Літоўская паліцыя: Ператрус — толькі пасля судовага рашэння

Рабіць ператрусы цяпер можна без ордэра пракурора. Такое права дае беларускім сілавікам новы законапраект, прыняты Палатай прадстаўнікоў. А вось у Еўропе такія паўнамоцтвы не без падставаў лічаць антыдэмакратычнымі Праслухоўваць, рабіць ператрусы і нават браць пад варту ў Беларусі можна будзе без папярэдняга дазволу пракурора. Паводле новых заканадаўчых паправак, для гэтага хопіць і згоды старшыні КДБ, дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў ці міністра ўнутраных спраў. Аўтары законапраекта стараюцца супакоіць: маўляў, такія меры будуць прымацца толькі ў выключных выпадках. То бок у цяжкіх, асабліва цяжкіх і карупцыйных справах.
Між тым, праваабаронцы папярэджваюць, што рэжым будзе выкарыстоўваць новыя паўнамоцтвы як сродак барацьбы з “палітычнымі ворагамі”.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці падобным механізмам карыстаюцца нашыя еўрапейскія суседзі.  Як высветлілася, у Літве ператрусы і праслухоўванні можна праводзіць толькі пасля таго, як суд выдасць адпаведнае рашэнне. Пра гэта нам паведамілі ў прэс-службе Дэпартамента паліцыі Літвы.

Супрацоўнік прэс-службы Дэпартамента:
“Патрэбныя санкцыі суда. Без іх нельга рабіць такога, нельга праслухоўваць”.

Падобным жа чынам сітуацыя выглядае і ва Украіне, запэўніў нас начальнік Дэпартамента аператыўна-тэхнічных захадаў МУС Украіны Ўладзімір Куйбяда:

“Суд выдае адпаведнае пастанаўленне. Гэта ўсё прапісана ў нашых законах. І выключэнняў ніякіх няма ў нас ва Ўкраіне”.

Паводле польскага заканадаўства, для ператрусаў і праслухоўванняў таксама неабходна мець санкцыі пракурора. Праўда, адно выключэнне ў крымінальным кодэксе ўсё ж ёсць, даведаліся мы ад прэс-сакратаркі Польскай нацыянальнай пракуратуры Катажыны Шэскай:

“У неадкладных сітуацыях, калі суд ці пракурор не маглі выдаць адпаведную пастанову, орган, які праводзіць ператрус, напрыклад паліцыя, павінен прадставіць загад кіраўніка сваёй адзінкі і службовае пасведчанне. А пасля правядзення ператрусу тэрмінова звярнуцца да пракурора ці ў суд, каб там пацвердзілі дзеянні паліцыі”.

Асоба, у якой правялі ператрус, павінна атрымаць гэтае пацверджанне цягам 7 дзён.

Між іншым, паводле новага беларускага законапраекта, пракурор нават не можа адмяніць пастанову аб ператрусе ці праслухоўванні. А адзіная магчымасць яе апратэставаць – судовае разбіральніцтва.

Тэарэтычна, такія паўнамоцтвы сілавых органаў парушаюць правы чалавека, кажа супрацоўніца Міжнароднага сакратарыяту руху Amnesty International у Лондане Лідзія Аройё. Аднак адзіных стандартаў у гэтай галіне няма, таму і законы ў кожнай краіне свае.

Лідзія Аройё: “У прынцыпе, канешне, гэта парушэнне правоў чалавека, калі без судовага разбіральніцтва могуць праслухоўваць тэлефоны. Ведаеце, гэта па-іншаму ў кожнай краіне. Я вось ведаю, што ў Вялікабрытаніі для гэтага патрэбныя санкцыі пракурора”.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі