Міліцыя па-ранейшаму выкарыстоўвае “эксперыменты” і адмяняць іх не хоча
Былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спрабавалі, але не здолелі забараніць міліцыянтам праводзіць “аператыўныя эксперыменты”, таму следчыя па-ранейшаму імі карыстаюцца. А дэпутаты новага склікання абмяркоўваць законнасць такіх эксперыментаў пакуль не збіраюцца. Днямі міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў выказаўся ў абарону аператыўных эксперыментаў, якія праводзяцца яго падначаленымі. Паводле слоў міністра, без гэтых эксперыментаў вельмі складана раскрываць такія “найбольш складаныя злачынствы, як хабарніцтва і звязаныя з наркотыкамі”. Між тым, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян сцвярджае, што дэпутаты ў свой час забаранілі правядзенне такіх эксперыментаў.
Сяргей Касцян: “Мы пісьмова ўнеслі папраўку ў закон аб забароне гэтых эксперыментаў. І прэзідэнт нас, практычна, падтрымаў”.
Дэпутаты мінулага склікання сапраўды ўнеслі папраўку ў закон, якая забараняла б правядзенне аператыўных эксперыментаў. Але так і не прынялі яе. А ў планах новых дэпутатаў гэтае пытанне пакуль не стаіць. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Анфім Міхалевіч.
Анфім Міхалевіч: “У нас па гэтым пытанні пакуль нічога няма”.
Такім чынам, праваахоўнікі працягваюць выкарыстоўваць у сваіх следчых дзеяннях аператыўныя эксперыменты. Паводле слоў кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Генадзя Вярцінскага, яны дазволеныя.
Генадзь Вярцінскі: “Эксперымент цяпер дазволены, але павінен праводзіцца ў строгай адпаведнасці з законам”.
Між тым, у СМІ неаднаразова з’яўлялася інфармацыя пра тое, як у выніку такіх “эксперыментаў” за краты траплялі людзі, якіх міліцыянты проста “падставілі”. Пра адзін такі “эксперымент”, звязаны са студэнткай Гродзенскага ўніверсітэта Маргарытай Царан, паведамляла Еўрарадыё. Нагадаем, мэтай эксперыменту было выкрыццё і затрыманне выкладчыка ўніверсітэта, які прадаваў студэнтам наркотыкі. Па просьбе свайго знаёмага, які супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі, дзяўчына набыла ў выкладчыка “дозу”. У выніку яна патрапіла ў Мазырскую жаночую калонію строгага рэжыму, а выкладчык уцёк.
Неаднаразова, яшчэ будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, супраць такіх “аператыўных эксперыментаў” выступаў Сяргей Касцян. Асабліва жорстка пасля таго, як яго знаёмую, старшыню Прудкоўскага сельсавета Раісу Мазгову, асудзілі за атрыманне хабару ў 100 долараў на 9 гадоў зняволення. А жанчына, кажа, толькі хацела дапамагчы знаёмаму міліцыянту і прапісаць у сваім сельсавеце ягонага сваяка, каб той меў магчымасць уладкавацца на працу ў Мазыры. Касцян і сёння прыводзіць гэты выпадак як прыклад таго, што аператыўныя эксперыменты не маюць права на існаванне.
Сяргей Касцян: “Злачыннейшы акт, гэтыя эксперыменты. Гэта кажа пра тое, што не ўмеюць працаваць ні міліцыя, ні іх следчыя органы. Такая грубая праца ім прасцей даецца. І справаздачу дае. А за такімі эксперыментамі хаваюцца сапраўдныя жулікі, якія, звычайна, знаходзяцца пад дахам вялікай улады”.
Экс-сенатар Мікалай Чаргінец не супраць таго, каб аператыўныя эксперыменты праводзілі ў адносінах да хабарнікаў. Але, кажа ён, трэба прадугледзіць меру пакарання тым міліцыянтам, якія сваім “эксперыментам” абылгалі сумленнага чалавека. Апроч таго, ён супраць эксперыментаў, якія тычацца непаўналетніх і распаўсюджвання наркотыкаў.
Мікалай Чаргінец: “Фармальна чалавек мае права патрабаваць ад праваахоўнай сістэмы і дзяржавы не толькі выбачэнняў, але і прыняцця мер у адносінах да тых, хто яго абылгаў. Хто паставіў яго сумленне пад сумнеў і зганьбіў гэтым эксперыментам. Каб следчыя адказалі за гэта. Нават, калі патрэбна, у крымінальным парадку”.
У свой час занепакоенасць колькасцю скаргаў ад пацярпелых у выніку аператыўных эксперыментаў выказвала і Генпракуратура. Сёння, паводле слоў кіраўніка прэс-службы Генадзя Вярцінскага, Генпракуратура выступае за захаванне інстытута следчых эксперыментаў як галоўнага сродку выкрыцця “схаваных” злачынстваў. Але, кажа ён, з пэўнымі абмежаваннямі.
Генадзь Вярцінскі: “Аператыўны эксперымент павінен праводзіцца ў строгай адпаведнасці з законам. Ён не павінен выкарыстоўвацца ў якасці правакацыі – павінны быць неабходныя падставы. Не трэба забывацца на мэту правядзення эксперымента: пацвердзіць альбо абвергнуць здзяйсненне злачынства”.
Што з гэтага атрымаецца – пакажа колькасць скаргаў ад пацярпелых і асуджаных у выніку такіх “эксперыментаў”.