"Перспектыва" просіць абвясціць падатковыя вакацыі для мікрабізнесу
Аб'яднанне "Перспектыва", якое адстойвае інтарэсы малога бізнесу, звярнулася ва ўрад з просбрай падтрымаць індывідуальных прадпрымальнікаў. У сваім звароце РГА "Перспектыва" адзначае, што ІП ва ўмовах распаўсюду каранавіруса адчуваюць істотнае скарачэнне даходаў.
Для падтрымкі дробных прадпрымальнікаў прапануюцца наступныя меры:
— вызваліць ІП на 90 дзён, пачынаючы з 1 красавіка 2020 года, ад абавязковых плацяжоў у выглядзе падаткаў, збораў і ўнёскаў, якiя бяруцца рэгулярна ў справаздачныя перыяды, незалежна ад узроўню даходаў (іншымі словамі, абвясціць для мікрабізнесу падатковыя вакацыі);
— абвясціць на 90 дзён мараторый на любыя праверкі ІП рознічнага гандлю;
— адкрыць у банках кожнаму ІП рознічнага гандлю рахунак (паводле заяўнага прынцыпу) і зрабіць наступны партфель для матэрыяльнай падтрымкі мікрабізнесу: 3000 рублёў ад дзяржавы ў выглядзе бязвыплатнай падтрымкі і 9000 рублёў у выглядзе безадсоткавага крэдыту тэрмінам на 5 гадоў. РГА "Перспектыва" тлумачыць гэтыя лічбы тым, што стварэнне аднаго працоўнага месца, паводле ацэнак розных інстытутаў эканомікі, каштуе каля 4-4,5 тысячы долараў. "Таму сёння важна захаваць працоўныя месцы і патэнцыял людзей бізнесу", — лічаць у аб'яднанні.
Акрамя таго, "Перспектыва" просіць знізіць стаўкі арэнднай платы не менш як на 60% для ўсіх арэндадаўцаў тэрмінам на 90 дзён. Акрамя таго, прапануецца адвязаць арэндныя стаўкі ад валюты і прывязаць іх да беларускага рубля.
"У сувязі з гэтым лічым неабходным падключэнне Нацыянальнага банка да вырашэння праблемы арэнды ў частцы рассылання рэкамендацый, як рэгулятара, камерцыйным банкам. Гэта абгрунтавана тым, што шырока распаўсюджаная практыка банкаў забароны на ўзгадненне зніжэння арэндных ставак арандадаўцамі для арандатараў (па хадайніцтвах апошніх) гандлёвых цэнтраў і рынкаў, што прапісваецца ў дзеючых доўгатэрміновых крэдытных дагаворах, за кошт якіх пабудавана большасць рынкаў і гандлёвых цэнтраў", — гаворыцца ў лісце за подпісам кіраўніка аб'яднання Анатоля Шумчанкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.