Іх норавы: плацінавы юбілей каралевы, шутынгі ў ЗША, 100 дзён вайны
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Маці, накрывай на стол: у эфіры зноў традыцыйны агляд навін ад Еўрарадыё. Кожны тыдзень мы спрабуем злавіць у хуткай плыні навін нешта істотнае, але адцягненае ад асноўных тэм. У гэтым выпуску раскажам пра ўрачыстасці з нагоды плацінавага юбілею брытанскай каралевы, пра шутынгі ў ЗША, 100 дзён вайны ва Украіне і пра навукоўцаў, якія вырашылі, што ўсе важныя рашэнні трэба прымаць адразу пасля сексу.
Урачыстасць і гулянні: у Брытаніі святы — каралева адзначае плацінавы юбілей
Брытанцам пашанцавала: пакуль мы з вамі працавалі, учора і сёння яны адпачывалі. Нагода — першы ў гісторыі брытанскай манархіі плацінавы юбілей — 70 гадоў кіравання каралевы Лізаветы ІІ. Мільёны людзей выйшлі на вуліцы, каб прыняць удзел у святочных урачыстасцях.
"Я працягваю натхняцца добразычлівасцю, якую праяўляюць да мяне, і спадзяюся, што ў найбліжэйшыя дні мы ўсе зможам па заслугах ацаніць дасягненні апошніх 70 гадоў, гледзячы пры гэтым у будучыню з упэўненасцю і энтузіязмам", — сказала каралева ў сваім пасланні да народа.
Дзясяткі чалавек правялі ноч у намётах, загарнуўшыся ў брытанскія сцягі, на вуліцы Мэл, якая вядзе да каралеўскага палаца, каб першымі апынуцца ў самым цэнтры падзей.
Але не ўсё пайшло гладка: раптам Лізавета II паведаміла, што прапусціць набажэнства з нагоды 70-годдзя кіравання праз "дыскамфорт" у першы дзень святкаванняў. Відаць, праз вялікую нагрузку ў першы дзень у Лізаветы зноў з'явіліся праблемы з нагамі, піша журналіст Бі-бі-сі Шон Кофлан, які асвятляе навіны каралеўскай сям'і. Нацыянальнае набажэнства дзякавання ў саборы Святога Паўла было для каралевы прыярытэтным мерапрыемствам гэтага тыдня, яна "з вялікай неахвотай" прыняла рашэнне прапусціць набажэнства.
The Queen has joined Prince William in the lighting of the Principal Beacon - one in 3,500 beacons being lit around the UK and Commonwealth to mark her #PlatinumJubilee.
— Sky News (@SkyNews) June 2, 2022
Latest: https://t.co/G2M01zEVdq
Sky 501, Virgin 602, Freeview 233 and YouTube pic.twitter.com/107WwOGnEn
А сёння брытанцы асвісталі Борыса Джонсана, які прыехаў на святкаванне 70-годдзя кіравання англійскай каралевы. Тыя, хто сабраўся перад саборам Святога Паўла ў Лондане, сустрэлі брытанскага прэм'ера і яго жонку свістам і крыкамі.
Магчыма, рэч у апублікаваных выніках расследавання вечарынак з удзелам Джонсана, якія праходзілі ў разгар лакдаўну. Прэм'ер папрасіў прабачэння за гэта і сказаў, што бярэ на сябе адказнасць. The Guardian пісала, што ён можа пакінуць пасаду, калі за гэта прагаласуюць дэпутаты ў Палаце абшчын. Іх норавы, карацей.
Шутынгі ў ЗША
На тыдні адбылося аж тры шутынгі ў ЗША. Спачатку мужчына адкрыў стральбу на выпускным у кампусе Універсітэта Ксаўе ў Новым Арлеане. Потым у амерыканскім штаце Аклахома адбылася страляніна на мерапрыемстве ў гонар Дня памінання.
А ўчора ў Аяве стралок забіў дзвюх жанчын на царкоўнай паркоўцы і застрэліўся.
Гэта адбылося на фоне таго, як прэзідэнт Джо Байдэн выступіў з прамовай пра гвалт з ужываннем агнястрэльнай зброі пасля масавых расстрэлаў апошніх тыдняў.
We need to:
— President Biden (@POTUS) June 2, 2022
Ban assault weapons — and if we can’t, then we should raise the age to purchase them from 18 to 21.
