Мінчанка пра банду дылераў спайсу: Сказалі, мая сям’я прысуджана да смерці

Праблема, з якой сутыкнулася мінчанка Д., выклікала рэзананс і абурэнне. Жанчына проста зрабіла заўвагу распаўсюджвальнікам спайсу, якія адкрыта гандлявалі псіхатропамі прама ў яе двары. За вусную заўвагу пачалі помсціць.

“Сітуацыя стала такой, што немагчыма было нармальна прайсці па двары, а жыхары дома звязвацца з імі баяліся, ― апавядае жанчына Еўрарадыё. Д. мы знайшлі праз сацыяльны сеткі. ― Міліцыя разабрацца з бандай не магла. Спайсы, якімі яны гандлявалі, нібыта аказваліся легальнымі. Яны без разбору прадавалі гэту траву дзецям. Сын распавядаў, што сярод пакупнікоў былі нават 13-гадовыя. Гэтых гандляроў ― чалавек 15, ім па 18-20 гадоў. А прыкарміў іх адзін сусед ― яму каля 37. І вось тыдзень таму мы іх папярэдзілі, каб прыбіраліся і згортвалі сваю дзейнасць. А другой гадзіне ночы нам патэлефанавалі і сказалі, што падпаляць кватэру, выбавілі на двор. Там нас чакалі прыкладна шэсць-восем чалавек, з пнеўматычнымі пісталетамі і бейсбольнымі бітамі. Мяне, выбачаюся, расстралялі ў ягадзіцы. І на твары быў сіняк. А мужу стралялі кучай шарыкаў па галаве, утварылася пухліна памерам, як другая галава. У выніку ўсе гэтыя шарыкі даставалі ў бальніцы”.

Еўрарадыё: А вы ведалі тых, хто нападаў?

Пацярпелая Д.:Канешне, усе яны з нашага двара. На наступны дзень яны сабраліся зноў. Я ў чарговы раз выклікала нарад міліцыі. У аднаго з распаўсюджвальнікаў вывернулі кішэні, павыпадала гэта трава. Ну і ў выніку пакінулі яго ў спакоі. Нам жа пачалі тэлефанаваць і пагражаць расправай. У выніку, калі справа атрымала розгалас, бандамі зацікавіліся ў больш высокіх міліцэйскіх інстанцыях. Але ў чацвер зноўку пачаліся тэлефонныя пагрозы. Патэлефанаваў той сусед, які арганізаваў гандаль, і сказаў, што ўся наша сям’я прысуджана да смерці. Вось як гэта ўспрымаць? Гандлююць наркатой, а затрымаць іх не могуць. Самі ж паводзяць сябе, як рэкет у 90-я. Боязна за дзяцей і за сябе”.

Звесткі аб узброеных бандах траплялі ў Еўрарадыё і раней. Вось пра што распавёў адзін з мінскіх трэнераў па боксе, які на грамадскіх асновах спрабуе супрацьдзейнічаць наркагандлю:

“Банды, складзеныя з маладзёнаў, узбройваюцца траўматычнымі пісталетамі, бітамі. Выпадкі, калі ўсім гэтым карысталіся, ― не адзінкавыя. Бывала такое, што ўзрывалі нават святлошумавыя гранаты. Працэс продажу “легалкі” (так называюць сінтэтычныя псіхатропы, якія не паспяваюць уносіць у наркапералік. ― заўв. Еўрарадыё) выглядае так. Пад’язджаюць дзве машыны. У першую чалавек сядае, купляе. Ззаду сядзяць рабяты “на строме”. Калі раптам нейкія праблемы, яны вырашаюць. А выйшлі такія групоўкі са звычайнай моладзі. Адчулі некалі сілу і пачалі яе выкарыстоўваць у няправільным кірунку. Ведаю пра выпадкі, калі такіх затрымлівалі, адвозілі ў аддзяленне міліцыі. І ў той жа дзень выпускалі”.     

“Нават аператыўнікі кажуць, што падчас затрыманняў распаўсюджвальнікі спрабуюць аказаць узброены супраціў, ― канстатуе Аляксандр Шпакоўскі, юрыст, каардынатар кампаніі “Антымак”. ― Акрамя гэтага, паміж бандамі існуе канкурэнцыя за сферы ўплыву. Таксама яны адчуваюць небяспеку з боку іншых крымінальнікаў, якія спрабуюць забіраць грошы ў больш маладых гандляроў “легалкай”. Тэндэнцыя наконт гуртавання ў банды тычыцца моладзі і падлеткаў. Гэта самае дно сістэмы гандлю дызайнерскімі наркотыкамі. А ўзбройвацца не баяцца, таму што гандаль прыносіць вялізныя прыбыткі. З Расіі і Кітая нават поштай можна замаўляць рэагенты і ў хатніх умовах гатаваць наркотык і распаўсюджваць па школах ці каледжах”.

Праблема дызайнерскіх наркотыкаў стрэліла ў канцы 2000-х, калі ў Кітаі пачалі прадукаваць новыя сінтэтычныя псіхатропы. Як толькі іх забаранялі, у лабараторыях з’яўляліся новыя і новыя рэчывы.

Планавалася, што ў Беларусі праблему вырашыць новы Закон “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах”. Ён запрацаваў ужо на пачатку года. Але ў плане распаўсюджвання дызайнерскіх наркотыкаў пакуль жаданага эфекту не даў. Увядзенне паняцця “аналаг” не дазволіла лічыць многія ўвезеныя ў Беларусь рэчывы нечым супрацьзаконным. З гэтай прычыны такія дызайнерскія наркотыкі і называюць “легалкай”, хоць па сваім уздзеянні яны куды больш небяспечныя за традыцыйныя. 

Чаму наркагандляры працягваюць атручваць моладзь і як магчыма з імі разабрацца, чытайце і слухайце ў пачатку тыдня на Еўрарадыё. Таксама мы будзем сачыць за тым, ці адкажуць узброеныя бітамі і траўматычнымі пісталетамі маладзёны за збіццё мінчанкі і яе мужа.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі