На прадпрымальніка з Вілейкі пачалі справу за выкарыстанне рабскай працы
Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу на 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка з Вілейкі за выкарыстанне прымусовай працы, паведамляе прэс-служба УУС Мінскай вобласці.
Мужчыну падазраюць у тым, што два апошнія гады ён пад пагрозай фізічнага гвалту прымушаў людзей працаваць на яго. "Парабкі" былі абавязаныя даглядаць свінняў і трусоў, якіх прадпрымальнік гадаваў на сваім прысядзібным участку.
Справа раскрылася, калі 30-гадовы "парабак", жыхар адной з вёсак, уцёк ад прадпрымальніка і сышоў з дому. Яго сваякі звярнуліся ў міліцыю і заявілі пра знікненне чалавека. Міліцыянты знайшлі яго на чыгуначным вакзале ў Віцебску. Мужчына сказаў, што ехаў "хоць куды, толькі б далей ад гэтага гаспадара рабоў". Пасля такіх словаў да справы далучыліся супрацоўнікі аддзела па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінскага аблвыканкама.
Пацярпелы распавёў, што каля двух гадоў таму пачуў ад знаёмых, быццам прадпрымальнік у суседняй вёсцы шукае людзей для працы на прысядзібным участку і догляду за жывёламі. Мужчына вырашыў папрацаваць у прадпрымальніка. Першыя паўгода прадпрымальнік плаціў грошы і нават даваў вопратку сваім работнікам. Але потым плаціў ён усё менш, а з сярэдзіны 2016 года перастаў плаціць зусім. Тады работнікі перасталі прыходзіць на працу.
Прадпрымальнік прыехаў у суседнюю вёску да аднаго з работнікаў, збіў яго, запхнуў у багажнік машыны і адвёз да сябе на ўчастак. Там прадпрымальнік зноў прымусіў мужчыну на сябе працаваць. Пацярпелы распавёў, што "працадаўца" пастаянна пагражаў яму фізічнай расправай, часта пускаў у ход кулакі. За некалькі дзён ён настолькі запалохаў мужчыну, што той проста баяўся не паслухацца. Дапамогі работнік чакаць не мог ніадкуль, бо з усіх сваякоў меў толькі старога бацьку. А аднавяскоўцы не захацелі лезці ў чужыя справы.
Некалькі разоў прадпрымальнік прыкоўваў работніка ланцугом у хляве, каб не збег, і пакідаў яго так на ўсю ноч. Урэшце мужчына папросту ўцёк у белы свет.
Цяпер прадпрымальніка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Аператыўнікамі разам са следчымі Вілейскага райаддзела Следчага камітэта праводзяць аператыўна-следчыя мерапрыемствы, высвятляюць іншых пацярпелых. Па словах асноўнага пацярпелага, часам разам з ім працавалі іншыя людзі, якіх прывозіў прадпрымальнік. З імі ён таксама абыходзіўся жорстка і не плаціў ніякіх грошай.
Падчас ператрусу ў доме прадпрымальніка знайшлі дзве незарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы, а таксама мноства патронаў да гладкаствольнай і наразной зброі.