Мінпрыроды: У водаахоўных зонах ужо 936 фермаў

Новы Водны кодэкс пачынае дзейнічаць з 21 траўня. Чыноўнікі дазволілі будаваць комплексы жывёлагадоўлі і запраўкі ў водаахоўных зонах. Раней рабіць гэтага было нельга. Таксама ў новым кодэксе зменшыліся самі водаахоўныя зоны. Для вялікіх і сярэдніх рэк з 700 да 600 метраў. Для ручаёў — 50 метраў замест 100.

Навошта будаваць фермы ля рэчак і азёр

Пра будаўніцтва ў Міністэрстве аховы прыроды адказваюць проста: “Новых праектаў пакуль няма. Ды і ўзгадніць іх няпроста, прасцей пабудавацца ў іншым месцы”. А вось старыя фермы… На сёння такіх 936 штук, і ўсе ў водаахоўных зонах. А гэта 20% ферм сельскай гаспадаркі. Менавіта таму і ўносіліся змены ў Водны кодэкс: пераносіць іх дорага, мадэрнізаваць танней.

Гэтыя комплексы пабудаваныя яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, калі можна было будаваць ля вадаёмаў. Але пасля забароны ў 90-ыя гады, іх трэба было пераносіць. За дзясятак гадоў, праўда, так і не перанеслі.

“Затраты на дэмантаж і перанос фермы за межы водаахоўнай зоны ўдаражаюць яе кошт на палову, — апісваюць у Мінпрыроды. — На сёння ў адной Віцебскай вобласці падлягаюць вынасу 90 аб’ектаў, на гэта трэба 20,5 мільярдаў рублёў”.

Да таго ж, забарона на фермы ля вадаёмаў “зрывае планы праграмы па сацыяльна-эканамічным развіцці”, дадаюць у Мінпрыроды.

Навошта патрэбныя запраўкі ля вадаёмаў

Запраўкі — для развіцця турызму, адразу адказваюць у Мінпрыроды. Водаахоўныя зоны для некаторых вадаёмаў — да 3 кіламетраў. А столькі ехаць для турыста — зашмат, лічаць чыноўнікі.

Да таго ж, да заправак жорсткія патрабаванні. Каб яе пабудаваць, трэба ўзгадніць праект з Мінпрыроды. Калі яны не будуць парушацца, праблем не будзе:

“Пры экалагічнай экспертызе мы будзем жорстка разглядаць гэтыя праекты”.

Ці нашкодзяць вадаёмам фермы і запраўкі

Адназначна, так, калі закон будзе парушацца, а патрабаванні эколагаў не будуць выконваць, адказвае выкладчык, эксперт па экалагічным праве Глеб Ярылін. Кожная ферма распрацоўвае цэлы пакунак дакументаў па ахове навакольнага асяроддзя, яны тычацца воднага басейна, паветра:

“Але праблема сельскагаспадарчых арганізацый — хранічны недахоп сродкаў і невыкананне прыродаахоўных патрабаванняў. Гэтая праблема існавала і раней. Таксама апроч законаў, ёсць і мясцовыя заканадаўчыя акты”.

Толькі за 2 месяца ў 2013 годзе Інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету скала 119 адміністратыўных пратаколаў за парушэнні ў водаахоўных зонах. Асноўныя парушальнікі — фермы. Інспекцыя выпісала таксама 67 прадпісанняў для выпраўлення парушэнняў. Праз год 2 гады ў інспекцыі ўдакладняюць :"Парушэнні выпраўляюцца".

Фота: natgeotv.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі