МУС: яшчэ чатыры тэлеграм-каналы прызнаныя экстрэмісцкімі
30 сакавіка суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы "Магілёў 97%", "Бабруйск 97%", "Асіповічы для жыцця" і "Бульвар непакорных".
"У названых групах сістэматычна размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужбоўцаў", — паведамляе прэс-служба МУС.
Там, нібыта, рэгулярна з'яўляліся заклікі "да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганстваў, радыкалізацыі, вандалізму, супраціву міліцыянтам, блакавання руху на аўтамабільных дарогах і чыгунках".
Міліцыя папярэджвае, што за публікацыю або рэпост інфармацыі з гэтых тэлеграм-каналаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне — аж да арышту.
Па стане на 15:35 у Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў згаданыя каналы яшчэ адсутнічалі.
Як паказвае практыка, у Беларусі пакараць могуць нават за перапост, зроблены да таго, як ТГ-канал быў прызнаны экстрэмісцкім. Таму праваабаронцы рэкамендуюць выдаліць такія рэпосты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.