Пад Смаленскам кантрабандысты адрамантавалі дарогу, каб вазіць тавары з Беларусі
У Смаленскай вобласці Расіі супрацоўнікі памежнага ўпраўлення ФСБ Расіі нечакана выявілі ўпарадкаваную дарогу. Прадстаўнік памежнага ўпраўлення Аляксандр Лазненка распавёў агенцтву ТАСС, што невядомыя адрамантавалі дарогу, каб па ёй у абыход памежных пастоў магла ісці цяжкая тэхніка. Па гэтай дарозе кантрабандысты перапраўлялі прадуктовыя тавары, на якія Расія ўвяла эмбарга.
Па словах памежніка, невядомыя асобы правялі сур'ёзны рамонт грунтовай дарогі: зрабілі падсыпку, пашырылі праезную частку, зрабілі заезныя кішэні і разваротныя месцы, каб па дарозе магла ісці цяжкая тэхніка.
Памежнікі ўзялі дарогу працягласцю ў некалькі кіламетраў пад кантроль. Яны паведамляюць, што на пачатку жніўня тут ужо затрымалі цэлы караван фураў з санкцыйнымі таварамі. Дзевяць вялікагрузаў перавозілі 175 тон яблыкаў, персікаў, сліваў і вішняў польскай вытворчасці. Агульны кошт кантрабанды ацэньваецца ў 13 млн расійскіх рублёў. Усе гэтыя тавары былі канфіскаваныя і знішчаныя.