Мінкульт ахоўвае Курапаты: Ахоўная зона ля “Бульбаш-хола” зменшылася ўдвая

Міністэрства культуры прыняло пастанову, якая зацвярджае канчатковыя ахоўныя межы мемарыяльнага комплексу “Курапаты” — месца масавага расстрэлу савецкай уладай мірных жыхароў у 1930-40-я гг. Еўрарадыё сабрала плюсы і мінусы для мемарыяла ад такога рашэння Мінкульта.

ПЛЮСЫ:

Вось зацверджаныя Міністэрствам культуры ахоўныя зоны мемарыяла: з боку рэстараннага комплексу, вядомага як “Бульбаш-хол”(першапачатковая назва) — 50 метраў, з боку “Экспабела”, дзе могуць збудаваць выставачны комплекс — больш за 100 метраў. З боку кальцавой дарогі — 100 метраў.

- Гэта дае гарантыю, што хаця б на такой адлегласці будаваць больш не маюць права, пры ўмове, што заканадаўства не будзе парушацца.

- На тэрыторыі зоны рэгуляванай забудовы, а яе плошча 38 гектараў забаронена будаваць аб’екты вышэйшыя за будынак “Экспабела”.

- З боку кальцавой дарогі няма зоны рэгуляванай забудовы, значыць, там будаваць наогул нельга. Тут расцягнецца зона аховы ландшафту на 36 гектараў, дзе забаронена будаваць і змяняць характар ландшафту.

МІНУСЫ:

- Выставачны комплекс, які збіраліся будаваць каля Курапат, з боку Экспабела можа закрануць “дарогу смерці”, якая праходзіць праз поле. Па ёй ахвяр рэпрэсій прывозілі на расстрэл.

- Ахоўная зона з боку рэстараннага комплексу зменшылася ўдвая. Што ўзаконіла і будаўніцтва, і знаходжанне рэстарана з дамкамі каля мемарыяла. Цяпер дамкі можна не зносіць, хоць на тое ёсць прадпісанне пракуратуры, бо іх будаўніцтва парушала папярэднія часовыя зоны аховы, прынятыя ў 2004 годзе.

- На тэрыторыі ахоўных зон дазволена “пракладка падземных інжынерных камунікацый, неабходных для эксплуатацыі аб’ектаў увекавечання памяці”. Фактычна, гэта дазволіць капаць на месцы ахоўных зон пры нагодзе.

- А на тэрыторыі самога мемарыяла дазволеная “санітарныя высечкі дрэў і кустоў, эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый”.

ЯК БЫЛО:

Скандал вакол Курапат пачаўся ў 2012 годзе, калі грамадства заўважыла будоўлю “Бульбаш-хола” каля мемарыяла. Пасля назва была змененая, а чыноўнікі замарозілі будаўніцтва. Пазней высветлілася, што некалькі дамкоў будучага рэстараннага комплексу стаяць у тагачасных ахоўных зонах мемарыяла. З-за гэтага нават генпракуратура вынесла прадпісанне, каб дамкі знеслі. Але нават праз суд зносу дамкоў дамагчыся не ўдалося. 1 снежня мінлага года мінкульт нарэшце прыняў праект пастаянных ахоўных зон мемарыяла.

Курапаты — гісторыка-культурная каштоўнасць, мемарыял ахвярам палітычных рэпрэсій сярэдзіны 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Па розных звестках, у Курапатах былі расстраляныя ад некалькіх дзясяткаў тысяч да соцень тысяч чалавек.

Так выглядае план новых ахоўных зон. Фіялетавым колерам пазначаныя ахоўныя зоны, чырвоным мемарыял, жоўтым зона рэгуляванай забудовы.

Па тэме:

Каля Курапатаў апроч “Бульбаш-хола” пабудуюць выставачны цэнтр?

Мінкульт: Пабудаваныя каля Курапатаў чатыры домікі стаяць у ахоўнай зоне!

Знесці дамкі ў ахоўнай зоне Курапат не могуць ні пракуратура, ні чыноўнікі

Ля Курапатаў, поруч з крыжамі — пясок і смецце (фота)

На колькі крокаў перанясуць будоўлю ад Курапатаў?

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі