Каб быць лідарам жніва, трэба парушаць працоўнае заканадаўства?
“Але ж ніхто не прымушае”. Еўрарадыё паглядзела, як можна стаць найлепшым камбайнерам.
Камбайнер з гаспадаркі “Александрыйскае” (Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён) Міхаіл Байдакоў разам з сынам Сяргеем прыкладна за два тыдні намалаціў болей за 6000 тон зерня. Выпытваю сакрэты лідарства ў першых камбайнераў па краіне.
“Камбайн не ламаўся, працую ад рання да ночы. Кладуся спаць а другой ночы, устаю а пятай!” — нечакана прызнаецца Міхаіл Байдакоў.
Тры гадзіны на сон і лепшы па краіне вынік?! А як жа працоўнае заканадаўства і час на адпачынак?
У аддзеле кадраў гаспадаркі “Александрыйскае” распавядаюць, што падчас жніва па гаспадарцы выдаецца лакальны дакумент — камбайнер можа працаваць з 6-й раніцы да 8-й вечара! То бок 12-14 гадзін на дзень!
“Па годзе ў іх агульныя паказчыкі — яны выпрацоўваюць 2016 гадзін, але падчас уборачнай выдаецца лакальны дакумент па гаспадарцы, дзе прапісваюцца новыя нормы. За дадатковую працу даплачваецца 40%”, — кажуць у гаспадарцы. Заўважаюць, што падчас жніва камбайнер за 12 дзён можа зарабіць 20 мільёнаў. Падчас пасяўной механізатары працуюць меней — з 7.30 да 15.00 з абедам.
Еўрарадыё спытала ў іншых лідараў жніва, ці можна намалаціць 6000 тон збожжа, не парушаючы заканадаўства. І нечакана даведваюся, што ніхто з іх працоўную дысцыпліну не вытрымлівае. Камбайнеры адзначаюць, што парушаюць усе, і замест 12-14 гадзін, як выпісана ў пуцёўцы камбайнеру, працуюць па 15-16 гадзін на суткі, а то і болей.
“Бо калі надвор’е стаіць, чаму не папрацаваць? Ніхто не прымушае так працаваць, але хочацца і камбайн паглядзець, каб не прастойваць у полі”, — кажуць камбайнеры.
Адзначаюць: каб намалаціць столькі збожжа, трэба, каб было некалькі фактараў.
“Мо ў іх поле нейкае добрае, ураджайнасць, бо не сакрэт, што ў гэтым годзе ўраджайнасць ніжэйшая мо на 30%”, — разважае хлебароб.
Але калі камбайнер з Мінскай вобласці, які працуе на “Лексіёне” апошняй маркі, чуе, што лідары жніва працуюць на даволі састарэлым камбайне — “Лексіён-580”, спачатку не верыць, а потым выказваецца:
“Ну яны героі! Мо адзін адпачывае, а іншы працуе…”.
Камбайнер з Гродзенскай вобласці на такі вынік чамусьці пачынае хітра смяяцца: “Калі намалацілі, значыць можна столькі і сапраўды намалаціць”. І нечакана выдае сакрэт лідарства:
“Але, пэўна, усе машыны гаспадаркі на іх працавалі, каб камбайн не прастойваў”.