Попыт на дактароў у гарадах Беларусі перавышае прапанову ў 76 разоў
На рынку працы ў Беларусі адчуваецца дэфіцыт медыкаў і празмерная колькасць эканамістаў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Так, на 1 снежня 2015 года ў гарадах было 18 беспрацоўных дактароў, а наймальнікі шукалі ў 76 разоў больш — 1366 чалавек. Для 9 беспрацоўных фельчараў таксама быў вельмі шырокі выбар працоўнага месца ў гарадах — 252 прапановы працы. Пяць беспрацоўных фельчараў-лабарантаў маглі выбіраць з 278 вакансій, на 1 правізара прыпадала 103 вакансіі, на 1 рэнтген-лабаранта — 94, на трох беспрацоўных фармацэўтаў — 96 вольных працоўных месцаў.
На 73 вакантныя месцы для акушэрак біржы не змаглі ўвогуле прапанаваць ніводную беспрацоўную кандыдатуру. Медсёстраў у гарадах патрабуецца ў 40 разоў больш, чым ёсць беспрацоўных — 1812 вакансій пры 45 кандыдатурах.
Зрэшты, медыкаў бракуе не толькі ў гарадах, але і ў вёсцы. У сельскай мясцовасці не хапае 99 дактароў і 134 медсястры, а на ўліку па беспрацоўі стаяць толькі тры медсястры і ні аднаго лекара-спецыяліста.
Затое прапанова эканамістаў у пяць разоў перавышае попыт: на ўліку на біржах працы ў гарадах стаяць 402 беспрацоўныя, а прапануецца ім толькі 72 месцы. 560 дыпламаваных беспрацоўных бухгалтараў прэтэндуюць на 270 вакансій бухгалтара і галоўнага бухгалтара, 234 беспрацоўныя юрысты — на 59 адпаведных вакансій.
Аналіз балансу вакансій праводзіцца ў Беларусі два разы на год — па стане на 1 чэрвеня і 1 снежня.