“Па-першае, я жанчына”. Як праймерыз да выбараў-2020 раскалолі БХД

“Па-першае, я жанчына”. Як праймерыз да выбараў-2020 раскалолі БХД

Беларускія хрысціянскія дэмакраты вырашылі, што прадстаўляць іх падчас прэзідэнцкай гонкі будзе Павел Севярынец. Але гэта не канчаткова. Рашэнне вылучыць Севярынца ў прэзідэнты прыняла Нацыянальная рада БХД, а шараговыя сябры партыі свайго слова яшчэ не сказалі. Яны яшчэ могуць прымусіць Нацраду змяніць рашэнне на карысць Вольгі Кавальковай, якая падчас першага галасавання Нацрады, заняла другое месца.

Днямі Севярынец і Кавалькога выправяцца ў рэкламны тур па рэгіёнах, дзе будуць “апрацоўваць” аднапартыйцаў. Кожны будзе даводзіць, чым ён лепшы за апанента ў якасці партыйнага кандыдата ў прэзідэнты. І чым жа?

Мужчынам у палітыцы прасцей

“Па-першае, я жанчына, — пералічвае Вольга Кавалькова. — Па-другое, у нас з Паўлам розная прафесійная адукацыя, розная адказнасць у партыі. Напрыклад, мая асноўная дзейнасць — правядзенне сацыяльных кампаній, распрацоўка законапраектаў, лабіраванне іх сярод як праўладнага, так і НДА-сектара. З гэтага пункту гледжання, ёсць адрозненні ў нас”.

Чакайце, няўжо мы дараслі да таго моманту, калі ў палітыцы шансаў на перамогу ў жанчыны больш менавіта таму, што яна жанчына?!

“Я лічу, што ў жанчыны… Мне б хацелася, вядома, каб у жанчыны было больш шансаў. І мне хочацца, каб больш жанчын было [у палітыцы]. Мы гэта даказвалі, што жанчыны здольныя ўплываць на палітыку краіны і змяняць сітуацыю. Таму, так, я лічу, што шансаў у жанчыны больш”, — кажа Вольга Кавалькова.

Што праўда, Вольга адразу ж пачынае разважаць пра “патрыярхальнасць беларускага грамадства” , калі “ўсе думаюць, што ў такой краіне, як Беларусь, толькі мужчына можа быць лідарам”. Таму… мужчынам у палітыцы прасцей.

Пропаведзь і палітыка — зусім розныя рэчы

На думку Вольгі, у яе перад Паўлам Севярынцам ёсць не толькі “гендарныя перавагі”. На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Кавалькова піша: “Я лічу, што Павал годны чалавек і кандыдат, але пропаведзь і палітыка — гэта зусім розныя рэчы. Як хрысціянка, я лічу, што задача хрысціянска-дэмакратычнай партыі — не навязваць усім сваё погляды, а служыць людзям. Галоўная місія і задачы палітычнай партыі — прапанова праектаў законаў на аснове хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў. Пропаведдзю і місіяй павінны займацца цэрквы і хрысціянскія арганізацыі”.

Цяпер яна выказваецца больш мякка. Найперш, звяртаючы ўвагу на тое, што БХД неабходная падтрымка не толькі вернікаў-хрысціян.

“Такіх людзей у партыі шмат: яны гатовыя падтрымліваць хрысціянскія каштоўнасці, але не з’яўляюцца хрысціянамі. Ім пасуюць нашы падыходы, праграма партыі. Нам трэба даносіць свае хрысціянскія каштоўнасці так, каб яны былі больш зразумелыя для большага кола людзей Беларусі”, — тлумачыць Вольга Кавалькова.

Карацей, сярод хрысціянскіх дэмакратаў “ёсць палітыкі больш хрысціянскія, а ёсць больш грамадскія”. І ў гэтым іх з Паўлам Севярынкам розніца. Ну, калі не лічыць таго, што Вольга Кавалькова “па-першае — жанчына”.

“Глядзець на асобу і па пладах хрысціянскіх выбар рабіць”

Павел Севярынец дэманстраваць свае “перавагі” на публіку адмаўляецца.

“З Вольгай Кавальковай мы адна каманда. Мы можам казаць, што я больш займаюся рэгіёнамі, ідэалогіяй, інфармацыяй і культурай, а яна сацыяльнымі кампаніямі, такімі, як “Антыалкаголь” і “Абарона жыцця”. І мы будзем падчас сустрэч распавядаць пра тое, што кожны з нас робіць. І кожны з нас зможа ўдзельнічаць у агульнай кампаніі дэмакратычных сіл на той ці іншай пазіцыі”.

Нават агрумент Вольгі пра “па-першае, я жанчына”, Севярынца не кранае.

“Не гатовы дэбатаваць у такім ключы — мужчына-жанчына. Мы ведаем Маргарэт Тэтчар, якая была класным і цвёрдым лідарам-кансерватарам. Ці Ангелу Меркель, якая больш за дзесяць гадоў руліць у Еўропе. Я лічу, што трэба глядзець на асобу і па пладах хрысціянскіх выбар рабіць”.

А ў выніку Павел увогуле адмаўляецца абмяркоўваць пытанне ўнутрыпартыйных “праймерыз” — выносіць яго на публіку, якая не мае ніякага дачынення да БХД і прыняцця рашэння па гэтым канкрэтным пытанні.

Праўда, трэба таксама ўлічваць, што правацэнтрысцкая кааліцыя (АГП, Рух "За свабоду", БХД) плануюць выставіць адзінага кандыдата на выбарах. Такім чынам, прадстаўніку БХД, кім бы ён не быў, трэба будзе яшчэ пазмагацца з калегамі па кааліцыі за магчымасць стаць прэтэндэнтам у кандыдаты ў прэзідэнты.

Фота са старонкі ў Фэйсбуку Вольгі Кавальковай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі