“Іпэшнікі” заплацяць у сацыяльны фонд па 7 мільёнаў, нават калі не працуюць

Унёскі ў сацыяльны фонд абароны насельніцтва індывідуальныя прадпрымальнікі плацяць самі, незалежна ад таго, быў даход ці не. Такія змены дзейнічаюць з пачатку года, а заплаціць трэба да 1 сакавіка 2015-га.

“Гэта цалкам для ўсіх. Плаціцца да 1 сакавіка за папярэдні год. Таму сума немалая. Адзінае, калі вы прыпыніце сваю дзейнасць афіцыйна, тады не трэба”, — раяць у мінскім гарадскім упраўленні сацыяльнай абароны насельніцтва.

Калі падлічыць, то сума страхавых унёскаў за кожны месяц для любога іпэшніка — больш за паўмільёна. За год набягае амаль 7 мільёнаў.

Але ёсць выключэнні.

“Тыя, хто працуе па працоўнай дамове, тыя, хто атрымоўвае пенсіі, замежнікі і тыя, хто вучыцца на бюджэтным аддзяленні. Яны могуць не аплачваць па жаданні”, — пералічваюць у фондзе сацыяльнай абароны тых, каму пашанцуе.

Прадпрымальнікі атрымаюць вялікія запазычанасці, прагназуе прадпрымальнік Алесь Макаеў.

“Некалькі дзясяткаў тысяч “іпэшнікаў” не працуюць цяпер. Падобная сітуацыя была ў 2004-2005 гадах, калі фонду былі вінныя 50 тысяч прадпрымальнікаў. Тады на некаторых прадпрымальнікаў выходзіла 1,5 — 2 тысячы долараў”, — прыгадвае Алесь Макаеў.

Пытанне ўздымалася не раз — безвынікова, падсумоўвае адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка:

“Адзінае, калі на бальнічным — за гэты тэрмін не плаціш. Але і гэта не заўжды дапамагае”.

Па стане на 12 красавіка 2013 года ў базе даных Адзінага дзяржаўнага рэгістра было 829 481 ІП, з якіх 256 408 — дзеючыя. Але унёсак у 7 мільёнаў за год цяпер трэба плаціць усім.

Фота: odsgomel.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі