Навушнікі супраць гаджэтаў: Як студэнты здаюць сесію

У перыяд сесіі беларускія студэнты скарыстоўваюць бяздротавы мікранавушнік, каб здаць экзамены. Алгарытм просты: адзін начытвае інфармацыю ў калідоры, другі слухае і запісвае ў аўдыторыі на вачах выкладчыка.

У Мінску такія навушнікі можна ўзяць у арэнду ў самым цэнтры. Прадае іх малады хлопец і асабліва не рэкламуе. Пачынае размову, толькі калі сам пытаюся:

"Каштуюць навушнікі ад 150 да 180 тысяч на суткі, у залежнасці ад памеру".

За дзень па навушнік звяртаецца да 10 студэнтаў, а гэта каля 2 мільёнаў прыбытку. У інтэрнэце навушнік можна набыць за 540 тысяч і даражэй. Але дробны прыбор можа і захраснуць у вуху. Тады трэба звяртацца ў лякарню.

"У мінулым годзе быў студэнт, у пазамінулым было пару чалавек, якім вымывалі гэтыя навушнікі", — кажуць дактары ў 9-й мінскай бальніцы.

Падобныя выпадкі былі і ў Гомелі, і ў іншых гарадах. Студэнты засоўвалі прыстасаванне бліжэй да барабаннай перапонкі, і дастаць яго было цяжка нават медыкам.

Але навушнікі паступова выцясняюцца іншымі гаджэтамі: плэерамі з дробным экранам і выхадам у інтэрнэт ці нават смартфонамі. Пра што кажуць выкладчыкі.

"Ім значна прасцей загрузіць усё што трэба на мікрагаджэт з мікраэкранам, такое ўвесь час. А навушнікаў у мяне не было, — дзеліцца назіраннем выкладчык гістфака БДУ Лявон Казакоў. — Але адразу бачна куды глядзіць студэнт, калі рыхтуецца. Таксама зразумела становіцца на дадатковых пытаннях, спісаў ён ці не".

Лавілі студэнтаў з навушнікамі ў Тэхналагічным універсітэце ў Мінску. Але выкладчыкі называюць гэта рэдкасцю. Часцей тыя ж гаджэты ці банальныя шпоры і бомбы.

"Трапляліся такія на экзамене, але гэта адзінкі. Часам абвесткі бачыш, што прадаюць гэтую апаратуру, — апісвае загадчык кафедры БДТУ Сяргей Вятохін. — Навушнік, натуральна, маленькі, але ён пішчыць. Таксама бачна, калі чалавек піша не сваімі словамі".

У Магілёўскім універсітэце ловяць студэнтаў, якія начытваюць сваім сябрам на навушнік. Гэта лёгка вылічваецца, па словах выкладчыкаў.

"Цягам трох гадоў былі выпадкі, калі заходзіш у прыбіральню, сядзіць дзяўчына і надыктоўвае камусьці механічным голасам", — дзеліцца досведам выкладчыца.

Каля БДУ сустракаем групу студэнтаў акурат пасля экзамена. Навушнікам з іх карыстаўся толькі адзін з чатырох.

"Гэта на экзамене па філасофіі было. Звычайна выкладчык ведае, што студэнт выкарыстоўвае дэвайс, але дае здаць", — кажа студэнт.

Каля філфака БДУ яшчэ студэнты, чатыры дзяўчыны і адзін хлопец, толькі што абаранілі дыплом. Адна з дзяўчат таксама карысталася навушнікам, але даўно.

"Дапамагаюць валасы, яны закрываюць. Але старыя добрыя бомбы таксама робяць. Калі рабіць рэйтынг — то спярша тэлефон, потым бомбы, потым навушнікі", — гаворыць Юлія.

Калі з навушнікам ловяць, тады церпіць і той студэнт, які надыктоўвае, і яго сябар, які прымае інфармацыю на экзамене. Найбольш папулярнымі мікранавушнікі былі 6-7 гадоў таму, калі толькі з'явіліся.

Фота: blog.uznai.su

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі