На Камароўцы свініна па цэнах стронгі ды сёмгі
Але прадаўцы на рынку прызнаюць, што пачалі зніжаць цэны, бо на свініну… мала пакупнікоў.
Звесткі афіцыйнай статыстыкі: свініна бяскостная меней чым за паўгода — са студзеня па травень — падаражэла на 50%. Толькі за травень свініна вырасла ў цане на 27%! Паводле Белстата, сярэдняя цана свініны без касцей — 100 тысяч рублёў. Ідзем па крамах і на Камароўку шукаць такую свініну.
На Камароўцы яшчэ тыдзень таму самая дарагая свініна каштавала 180 тысяч рублёў — такую цану прасілі за шыйную частку. Цяпер (12 чэрвеня) максімальная цана на свініну — 14-16 долараў. У крамах за фарш просяць мінімум 80 тысяч рублёў, за шыю — 145-150 тысяч.
“Свініна пачала з’яўляцца трошкі, таму і цэны трохі ўпалі. Вось выразка ў нас без косці таннейшая, чым у краме. У краме — 140-160, а ў нас 120 тысяч рублёў. Аддам за 100! Глупства гэтыя вашыя цэны!” — не пагаджаецца з афіцыйнай статыстыкай прадавачка Галіна. Прадаўцы прызнаюць, што пачалі зніжаць цэны, бо на свініну… няма пакупнікоў.
“Бралі вельмі пад чэмпіянат свету па хакеі. А цяпер няма каму, высокія цэны. Людзям жа заробкі не дабавілі, вось і скідаем трохі”, — кажа прадавачка Наталля. Жанчына прагназуе, што свініна патаннее, хоць і не адразу. Пакупнікам Наталля раіць прыходзіць увечары — тады можна гандлявацца:
“У канцы дня я вам і за 80 тысяч прадам!” — кажа жанчына.
Прадавачка тлумачыць адкуль такія цэны на свініну: растуць цэны закупачныя. Мяса закупляюць па 60 тысяч (раней было 35), плюс транспартныя выдаткі, даведкі — і вось на прылаўку свініна з накруткай у 100%.
Шукаю, чым замяніць свініну. Замест яе можна купляць ялавічыну — цана такая ж, як на свініну, таксама можна замяніць на куру ці рыбу.
На рыбных паліцах па 159 тысяч ляжыць за сёмгу ды стронгу ў кавалках. Гэта крыху танней за свініну. Не кажучы пра больш дэмакратычныя цэны на скумбрыю, мінтай ці хек. Пытаюся ў прадавачкі, ці перайшлі беларусы на рыбу. Але пакупнікоў больш не стала.
Замест свініны пакупнікі набываюць куру. Мінчанка Ніна кажа Еўрарадыё, што такое валявое рашэнне сям’я прыняла два тыдні таму і задаволеная.
“Свініну мы не купляем даўно, як цэны выраслі, — кажа Ніна. — Перайшлі на куру. Я яе з вечара марыную: кефір, трошкі маянэзу, прыправы — а зранку на патэльню. І чаму мы раней гэтага не рабілі?”