Лешак Бальцаровіч: Без змены палітыкі новага крызісу Беларусі не пазбегнуць

Досвед эканамічных рэформ нашых краін-суседак з ініцыятарамі гэтых рэформаў прапанаваў абмеркаваць беларускім экспертам Рух “За свабоду”. З гэтай нагоды ў Мінску была арганізаваная міжнародная канферэнцыя “Праграма пераўтварэнняў для Беларусі: рэгіянальны досвед і выклікі”, якая ад самага пачатку не абышлася без скандалу — арганізатарам у памяшканні адмовілі ўсе сталічныя гатэлі, і збірацца ўдзельнікі вымушаныя былі ў амбасадзе Вялікабрытаніі.



Расказаць беларусам, як праходзілі рэформы ў іх краінах, прыехалі былыя віцэ-прэм’ер Польшчы, “бацька” польскай “шокавай тэрапіі” прафесар Лешак Бальцаровіч, намеснік міністра эканомікі Эстоніі Эрык Тэрк, упаўнаважаны ўраду Славацкай рэспублікі па ўвядзенні еўра Ігар Барат, намеснік старшыні Камітэта па бюджэце і рэформах сейма Літвы Кястуціс Главяцкас, беларускія эканамісты, палітыкі і палітолагі.



Лешак Бальцаровіч, які распавядаў пра тое, як праходзілі “змены ў постсацыялістычных краінах Цэнтральнай Еўропы”, падзяліўся з прысутнымі сваёй галоўнай высновай.



Лешак Бальцаровіч: “Я цікавіўся рэформамі ў розных краінах і прыйшоў да высновы, што ад сацыялізму немагчыма адыйсці павольна і маленькімі крокамі. Неабходна хутка зрабіць шмат розных зменаў. І найперш ліквідаваць палітычную залежнасць — правесці вялізную лібералізацыю”.



Тым не менш, былы віцэ-прэмьер і старшыня Нацбанка Польшчы прызнаецца: ён не любіць, калі прапанаваную ім эканамічную рэформу называюць “шокавай тэрапіяй”.



Лешак Бальцаровіч: “Бо калі так казаць, то людзі баяцца, яны думаюць, што гэта электрычны шок, як у псіхіятрыі. Таму я заўжды казаў пра радыкальны падыход”.



І пераносячы “радыкальны падыход” у эканамічных рэформах Польшчы на Беларусь, дае па просьбе Еўрарадыё параду патэнцыйным беларускім рэфарматарам. З адначасовым прагнозам, што чакае нашу эканоміку, калі яе не рэфармаваць.



Лешак Бальцаровіч: “Большасць эканомікі ў Беларусі знаходзіцца ў руках дзяржавы. А дзяржаўная ўласнасць ні ў адной краіне не паказала сябе эфектыўнай. Бо такая ўласнасць знаходзіцца пад уплывам палітыкі. І без скарачэння долі дзяржаўнай уласнасці шляхам прыватызацыі я не бачу ніякага спосабу, каб пазбегнуць стагнацыі. Калі глядзець на лічбы, то можна перасцерагацца, што сцэнарый крызісу 2011 года можа паўтарыцца: грашовыя рэзервы малыя і яны скарачаюцца, дэфіцыт плацёжнага балансу вялікі. І я не бачу без зменаў палітыкі, як пазбегнуць паўтарэння таго, што ўжо было — вялікага макраэканамічнага крызісу”.



Праўда, адказваць на пытанне, чаму, на яго погляд, беларускія ўлады не ідуць на правядзенне сапраўдных рэформ у эканоміцы, адмаўляецца.



Досведам Эстоніі ў правядзенні прыватызацыі з удзельнікамі мерапрыемства падзяліўся былы намеснік міністра эканомікі Эрык Тэрк. Па яго словах, галоўнае, каб прыватызацыя прадпрыемстваў не праводзілася праз іх профільныя міністэрствы — каб пазбегнуць карупцыі.



Эрык Тэрк: “Прыватызацыя заўжды працэс вельмі палітычна адчувальны: хто будзе новым уласнікам?У нас атрымалася ўдала. Мы дапусцілі да прыватызацыі ў роўных прапорцыях тры групы ўдзельнікаў: мэнэджары і супрацоўнікі гэтых прадпрыемстваў, мясцовыя прадпрымальнікі і замежныя інвестары. Атрымалася так, што ўсе тры групы мелі добры доступ да прыватызацыі. І пытанняў, чаму вы прадалі замежнікам ці былым дырэктарам, практычна не ўзнікала”.



Увогуле, канферэнцыя атрымалася даволі цікавая. Адказны за працэс увядзення еўра ў Славакіі Ігар Барат распавёў, як яго каманда рыхтавала і пераводзіла краіну на еўрапейскую валюту. Літоўскі парламентарый Кястуціс Главяцкас — пра “выклікі і рызыкі працоўнай міграцыі з краіны пры рэфармаванні эканомікі Літвы”, былы старшыня беларускага Нацбанка Станіслаў Багданкевіч — чаму эканамічныя рэформы, нібыта распачатыя ў нашай краіне ў пачатку 1990-х гадоў, не атрымалі працягу. І яшчэ шмат цікавага. Шкада, што прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў, запрошаныя на канферэнцыю, так на яе і не прыйшлі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі