На БТ паказалі ўрывак з фільма "Жыве Беларусь!" пра беларускамоўную прысягу

У праграме "Дыя@блог", якая выйшла на тэлеканале "Беларусь 3" у эфір 3 лістапада, быў паказаны адзін з кульмінацыйных урыўкаў "крамольнай" стужкі "Жыве Беларусь!". Яго выкарысталі ў якасці ілюстрацыі да праблемы ўжывання беларускай мовы ў войску.

У паказаным урыўку адзін з маладых салдат насуперак камандаванню вырашае прыняць вайсковую прысягу на беларускай мове. Камандзір надыктоўвае тэкст прысягі па-руску, а салдат услед паўтарае па-беларуску, што выклікае канфуз у афіцэра.

Радыё Свабода адзначае, што назва фільма "Жыве Беларусь!" у эфіры не прагучала. Вядучая звярнулася да суразмоўцы з прапановай "паглядзець урывак з мастацкага фільма", не называючы якога менавіта. Пасля прагляду госць праграмы, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ Пётр Жаўняровіч, каментуючы відэа, адзначыў:

"Безумоўна, усе дзяржаўныя дакументы павінны быць на абедзвюх дзяржаўных мовах, і ў кожнага вайскоўца павінна быць магчымасць прыняць прысягу на роднай мове".

Адзначым, што згаданы фільм дэманстраваўся ў кінатэатрах і на фестывалях больш чым 25 краін свету, атрымаў 8 перамог на міжнародных кінафестывалях. У Беларусі яго да паказу ў кінатэатрах ці на кінафестывалях не дапусцілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі