Кватэры нікому не патрэбныя, бо няма крэдытаў. Але кошты не падаюць

Па словах рыэлтараў, крэдытамі карысталіся 80% пакупнікоў кватэр, якія цяпер засталіся без банкаўскай падтрымкі Колькасць здзелак па куплі-продажы жытла ў Мінску ў кастрычніку знізіліся амаль удвая. Вось вам уплыў сусветнага крызісу на Беларусь. Старшыня асацыяцыі “Нерухомасць” Мікалай Прасталупаў кажа, што прапанова кватэраў у Мінску засталася на ранейшым узроўні: прыблізна 7—8 тысяч кватэраў на рынку другаснага жытла. А вось попыт рэзка знізіўся. Па словах эксперта, попыт зараз на ўзроўні горшых часоў.

Мікалай Прасталупаў: У сувязі з тым, што колькасць здзелак на другасным рынку нязначная, не змяншаецца і колькасць прапановаў. Але і новыя не прыходзяць. Прыкладна на такім узроўні і трымаецца. Попыт знізіўся практычна да такога стану, як у горшыя часы было.

Людзі перастаюць купляць жытло, бо не могуць узяць крэдыты. Банкі даюць малыя сумы пад вялікія адсоткі. А крэдытамі, па словах аналітыка, карысталіся каля 50% пакупнікоў. Начальніца аддзелу па куплі-продажы жытла групы кампаній “Твая сталіца” Святлана Кудзелка назвала Еўрарадыё яшчэ вышэйшую лічбу – каля 80% кліентаў карысталіся крэдытамі!

Святлана Кудзелка: Увогуле ў нас апошнім часам амаль 80% пакупнікоў было з крэдытам. Цяпер сітуацыя такая ж. Адно што зараз дарагія кватэры непапулярныя, бо людзям не даюць вялікія крэдыты. А на недарагія кватэры, калі чалавек прадае нешта сваё і яму невялікая даплата патрэбная ў выглядзе крэдыту, ён можа атрымаць 20—30 тысяч у банку. Вось такія варыянты зараз найбольш папулярныя…

Па словах рыэлтара, пакупнікі на рынку нерухомасці зараз купляюць кватэры толькі па вострай неабходнасці. Аднак вялікага падзення коштаў на кватэры чамусьці не прагназуецца.

Святлана Кудзелка: Як можна казаць падчас крызісу пра нейкія папулярнасці?! Каму трэба вырашаць пытанне, той яго вырашае. “Мыльнай бурбалкі” ў нас не было – цэны не былі завышаныя, як у Расіі. Таму абвалу коштаў не прадбачыцца. Але паніжэнне кошту ёсць. Атрымліваецца, карыстаецца перавагамі тая кватэра, якая пры аналагічных параметрах крыху-крыху танней каштуе, чым усе астатнія такога ж плана…

З тым, што вялікага падзення коштаў на жытло не будзе, згодны і Мікалай Прасталупаў. Прычына простая — людзям няма дзе жыць.

Мікалай Прасталупаў: У чэргах стаяць сотні тысяч сем’яў – і ў Мінску, і ў Беларусі. Таму з аднаго боку, попыт значна паменшыўся, але з другога боку – праблема паглыбляецца. Грамадзяне не могуць вырашыць свае жыллёвыя пытанні, таму попыт адкладаецца… Таму тут дзве супярэчлівыя тэндэнцыі.

Па словах эксперта, большасць прадаўцоў кватэраў адначасова з’яўляецца і пакупнікамі: замест сваіх кватэраў яны купляюць іншае жытло. Аднак у гэтым плане іх магчымасці абмежаваныя ўсё тымі ж недасяжнымі банкаўскімі крэдытамі…


Фота — http://kaluzhskoe.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі