“Мне хацелася б, каб у нас наладзіўся абмен маладымі людзьмі”

Еўрарадыё наведала амбасадара Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо. Размова пайшла пра стэрэатыпы ў свеце наконт Беларусі, палітычныя свабоды, а таксама не абышлося без гаворкі пра музыку.

Высветлілася, што спадарыня Мюсо любіць песні з глыбокім сэнсам...


— Якімі былі Вашыя самыя першыя ўражанні пра нашу краіну? Якія стэрэатыпы наконт Беларусі склаліся ў Вас да прыезду сюды?


— Пра нейкія ўражанні казаць пакуль рана. Самае дзівоснае — гэта заснежаны Мінск.


Наконт стэрэатыпаў. Я не ведаю, стэрэатыпы гэта ці праўда — я чула, што беларусы — гэта прыемны і гасцінны народ. З другога боку, у мяне была інфармацыя пра тое, што ў Беларусі не захоўваецца свабода слова, не захоўваецца свабода сходаў. Але я вельмі спадзяюся, што ў гэтай краіне неўзабаве адбудуцца спрыяльныя змены.


— Спадарыня Мюсо, а ці атрымлівалі Вы нейкія парады ад свайго папярэдніка спадара Шмялеўскага?


— Вядома, мы шмат размаўлялі з маім папярэднікам, гэта мой даўні сябар, і ён даў мне шмат парадаў. Але я хацела б грунтавацца на сваіх уласных уражаннях, таму чакаю, калі яны ў мяне складуцца і я змагу я смогу меркаваць сама.


— А што сказаў Вам Лукашэнка падчас уручэння даверчых грамат?


— Ён спадзяецца, што Францыя будзе рухальным элементам у развіцці адносінаў між Беларуссю ў Еўрапейскім Саюзам. А я казала спадару прэзідэнту, што мы гатовыя ўдзельнічаць у сумленным дыялогу з Беларуссю, як і іншыя краіны Еўрапейскага Саюзу.


Аднак дыялог і ўдзел у ім залежыць ад руху беларускай дзяржавы ў дэмакратычным кірунку, ад захавання дэмакратычных каштоўнасцяў, свабоды СМІ і адсутнасці палітычных зняволеных.


Мы хацелі б прасачыць хаця які-небудзь рух гэтай краіны ў бок дэмакратыі, пабачыць з боку Беларусі хоць нейкія знакі ці нейкія крокі ў гэтым напрамку. Пра тое, што гэтыя крокі будуць, беларускі бок казаў яшчэ летась падчас візіту еўрапейскай тройкі. І мы чакаем, калі гэта здарыцца.


— Нават калі не атрымлівалася супрацоўнічаць у палітычнай сферы, амбасада Францыі ў Беларусі заўжды вылучалася сваімі культурнымі праектамі. Якія планы ў вас на гэты конт?


— Мне не хацелася б спыняцца толькі на тым, каб французскіх артыстаў запрашаць у Беларусь. Хацелася б, каб у нас наладзіўся абмен маладымі людзьмі, каб у нас развівалася універсітэцкае супрацоўніцтва.


— А што з рэчаў Вы захапілі з сабой з Францыі ў Беларусь?


— Я прывезла кнігі, музычныя дыскі і фатаграфіі. І ўсё!


— Дзякую за інтэрв'ю. І напрыканцы, некалькі Вашых самых улюбёных дыскаў ці выканаўцаў для слухачоў Еўрарадыё.


— О! Я люблю і класічную музыку, і оперу. І мне вельмі шкада, што беларускі оперны зачынены на рамонт, але я спадзяюся, што ўсё-ткі змагу яго наведаць. Я таксама люблю грэцкую музыку, бо я доўга жыла ў Грэцыі і вельмі люблю гэтую культуру. Я люблю гішпанскую і рускую музыку. Я таксама люблю джаз.


Канечне, я люблю і французскую песню, і не проста песню, а тую, у якой ёсць сэнс, ёсць тэкст — напрыклад, як у песнях Эдыт Піаф, Шарля Азнавура, Жака Брэля, Шымен Бадзі (Chimene Badi). Гэта новая, маладая спявачка, у песнях якой добрыя тэксты. Добра, што ў Францыі ўсё яшчэ ёсць такія песні.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ


Да прызначэння на гэтую пасаду Мірэй Мюсо працавала ў цэнтральнай адміністрацыі Міністэрства замежных спраў Францыі. Раней яна была амбасадарам Францыі ў Грузіі, працавала дарадцам па культуры, навуцы і супрацоўніцтве, дырэктарам Французскага інстытута ў Афінах, другім дарадцам у сталай камісіі Францыі ў Паўночнаатлантычнай радзе ў Бруселі, другім сакратаром у амбасадзе Францыі ў Вене і на іншых пасадах.


Спадарыня Мірэй Мюсо валодае французскай, расійскай, англійскай, нямецкай, грэцкай мовамі. Яна мае дыпломы аб вышэйшай адукацыі ў галіне філалогіі, палітычных навук, абароны, а таксама ўсходніх моў. Акрамя таго, яна з’яўляецца кавалерам нацыянальнага ордэна “За заслугі” і кавалерам ордэна Ганаровага легіёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі