Маладую спецыялістку перавялі на трохдзёнку пад пагрозай звальнення

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнулася маладая спецыялістка, якую перавялі на трохдзённы працоўны тыдзень.

“І так аклад толькі 2,5 мільёны рублёў, але нават яго не выплачвалі са снежня. А цяпер яшчэ і чатыры выходныя ўвялі, а з імі, натуральна, і змяншэнне заробку”, — абураецца Дар’я.

Дырэктарка некалі буйнога і прыбытковага сталічнага Праектнага інстытута, дзе праходзіць размеркаванне дзяўчына, прапанавала маладой супрацоўніцы падпісаць “Дадатковае пагадненне да кантракта”. Паводле яго выходнымі днямі прызначаюцца чацвер, пятніца, субота і нядзеля. Астатнія часткі кантракта застаюцца без зменаў.

Па словах юрысткі Асамблеі незалежных прафсаюзаў Алены Язьковай, усе гэтыя “трохдзёнкі” ў прынцыпе незаконныя. Наймальнікі цяпер часта спасылаюцца на 32 артыкул працоўнага кодэкса і называюць устанаўленне няпоўнага працоўнага часу “істотнымі зменамі ўмоваў працы”. Але ёсць жа і 118 артыкул “ПК”, дзе гаворыцца пра тое, што няпоўны працоўны час усталёўваецца паводле пагаднення паміж супрацоўнікам і наймальнікам.

“Але ў самім кантракце звычайна прапісваецца, што Наймальнік абяцае забяспечыць работніка працай з нармальнай працягласцю працоўнага часу. Натуральна, калі прымае яго на поўную стаўку, — пераходзіць ад Працоўнага кодэкса да нашых рэаліяў Алена Язькова. — У гэтым выпадку, калі пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень, тры дні лічацца працоўнымі, а два дні — гэта ўжо прастой, за які прадпрыемства мусіць выплачваць 2/3 тарыфнай стаўкі акладу”.

Менавіта так робяць на буйных прадпрыемствах кшталту МАЗа ці МТЗ, бо не наважваюцца абыходзіцца з супрацоўнікамі так, як абышліся з нашай гераіняй.

Здараецца і такое, што супрацоўнікаў на гэтыя два дні прымушаюць пісаць адпачынкі за свой кошт. Такое можа быць ініцыявана наймальнікам, але выключна са згоды працаўніка. Адпаведна, калі ён не пагодзіцца, прадпрыемства будзе вымушанае аплачваць яму прастой. “Усё лепш, чым увогуле нічога, ды яшчэ і без усялякіх бальнічных”, — рэзюмуе Алена Уладзіміраўна.

Калі нашай гераіне прапанавалі падпісаць “Дадатковае пагадненне да кантракту”, яе папярэдзілі, што ў выпадку адмовы звольняць па артыкуле за нязгоду са зменамі ў працоўным распарадку. Падпісвалі ўсе супрацоўнікі, натуральна, падпісала і Дар’я.

“Гэта ўвогуле ціск! — адразае юрыстка Асамблеі незалежных прафсаюзаў. — Маладога спецыяліста за парушэнне працоўнай дысцыпліны звольніць могуць, але гэта ж трэба даказаць. Яго трэба прыцягнуць да адказнасці, узяць тлумачэнні. А гэтае прыцягненне да адказнасці можна аспрэчыць. Так што гэта быў проста ціск на яе і яна на яго павялася. Бо за разавае парушэнне працоўнай дысцыпліны маладога спецыяліста не звольніш. Яны маглі б толькі папярэдзіць за 7 дзён і звольніць яе як не згодную з істотнымі зменамі ўмоваў працы. Але яны наўрад ці пайшлі б на гэта”.

У пункце 20 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда РБ ад 29.03.2001 № 2 прадугледжана, што змена істотных умоваў працы, урэгуляваная артыкулам 32 Працоўнага кодэкса, павінна быць абгрунтавана вытворчымі, арганізацыйнымі ці эканамічнымі прычынамі, якія праявіліся ў рацыяналізацыі працоўных месцаў, змене тэхнікі і тэхналогіі вытворчасці, увядзенні новых формаў арганізацыі працы ды ўдасканаленні працоўных месцаў на аснове атэстацыі. Нічога з пералічанага нашай сітуацыі не датычыцца.

“Адно толькі тое, што ёй ужо столькі часу не выплачваюць заробак — сур’ёзнае парушэнне, — працягвае Алена Язькова. — Асабліва ў дачыненні да маладога спецыяліста. Калі б Дар’я захацела не адпрацоўваць размеркаванне і звольніцца, то дастаткова звярнуцца ў Інспекцыю працы, каб тыя ўстанавілі, што заробак не выплачваўся. Наймальнік яшчэ і аштрафаваны будзе, бо ёсць жа пастанаўленне, дзе выплата заробкаў абавязковая”.

Праўда, ці можа Дар’я цяпер скасаваць ужо падпісанае “Дадатковае пагадненне да кантракта”, юрыст сказаць не можа, бо трэба пазнаёміцца з усімі дакументамі. Алена Язькова папярэджвае, што такія паперы не варта падпісваць без парадаў са спецыялістамі.

Спадзявацца на выплату штрафу сталічным Праектным інстытутам ці выплату заробкаў не даводзіцца. За апошнія месяцы памяшканні офісаў не раз апячатваліся, тэлефоны адключаныя за неўплату, а людзі працуюць пераважна без святла. Добра, што цяпер світае рана і цямнее позна, ёсць верагоднасць, што дадатковых пагадненняў на скарачэнне працоўных гадзінаў не будзе. 

“Гэта ж нейкі жах! І вось на гэтым фоне выдаюцца дэкрэты наконт сацыяльных утрыманцаў!” — падводзіць рысу Алена Уладзіміраўна

Дарэчы, па невядомых прычынах “Белстат” не ўнёс Праектны інстытут, дзе працуе Дар’я, у “Пералік мінскіх арганізацый, якія дапусцілі пратэрмінаваную запазычанасць па заработнай плаце ў 2015 годзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі