — Tax Free, а ў нас сваё! Мы пішам на чэку суму вяртання, прастаўляем пячатку, і, пэўна, на вакзале ці ў аэрапорце вяртаеце свае грошы. Гэта ў нас да чэмпіяната свету па хакеі робіцца. Я ў Еўропе бачыла, як гэта робіцца, а ў нас па-свойму”.
У "Даведцы" так і тлумачаць: на чэку пішуць суму звароту і засведчваюць усё пячаткай. А што далей рабіць з гэтым чэкам, у гандлёвым доме… не ведаюць.
У Белмытсэрвісе, які стаў афіцыйным аператарам сістэмы, расказаць, колькі замежнікаў звярнуліся па зварот падатку на дадатковую вартасць, адмаўляюцца, раяць звярнуцца ў Дзяржаўны мытны камітэт. Але і там інфармацыі няма!
"Пастанова аб стварэнні сістэмы была падпісана і сістэма створана. Але "створана" і "працуе" — гэта розныя рэчы".
У Мінгандлю кажуць, што сістэма пакуль прапрацоўваецца: "Магчыма, намеснік міністра казала пра тое, што ёсць аператар, а яе не так зразумелі".
Еўрарадыё: Дык ў гандлёвым доме “На Нямізе” мне сказалі, што яны быццам бы ўжо выпісваюць чэкі Tax Free…
Мінгандлю: "Не можа такога быць! Яны выпісваюць таварныя чэкі! Едзе іншаземец, купляе нешта, і яму трэба правезці праз мяжу — тады яму выпісваюць таварны чэк. Сістэма запрацуе, безумоўна, але да нас аператары не вельмі хочуць ісці — мы ў гэтым як піянеры".
Дарэчы, каб атрымаць зварот падатку на дадатковую вартасць, у Польшчы трэба закупіцца ў адной краме на 200 злотых, ці 560 тысяч беларускіх рублёў, у Літве — на 200 літаў, ці на 600 тысяч рублёў.