Ban high-capacity magazines.
Strengthen background checks.
Enact safe storage laws and red flag laws.
Repeal gun manufacturers’ immunity from liability.
У выніку гэтых шутынгаў, якія ўзрушылі Амерыку, загінулі 10 цемнаскурых жыхароў штата Нью-Ёрк, 19 дзяцей і два настаўнікі ў Тэхасе, два лекары, адміністратар і пацыент у Аклахоме. За дзесяць гадоў у ЗША адбылося больш за 900 выпадкаў масавай страляніны.
100 дзён расійска-ўкраінскай вайны
Сёння 100-ы дзень з пачатку вайны. У самым пачатку нельга было і ўявіць, што ўсё так зацягнецца. Выданне Associated Press падвяло вынікі, коратка пройдземся па іх.
Колькасці ахвяр на самай справе ніхто не ведае. "Прынамсі дзясяткі тысяч": толькі ў Марыупалі забіта 21 тысяча мірных жыхароў. Да ўсяго Украіна заяўляе аб гібелі 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Разбурана 38 тысяч жылых дамоў, без прытулку засталіся 220 тысяч чалавек. Пашкоджана або знішчана 1900 навучальных устаноў, 300 аўтамабільных і 50 чыгуначных мастоў, 500 заводаў і каля 500 лякарняў. Паводле ацэнак ААН, каля 6,8 млн чалавек былі вымушаныя пакінуць Украіну. У краіну вярнулася каля 2,2 млн чалавек.
На Расію накладзена больш за 5000 санкцый — больш, чым на любую іншую краіну. Каля $300 млрд расійскіх золатавалютных рэзерваў замарожаныя. Больш за 1000 кампаній згарнулі сваю дзейнасць у РФ. Украіна паведамляе пра "ашаламляльны эканамічны ўдар": вайна знішчыла 35% ВУП, прамыя страты сёння перавышаюць $600 млрд.
Навошта ім усё гэта трэба было?
Навукоўцы: важныя рашэнні лепш прымаць адразу пасля сексу
Брытанскія секс-эксперты заявілі пра тое, то найлепшы момант для прыняцця складаных рашэнняў і рашэнняў, якія патрабуюць крэатыўнасці, — адразу пасля сексу. Прычым правіла працуе больш для мужчын. Навукоўцы лічаць, што рэч у тым, што посткаітальны стан — гэта такі гарманальны дзэн.
Адразу пасля сексу арганізм атрымлівае дозу з трох гармонаў: дафаміну, эндарфіну і аксітацыну. Усе яны прымушаюць вас адчуваць сябе добра, а таксама больш засяроджана, больш ураўнаважана. Акрамя гэтага, зніжаецца ўзровень гармону стрэсу — картызолу. І ўся гэтая сумесь дапамагае ліквідаваць празмерны ўнутраны дыялог. Гэта дапамагае здабыць ясную галаву, пазбавіцца ад ментальнага туману і бар'ераў, якія перашкаджаюць мець цвярозы розум.
Французскім чыноўнікам забаранілі англамоўны геймерскі жаргон. Пад забаронай — "кіберспорт" і "стрымер"
Старасць французскіх чыноўнікаў узяла верх над розумам, і яны вырашылі, што геймерскі жаргон уяўляе пагрозу моладзі і прымушае дэградаваць мову краіны. Meh. Яны прапанавалі замяніць словы "стрымер", "геймер" і "кіберспорт" на французскія аналагі.
Французская акадэмія гучна заявіла, што трэба пазбегнуць "дэградацыі, якую пакуль яшчэ можна спыніць", і дала спіс тэрмінаў, якія трэба лічыць непажаданымі. Карацей, "геймера" прапанавалі замяніць на joueur professionnel — "прафесійны гулец", "стрымера" на joueur-animateur en direct — "гулец-аніматар у жывым эфіры". Самым крынжовым стаўся пераклад слова eSports. Яно ператварылася ў jeu video de competition — "відэагульнявое спаборніцтва".
Змены ўнеслі і зрабілі абавязковымі для чыноўнікаў. Цяпер яны абавязаны будуць выкарыстоўваць словы ў духу "гулец-аніматар у жывым эфіры" замест простага "стрымер". Іх норавы, што тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.