Палова выхавацеляў садка можа згубіць да мільёна рублёў у заробку
Выхавацелі без профільнай адукацыі больш не змогуць здаць на катэгорыю, за якую даплачваюць ад 300 тысяч да мільёна.
Выхавацелі дзіцячага садка без спецадукацыі згубяць у грашах, нягледзячы на павышэнне заробку: яны папросту не змогуць здаць на катэгорыю, за якую даплачваюць ад 300 тысяч да 1 мільёна. Здаваць на катэгорыю цяпер маюць права толькі выхавацелі са спецадукацыяй, якіх у садках толькі палова(55%).
Каб усё ж атрымаць катэгорыю, трэба скончыць факультэт дашкольнай адукацыі ці ісці на курсы перападрыхтоўкі на 2 гады. Такая норма дзейнічае ўжо 2 гады, але некаторыя выхавацелі даведаліся толькі цяпер.
Пры гэтым з вышэйшай катэгорыяй можна павысіць сабе заробак на 1 мільён, з першай — на 600 тысяч, з другой — на 300. Не так і мала пры заробку ў 3,5 мільёна.
"Такую норму мы ўвялі, бо хочам павышаць якасць адукацыі, — тлумачаць у Мінадукацыі. — Пагадзіцеся, у суседніх краінах паўсюль так, таксама гэта будзе стымуляваць тых, хто вучыцца канкрэтна па гэтай спецыяльнасці".
Стартавы заробак у 3,5 мільёна, безумоўна, выдатны стымул.
"Наколькі я ведаю, раней у садок ішлі настаўнікі, напрыклад, і катэгорыя была адна. Пасля зрабілі розныя катэгорыі, і многія тады сышлі", — тлумачыць выхавацель садка Сяргей, таксама без катэгорыі, бо пайшоў даглядаць дзяцей пасля гістфака.
Рэспубліканскі банк вакансій ад Мінпрацы прапануе выхавацелям у садок 197 месцаў па ўсёй краіне, і катэгорыю не патрабуюць. Відаць, не ў курсе, што мінадукацыі змагаецца за якасць.
Спрабуем уладкавацца без катэгорыі ў мінскі садок выхавацелем.
"Прыходзьце. А за катэгорыю не хвалюйцеся, можаце ўзяць кружкі і нагнаць гэтыя грошы, 1,5 мільёна ў дадатак. А са старту вам можа 3,5 мільёна выйдзе", — адказваюць у садку.
У іншым сталічным садку таксама лёгка бяруць без спецадукацыі, гатовыя ўзяць нават хлопца.
На 2012 год у садках са спецадукацыяй працавала толькі 18% (з вышэйшай), і 37% (з сярэдняй), паведамляе Белстат. Значыць тых, хто не зможа здаць на катэгорыю, палова.
На дашкольную адукацыю ў Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Танка, на дашкольны факультэт сёлета набіраюць толькі 150 чалавек на дзённае, бюджэт. Праз 4 гады некаторыя з іх стануць выхавацелямі, пры гэтым па краіне працуе 35 тысяч выхавацеляў.
Фота: pravmir.ru