Польскi аглядальнiк пра беларускi тупiк: “Сітуацыя, калі добрага выхаду няма”
Міхал Патоцкі, палітычны аглядальнік, журналіст выдання Dziennik Gazeta Prawna, у эфіры Еўрарадыё расказаў пра тое, што польскаму боку прапаноўвалі размовы з рэжымам Лукашэнкі, але польскі бок сказаў “не”. “Гэта яшчэ не той момант, мы не маем ніякіх гарантый, што пасля такой сустрэчы сапраўды беларускі бок штосьці зробіць, каб вызваліць не аднаго ці двух, а нейкую большую колькасць палітвязняў”.
— Такія кантакты сведчаць пра тое, што штосьці адбываецца і прыйдзе такі момант, калі гэтыя кантакты стануць больш сур'ёзнымі. Я думаю, што ў 2022 годзе яны ўжо будуць. Магчыма, на нефармальным узроўні, але будуць. Лукашэнка ведае, што ён зачысціў усё ў Беларусі. СМІ не засталося, палітвязняў больш за 900. З яго пункту гледжання, цяпер ужо нашмат больш бяспечна размаўляць і ісці на кампрамісы і саступкі. Я думаю, што мы да гэтага дойдзем, незалежна ад таго, што Варшава не будзе ў авангардзе такіх перамоў.
Як кажа журналіст, гэта цяжкае пытанне, але “з аднаго боку, санкцыі пакуль не дзейнічаюць, з іншага боку, санкцыі не такія, як хацелася б тым, хто падтрымлівае палітыку санкцый”.
— Праз скандал у Літве мы бачым, што тыя санкцыі, якія ёсць, не заўсёды працуюць. Таксама ёсць разуменне, што санкцыі, з аднаго боку, фактар, які перашкаджае Лукашэнку рабіць, што ён хоча. Але таксама яны не дзейнічаюць добра на беларускі суверэнітэт, яны ўпіхваюць Беларусь у абдымкі Расіі.
Еўрапейскія палітыкі хацелі б гэтага пазбегнуць. Таму мы маем сітуацыю, калі добрага выхаду няма. І ўсе разумеюць, што гэта тупік.
А на такія сур'ёзныя санкцыі, якія б сапраўды ўдарылі па беларускай эканоміцы, няма гатоўнасці ў Еўропы. Таму што ёсць краіны, якім не падабаюцца ўвогуле канкрэтныя санкцыі супраць Беларусі.
А з другога боку, у сітуацыі, у якой больш за 40% беларускага гандлю ідзе ў Расію, еўрапейскія санкцыі не маюць такога прынцыповага значэння, калі Расія да гэтых санкцый не далучыцца. І для Расіі гэта пакуль аптымальны варыянт падзеяў.
— Гэта зліў Беларусі?
— Калі гэта прызнаць зліваннем Беларусі, то так. С пункту гледжання палітыкаў, самае страшнае не тое, што адбылося пасля выбараў, — рэпрэсіі i катаванні. Самае страшнае, што Лукашэнка пачаў ствараць пагрозу для бяспекі еўрапейскіх дзяржаў.
Па-першае, Пратасевіч, гэта быў унутрыеўрапейскі пералёт з Грэцыі да Літвы. Па-другое, памежны крызіс, гэта ўдар па Еўропе. Па-трэцяе, тое, што паказалі на дакументах беларускія мігранты: магчымая арганізацыя нейкіх забойстваў беларускіх эмігрантаў на тэрыторыі Еўрасаюза. Гэта таксама ўдар па бяспецы.
Цяпер гэта канкрэтная пазіцыя, таму што пад пагрозай наша еўрапейская саюзная бяспека. І магчыма, Еўропа можа пайсці на кампраміс с Лукашэнкам, калі ён адыдзе ад такой палітыкі, каб чыніць пагрозу нашай бяспецы.
Калі не будзе памежнага крызісу, калі не будзе забойства людзей на тэрыторыі Еўрасаюза, тады, я думаю, гэтыя размовы будуць больш канкрэтнымі, і гэта вельмі магчыма ў новым годзе.
— Не будзем забіваць на тэрыторыі Еўрасаюза, будзем выкрадаць і забіваць у Беларусі?
— Ну, выкраданне гэта таксама будзе лічыцца як пагроза еўрапейскай бяспецы, значыць, трэба яшчэ больш кампрамісаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.