На Слуцкім мясакамбінаце работнікам забаранілі браць ссабойку

На Слуцкім мясакамбінаце работнікам забаранілі браць ссабойку

З пачатку наступнага працоўнага тыдня работнікі Слуцкага мясакамбіната не змогуць праносіць на прадпрыемства ссабойку, піша kurjer.info

Па словах аднаго з работнікаў, пра такую забарону ім расказалі галоўны ветлекар і намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы. У рабочых будуць правяраць асабістыя рэчы (сумкі і пакеты), каб у іх не было прадуктаў харчавання.

Кіраўніцтва прадпрыемства спасылаецца на тое, што на мясакамбінаце няма пакоя прыёму ежы. Таксама там няма камераў захоўвання. Праўда, не існуе і ніякага афіцыйнага дакумента, які забараняе праносіць ссабойку на тэрыторыю мясакамбіната.

Санітарныя нормы забараняюць прыём ежы і яе захоўванне ў вытворчых памяшканнях. Але гэта не ўся тэрыторыя.

Рабочыя кажуць, што раней на мясакамбінаце былі талоны на абеды, 50% кошту якіх аплачвала само прадпрыемства. Аднак летась гэтыя талоны скасавалі, пасля чаго рабочыя перасталі хадзіць у сталовую. На думку рабочых, кіраўніцтва мясакамбіната хоча зрабіць сталоўку больш рэнтабельнай і скараціць крадзяжы з прадпрыемства. 

Генеральны дырэктар Слуцкага мясакамбіната Андрэй Міхалькевіч пракаментаваў журналістам забарону: "Ёсць санітарныя нормы і правілы для харчовых прадпрыемстваў. Мы ж не ведаем, што людзі прыносяць у ссабойцы, як і што можа трапіць на вытворчасць. Для гэтага ёсць вытворчая сталовая, якой людзі павінны карыстацца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі