Па ўсім Іране ўспыхнулі пратэсты: што адбываецца і чаму гэта вельмі важна
Фота: Reuters
Напярэдадні Новага года, 28 снежня, у другім па значнасці горадзе Ірана Мешхедзе пачаліся антыўрадавыя выступленні. На працягу некалькіх дзён пратэст распаўсюдзіўся і на іншыя гарады краіны, у тым ліку, сталіцу — Тэгеран. Падчас дэманстрацый, якія працягваюцца тыдзень, загінулі ўжо больш за 20 чалавек, сотні затрыманыя. За гэты час эканамічныя патрабаванні пратэстуючых змяніліся палітычнымі: натоўп пачаў скандаваць лозунгі ў падтрымку дынастыі Пехлеві, зрынутай ў 1979 годзе, і супраць дзейнага кіраўніцтва Ірана на чале з аяталой Алі Хаменеі. Дэманстранты таксама выступілі за свабоду СМІ, аддзяленне рэлігіі ад палітыкі, незалежнасць судоў і нават рэферэндум па пытанні абавязковага нашэння хіджаба.
Улады Ірана абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў краіны Захаду. Так, духоўны лідар аятала Хаменеі заявіў, што “ў апошнія дні ворагі Ірана выкарыстоўвалі розныя інструменты, у тым ліку грошы, зброю, палітыку і разведку для стварэння праблем у Ісламскай рэспубліцы”. У сваю чаргу, сакратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Алі Шамхані адзначыў, што за дзеяннямі дэманстрантаў стаяць ЗША, Вялікабрытанія і Сірыя. Намеснік начальніка Генштаба Ірана Масуд Джазайры паспяшаўся супакоіць суграмадзян, і сказаў, што зладзіць мяцеж у Іране ў ЗША не атрымаецца. Больш стрыманы ў ацэнках таго, што адбываецца, апынуўся прэзідэнт краіны Хасан Рухані. Паводле яго слоў, не ўсімі на вуліцах кіруюць замежнікі, “ёсць тыя, хто пратэстуе ў сувязі з уласнымі пачуццямі і праблемамі”.
Так ці інакш, кіраўніцтва краіны ўпэўненае, што пратэсты хутка скончацца. Расійская “Новая газета” паразмаўляла з экспертамі пра перадумовы і перспектывы пратэстнага руху ў Іране.
Аляксандр Шумілін, кіраўнік Цэнтра аналізу канфліктаў на Блізкім Усходзе Інстытута ЗША і Канады РАН
“Рэзка і неадназначна можа змяніцца палітычная карта ўсяго рэгіёна”
“Гэтыя выступленні былі прадказальныя, але тэрміны ніхто не мог сказаць. Папярэдні цыкл быў у 2009 годзе. Тады пратэсты былі звязаныя з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах Махмуда Ахмадзінежада і накладаннем санкцый (звязаных з ядзернай праграмай, якая распрацоўвалася ў краіне. — “Новая газета”). Цяперашні цыкл звязаны з вынікам дзеяння гэтых санкцый і палітыкай Тэгерана, якая пагаршае эканамічнае становішча іранцаў. Напрыклад, сірыйская кампанія, якую Іран таксама вядзе, акрамя таго, што патрабуе значных сродкаў, яшчэ і абарочваецца чалавечымі стратамі, адтуль у краіну ідуць труны. Акрамя таго, за гэта Іран могуць падвергнуць новай хвалі санкцый.
Пратэст даўно наспяваў, але, што на гэты раз стала “запалкай", сказаць досыць складана. Сітуацыя прынцыпова рэвалюцыйная, таму што пачалося ўсё з эканамічных і сацыяльных патрабаванняў, але вельмі хутка перарасло ў радыкальныя палітычныя патрабаванні — змена ўлады. Іншая справа, наколькі моцны патэнцыял для дасягнення гэтых мэтаў. У блізкаўсходніх краінах эмоцыі, запал, напал — рэальны фактар у адрозненні ад краін Еўропы і Расіі, гэта значыць, стральба па мірных дэманстрантах можа рэзка нарасціць масавасць паўстанцкага руху. А можа і не нарасціць, калі пачнуць “ціснуць” яшчэ больш. Недзе ў бліжэйшыя некалькі дзён можна будзе казаць, наколькі моцны патэнцыял дэманстрантаў. Але менавіта так здзяйснялася Ісламская рэвалюцыя 1979 года. Цяпер пратэст ідзе тым жа шляхам, але не тымі ж сіламі. Хоць і тады сілы нарошчваліся ў працэсе разгойдвання улады.
Сітуацыя ў Іране — для блізкаўсходняга рэгіёна падзея, важней за якую прадставіць немагчыма. Змена рэжыму ў Іране будзе азначаць вывядзенне Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі з Сірыі, а значыць, і аўтаматычнае звяржэнне Башара Асада.
Рэзка і неадназначна можа змяніцца палітычная карта ўсяго рэгіёна.
Іран з сакрэтнай дзяржавы-ізгоя, якая супрацьстаіць усяму, стане для многіх іншай, як было да рэвалюцыі 79-га. Але пры гэтым абсалютна прайграе Расія, у Сірыі, у першую чаргу, у самім Іране, у другую.
У любым выпадку, давядзецца падстрахоўваць сваё становішча з улікам дэградацыі Ірана, і рабіць гэта трэба хутчэй, але гэта няпростае пытанне”.
Мікалай Кажанаў, усходазнаўца, эксперт Інстытута Блізкага Усходу (Масква)
“Пратэст застаецца найперш эканамічным”
“Пратэст на пустым месцы не ўзнікае, і перадумовы, вядома ж, існавалі. Перш за ўсё, на сітуацыю паўплывала эканамічная сітуацыя ў краіне — досыць цяжкае становішча значнай часткі насельніцтва (па розных ацэнках, у Іране альбо каля рысы беднасці, альбо за мяжой беднасці, жывуць 40-60% насельніцтва). На гэта наклаліся завышаныя чаканні ад эканамічнай палітыкі прэзідэнта Хасана Раўхані і чаканне адмены санкцый (умова спынення ядзернай праграмы), Нічога гэтага не адбылося. Пры гэтым спрацавала жаданне ўраду павысіць тарыфы, на паслугі насельніцтву.
Іншы фактар — характар кіруючага ў Іране рэжыму і адсутнасць значнай колькасці сацыяльных свабод. Пры тым, што далёка не ўсе пратэстоўцы выйшлі супраць рэжыму як такога. Трэба разумець, што заходнім навінным агенцтвам выгадна асвятліць менавіта палітычны аспект выступаў. У той жа час у пратэстах задзейнічаныя зусім розныя сілы. Ёсць і тыя, хто патрабуе змены рэжыму, але для большай часткі пратэстуючых пратэст застаецца перш за ўсё эканамічным.
Словы пра тое, што пратэст скончыцца праз пару дзён, — хутчэй, выражэнне аптымізму іранскіх уладаў. Нейкія прадказанні аб згасанні хваляванняў у Іране рабіць заўчасна. Гэта можа заняць і некалькі дзён, а можа і расцягнуцца на месяцы з перыядычнымі выбліскамі гвалту. Галоўным недахопам выступоўцаў з'яўляецца стыхійнасць і неарганізаванасць. Дзякуючы дзеянням паліцыі і таемнай іранскай паліцыі, у краіне была фактычна ліквідаваная любая арганізаваная апазіцыя. Перспектывы пратэсту будуць залежаць ад спробы сарганізавацца і высунуць нейкіх лідараў, але, пакуль мы гэтага не бачым. Ёсць такая фраза: няўдалы бунт называюць пераваротам, удалы — рэвалюцыяй, таму ацэнкі цяперашняй сітуацыі можна будзе даваць не сёння, а праз некаторы час. Ўсёй карціны таго, што адбываецца, мы папросту не бачым. Інфармацыя, якую мы атрымліваем, ідзе альбо ад урадавых СМІ са сваім ангажаваным поглядам, альбо ад заходніх СМІ, і паміж імі шмат разыходжанняў: тое, што заходнія СМІ паказваюць ці не масавым паўстаннем з захопам будынкаў і забойствам прадстаўнікоў улады, на самой справе аказваецца невялікім мітынгам. Хоць, сапраўды, у шэрагу гарадоў пратэсты вельмі істотныя.
Я мяркую, што рэжыму ўдасца выстаяць. Думаю, што пасля цяперашніх выступаў будуць зробленыя саступкі ў эканамічнай сферы.
Ужо сёння было заяўлена, што ўлады могуць перагледзець павышэнне коштаў на бытавыя паслугі. Яны таксама могуць зрабіць нейкія паслабленні ў сацыяльнай сферы, напрыклад, аказваць вялікую дапамогу маламаёмаснаму насельніцтву. З іншага боку, Ірану, магчыма, прыйдзецца перагледзець, але толькі ў нязначнай меры, выдаткі на рэалізацыю сваёй дактрыны па падтрыманні іміджу рэгіянальнай дзяржавы.
Адно з патрабаванняў пратэстантаў можна сфармуляваць як: “Хопіць карміць замежжа”, гэта значыць, аказваць падтрымку разнастайным палесцінскім рухам, Хезбала, сірыйскаму рэжыму, на якія Іран сапраўды траціць істотныя сродкі. Але я не думаю, што кіраўніцтва краіны ад рэалізацыі гэтых мэтаў адмовіцца. Глабальных змен на знешнепалітычным трэку чакаць не даводзіцца.
Расійскае кіраўніцтва зацікаўленае ў захаванні ва ўладзе дзеючага палітычнага рэжыму ў Іране, таму што, калі меркаваць, што змена ўлады ў краіне ўсё ж такі адбудзецца, то хто б ні змяніў цяперашняе кіраўніцтва, ён апынецца больш празаходнім, чым цяперашнія дзеячы Ірана, а гэта прывядзе да перагляду палітычнага курсу ў дачыненні да Масквы”.