На “Мове ці каве” складалі вершы і штурмавалі казіно (фота, відэа)

Прыкладна палова — новыя слухачы, рэшта — “другагоднікі”. Месца і час правядзення заняткаў не змяніліся — кожны панядзелак, 19.00, Галерэя “Ў” (Незалежнасці, 37а).

Нечаканым пытаннем да выкладчыкаў Алесі Літвіноўскай і Глеба Лабадзенкі стала: “Ці праўда, што вы тут вучыце трасянцы?” Адказ быў такі, што за трасянку на курсах не караюць, бо гэта — крок да беларускай мовы!

Нечакана трасянку стала абараняць і мінулагодняя выпускніца курсаў, японка Сіёры Кіясава. Сіёры год навучалася ў БДУ і паралельна наведвала “Мову ці каву”.

Сіёры Кіясава: “Мне вельмі падабаецца талерантная атмасфера на курсах. Як сёння казаў адзін мужчына, тут не трэба баяцца размаўляць на трасянцы. Гэта вельмі важна. Бо звычайна ў Беларусі неяк “нязручна” пачаць размаўляць адразу па-беларуску…”

Сіёры вывучыла беларускую мову за 11 месяцаў. І цяпер гаворыць так, што сарвала сапраўдныя авацыі студэнтаў. Вярнуўшыся на радзіму, Сіёры спрычынілася да курсаў беларускай мовы ў Токіа, пра якія мы паведамлялі раней.

Сіёры Кіясава: “Для нас, японцаў, вельмі цяжка вывучаць беларускую мову… Нават на трасянцы мы не можам… (гучны рогат у зале) Але ўсе стараюцца вывучаць і размаўляць, вельмі хочуць прыехаць сюды і паразмаўляць па-беларуску. Я радая, што паспела паўдзельнічаць у курсах “Мова ці кава”. І спадзяюся, што мая беларуская мова будзе лепшая”.

Калі наведвальнікі дзяліліся сваімі чаканнямі ад курсаў, адна слухачка распавяла выпадак са сваёй маленькай дачкой.

Слухачка: “Мая пяцігадовая дачка, з якой мы дома гаворым звычайна па-руску, нядаўна сказала мне на вуліцы: “Мама, давай часцей будзем гаварыць на нашай мове. Я не хачу, каб, калі я пазнаёмлюся з беларускамоўнымі людзьмі, мне было складана з імі гаварыць”.

Адным з практыкаванняў стала заданне скласці верш на зададзены першы радок “Аднойчы ідэя прыйшла да мяне…”

Студэнт: “Мяне завуць Багдан, я студэнт БДУ. І зараз — хвілінка безвыходнасці:

Аднойчы ідэя прыйшла да мяне:

Забіць усе ідэі ў салодкім віне!"

Студэнтка паважнага веку:

“Аднойчы ідэя прыйшла да мяне —

Не даць нашай мове ляжаць у труне.

І каб яна зоркай у небе заззяла,

Мы зараз прыйшлі на “Мову ці каву”.

Цвіком першага занятку стаў выступ Змітра Вайцюшкевіча, які выконваў беларускамоўны шансон у амплуа Хведара Шчавеля. Адбылася і прэм’ера — песня “Рызыканты” на верш Генадзя Бураўкіна.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Я прапаноўваю зараз паўдзельнічаць у наведванні казіно. Хлопцы будуць брыгадай АМАПу, дзеўкі будуць крычаць, адміністратарам возьмем Глеба… Дзеўкі, пакажаце, як вы будзеце крычаць, калі АМАП у казіно ўвальваецца… Так, амапаўцам будзе вось гэты малады прыгожы хлопец. Як цябе завуць? Ваня? Ты будзеш крычаць: “Штурм! Ляжаць!”

А песню “Ты залаты” Вайцюшкевіч называе яшчэ “Віцебск-2030”.

Зміцер Вайцюшкевіч: “У гэтым годзе мяне нарэшце выпусцяць на вялікую сцэну… Уяўляю, як Алена Спірыдовіч абвяшчае: “Запрашаю Змітра Вайцюшкевіча!” І я тупаю з кіёчкам цераз тую вялікую сцэну… Сашка Шувалаў ужо народны артыст, на гармоніку будзе граць. І я са сцэны: “Вітаю, Віцебск!..”

Пасля занятку наведвальнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Аляксандр Тамковіч: “Я ўражаны тым, што “Мова ці кава” чалавек 200 сёння сабрала маладзёнаў — мяне гэта вельмі ўразіла!”

Студэнт: “Я хаджу другі сезон, бо ў першым сезоне пачаў не адразу, а амаль у канцы. Убачыў гэтую светлую атмасферу, гэты шыкоўны спосаб выкладання — цікавыя людзі распавядаюць пра сваё жыццё, жарты такія, што ўвесь час не можаш стрымаць усмешку… Мне гэта ўсё вельмі падабаецца”.

Выкладчыца Алеся Літвіноўская кажа, што ў другім сезоне будуць навінкі.

Алеся Літвіноўская: “Сярод тых, каго мы будзем радыя бачыць і каго ўжо запрасілі, — гэта спявачка Руся, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, артыст Андрусь Такінданг, які прыйдзе да нас ужо ў другі раз... Апроч гэтага, мы хочам увесці новую рубрыку “Жывая мова”, якая будзе прысвечаная лінгвістычнай і журналісцкай дзейнасці нашага калегі Юрася Бушлякова, які заўчасна ад нас пайшоў…”

Сакрэт поспеху курсаў Алеся бачыць у “незануднай” форме выкладання.

Алеся Літвіноўская: “Звычайна мову выкладаюць больш акадэмічна. А маладыя людзі схільныя да эксперыменту — яны хочуць інтэрактыўнага шоў, а не проста ўрока, дзе настаўнік па адзін бок барыкадаў, а студэнты па іншы. Менавіта інтэрактыўны характар заняткаў прапануе “Мова ці кава”.

Курсы "Мова ці кава" распачала пры канцы 2012 года беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч, якая жыве ў Маскве. Цяпер заняткі адбываюцца паралельна ў Мінску і Маскве. Суполка курсаў у фэйсбуку: https://www.facebook.com/MovaCiKava

Фота Наталлі Каварскай, www.facebook.com/MovaCiKava

Відэа Глеба Лабадзенкі, www.labadzenka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі