Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі казаў пра тавары ЕС, якія "хлынуць" з Украіны
16 снежня Аляксандр Лукашэнка праводзіць у Мінску нараду з сілавікамі. На ёй абмяркоўваецца "сітуацыя бяспекі Беларусі", а таксама "пытанні асобных ведамстваў". Генерал-маёр Станіслаў Зась, дзяржсакратар Савета бяспекі, выступіў на тэму дзейнасці праваахоўных органаў, гаварыў пра бяспеку, пра магчымасці ўдасканалення накірункаў дзейнасці сілавога блоку.
Як інфармуе БЕЛТА, ва ўступным слове Лукашэнка гаварыў, што "нельга ўпускаць сітуацыю з Украінай". Тым больш пасля таго, як МУС затрымлівае на вакзале "незразумелых людзей" (маецца на ўвазе нядаўняе затрыманне міліцыяй у Мінску беларуса, які вярнуўся з Данбаса).
На нарадзе гаворка ішла пра далейшае ўмацаванне паўднёвай мяжы Беларусі. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў прысутных, што з 1 студзеня пачынае дзейнічаць пагадненне Украіны з Еўрасаюзам. Паводле яго слоў, на гэта звяртаў увагу Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве. Ён казаў, што ўзнікнуць рызыкі і для Расіі, і для Беларусі з Казахстанам.
Лукашэнка кажа, што ў Беларусі хапае і сваіх праблемаў у эканоміцы. А калі яшчэ хлынуць тавары з ЕС, якія будуць увозіцца па нулявой стаўцы ва Украіну, тады ўзнікнуць дадатковыя праблемы.
"Таму ўсё, што мы рабілі па ўмацаванню паўднёвай мяжы нашай краіны ў плане бяспекі і эканомікі, аказалася сёння запатрабаваным", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Здымак з архіву. Фота: БЕЛТА, espreso.tv