Іх норавы: баявыя дроны над Мексікай, нелегальны ботакс і тур ад Джонсана

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Вас раздражняе пытанне "А што здарылася?"? Пакуль вы ўважліва сочыце за навінамі Украіны, раскажам, што адбываецца ў іншых частках свету. Тысячы ўцекачоў з Мексікі, гучная справа аб крыптавалютах і амерыканскіх санкцыях, міграцыйны крызіс у Ла-Маншы.

Што, у свеце нешта здарылася? О так.

 

Вайна за наркотыкі і плантацыі

"Мы знаходзімся ў стане вайны", сказала мексіканская кангрэсвумен Альма Грызэльда Валенсія.

Што? З кім ваюе Мексіка? Ваюе не сама краіна, а злачынныя картэлі на яе тэрыторыі — адзін з адным. І тысячы людзей вымушаныя ўцякаць са сваіх дамоў, калі картэлі пачынаюць высвятляць, хто будзе кантраляваць тэрыторыю — і мясцовыя плантацыі, і патокі наркотыкаў.

Washington Post так расказвае пра жыццё ў адным з раёнаў штата Мічаакан. Дамы зрашэчаныя кулямі, дроны запускаюць бомбы проста над дахамі жылых будынкаў. На вуліцах — міны.

 

Их нравы: боевые дроны над Мексикой, нелегальный ботокс и тур от Джонсона
Мексіка / snl.no

Мы прывыклі, што праблема ўцякацтва — гэта вынік расійскага ўварвання ва Украіну, і Washington Post згаджаецца з нашай карцінай свету. Але расказвае і пра іншую трагедыю: тысячы людзей у Мексіцы вымушаныя ўцякаць са сваіх дамоў. У іх гарады прыйшла не вайна, а ўзброеныя банды.

Людзі вымушаныя або ўцякаць з нібыта мірнай Мексікі — або згаджацца плаціць падаткі картэлям.

 

Міграцыйны крызіс у Ла-Маншы не канчаўся

Усяго паўгода таму ўсе нашы размовы былі пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Тады ж разгортваўся іншы крызіс — у Ла-Маншы. Уцекачы і мігранты спрабавалі перабрацца з Францыі ў Вялікабрытанію — і многія гінулі ў халоднай вадзе.

Цяпер Брытанія прымае цвёрдае рашэнне. Некаторым просьбітам прыстанішча, якія перасякаюць Ла-Манш, могуць выдаваць не від на жыхарства, а білет у адзін канец. У Руанду. Гэта краіна на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі.

У асноўным адпраўляць туды плануюць адзінокіх мужчын, якія нелегальна прыбываюць у Брытанію на лодках або ў грузавіках. Руанда гатовая іх прыняць.

Прэм'ер Брытаніі Борыс Джонсан кажа, што такая схема абыдзецца краіне прыкладна ў 120 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Ён лічыць, што гэтыя меры выратуюць "незлічоную колькасць жыццяў". Маўляў, людзі не будуць ісці на повадзе ў арганізатараў нелегальных тураў, не будуць рызыкаваць жыццём і пускацца ўплаў праз Ла-Манш, ведаючы, што ўсё роўна не змогуць застацца ў Лондане. І выберуць легальны маршрут.

Брытанцы па-рознаму адрэагавалі на такі план урада. Адны слухачы ВВС заступіліся за мігрантаў:

"Гэта сапраўдная ганьба. Здаецца, мы разбурылі ідэю справядлівасці ў нашай краіне. Здаецца, мы больш не хочам быць нацыяй, якая хоча дапамагаць іншым людзям".

Іншыя — за ўрад:

"Давайце паглядзім на рэальнасць. Кантрабандысты будуць працягваць шукаць розныя спосабы, пакуль мы не зламаем іх. Я апладзірую вытрымцы ўрада".

Але не ўсе ўбачылі ў гэтай ідэі шырокі гуманістычны жэст. Арганізацыі, якія абараняюць правы ўцекачоў, план раскрытыкавалі. Ён, па-першае, дарагі, па-другое, малаэфектыўны. Па-трэцяе, у Руандзе сумнеўная сітуацыя з правамі чалавека, хоць Джонсан і назваў гэтую краіну "адной з самых бяспечных у свеце".

 

Таксама мне санкцыі

Калі вы калі-небудзь задаваліся пытаннем "Ну і чым так страшныя гэтыя вашы амерыканскія санкцыі?", у нас ёсць для вас адказ.

Амерыканскі даследчык крыптавалют Вірджыл Грыфіт з'ездзіў у Паўночную Карэю з прэзентацыяй тэхналогій блокчэйна. І атрымаў пяць гадоў амерыканскай турмы. А мог атрымаць штраф мільён долараў і 20 гадоў турмы.

Их нравы: боевые дроны над Мексикой, нелегальный ботокс и тур от Джонсона
Вірджыл Грыфіт / bits.media

Грыфіт адправіўся на канферэнцыю па крыптавалютах у Пхеньян, нягледзячы на тое, што Дзярждэп забараніў яму гэтую паездку. І суд упэўнены, што амерыканец дакладна ведаў, што інфармацыя пра блокчэйн можа быць выкарыстаная карэйскім урадам, каб абысці амерыканскія санкцыі.

Вось што, па звестках пракуратуры, амерыканец казаў у часе прэзентацыі:

"Самая важная асаблівасць блокчэйна заключаецца ў тым, што ён адкрыты. І КНДР не можа заставацца за бортам, што б ні казалі ЗША ці ААН".

Карацей, суд палічыў Грыфіта вінаватым у змове, мэтай якой было парушэнне амерыканскага заканадаўства. Сам амерыканец віну прызнаў і атрымаў мінімальны тэрмін, які ў Штатах належыць за такое парушэнне.

"Суд прызнаў як імкненне Вірджыла прадукцыйна рухацца наперад у сваім жыцці, так і той факт, што ён таленавіты чалавек, які можа шмат што зрабіць", — сказаў адвакат амерыканца.

Грыфіт на самай справе можа шмат больш, чым проста навучыць паўночнакарэйцаў крыптавалютам. Яшчэ студэнтам ён стварыў Wikiscanner. Гэты інструмент дазваляе лёгка знаходзіць сумнеўныя праўкі ў "Вікіпедыі", якія былі зробленыя з камп'ютараў буйных арганізацый. Уключаючы ЦРУ, Міністэрства абароны ЗША, BBC. Сваю місію ў гэтай распрацоўцы ён апісаў як "стварэнне невялікіх піяр-катастроф для кампаній і арганізацый, якія мне не падабаюцца".

Калі вам падабаецца серыял "Містар Робат", вам спадабаецца артыкул пра Грыфіта ў "Вікіпедыі". Можаце праверыць, калі ў яе ўносіліся апошнія "сумнеўныя" праўкі.

 

Ілану Маску мала космасу

Яму патрэбен яшчэ і твітар. Увесь твітар.

Ілан Маск больш не хоча проста пісаць у сацсетку — ён хоча яе купіць. Каля двух тыдняў таму Маск купіў акцыі гэтай сеткі мікраблогаў, а цяпер хоча завалодаць усімі ста адсоткамі, піша The Verge.

Их нравы: боевые дроны над Мексикой, нелегальный ботокс и тур от Джонсона

"Твітар мае выключны патэнцыял, і я яго разблакую".

Ілан Маск

Маск разблакуе не толькі патэнцыял твітара, але, магчыма, і некаторых заблакаваных кампаніяй персанажаў. Таму што, як упэўнівае, не цярпіць кампрамісаў у пытаннях свабоды слова.

Напрыклад, нядаўна Маск адмовіўся блакаваць расійскія медыя ў сваёй інтэрнэт-сетцы старлінк. Так што, магчыма, калі Ілан атрымае твітар, то Дональд Трамп атрымае назад свой акаўнт.

 

Свабода ўкалоць ботакс

Напэўна вы не з тых, каго можна супакоіць фразай "А ў Туркменістане яшчэ горш". Але сур'ёзна, у Туркменістане са свабодай усё яшчэ горш. Жанчынам пачалі забараняць "уколы прыгажосці" і іншыя бьюці-працэдуры. Пакаранне — ад штрафу да адміністрацыйнага арышту, піша Esquire са спасылкай на мясцовае выданне Zakon.kz.

Супрацоўнікі паліцыі ўжо ходзяць па салонах і паведамляюць, што контурная пластыка, накладныя пазногці і павялічаныя вусны цяпер па-за законам. Пятнаццаць сутак за ботакс у Беларусі яшчэ не давалі — адчуйце смак свабоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі