Прафесар медуніверсітэта агітуе па школах за беларускую мову
Выкладчык Алесь Астроўскі шукае 14 першакласнікаў, каб у Гродне адкрыўся беларускамоўны клас.
Па паўгадзінным выступленні ў дзвюх школах за вечар. Такі расклад “лекцый” выкладчык гродзенскага медуніверсітэта Алесь Астроўскі мае да канца тыдня.
"Калі
дзіця вучыцца на беларускай мове і адначасова знаходзіцца ў рускамоўным
асяродку – гэта толькі спрыяе яго развіццю. Ты толькі рашыся на гэта!" — заклікае Алесь Астроўскі.
За
невялікі час ён мусіць знайсці жадаючых аддаць сваё дзіця ў
беларускамоўны клас. Патрэбна не менш за 14 заяваў. Роўна столькі вучняў
яшчэ неабходна сабраць, каб на базе сярэдняй школы №32 адкрыць
беларускі клас. Пакуль што там ляжыць толькі адна заява — ад самога
Алеся Астроўскага. Сёлета яго старэйшая дачка Света пайшла ў
першы клас. Калі жадаючых вучыцца па-беларуску не знойдзецца, прафесар
мае намер арганізаваць для сваёй дачкі індывідуальнае навучанне.
Алесь Астроўскі:
"У гэтым навучальным годзе Света пры ўсіх абставінах будзе вучыцца на
беларускай мове. Калі ўсё ж клас не арганізуюць, мы будзем шукаць
настаўніцу, якая здольная выкладаць на беларускай мове. І мы будзем
наймаць яе, плаціць свае грошы".
Расклад бацькоўскіх сходаў прафесар атрымаў у гарвыканкаме пасля таго, як 2 верасня ўсёй сям’ёй выйшаў на пікет у абарону навучання на беларускай мове.
"Упершыню
за шмат гадоў я адчуў, што начальства пачынае разумець, што гэта
рэальная праблема. Я спадзяюся, што-небудзь зрушыцца. Мы зрабілі адчайны
крок. Сям’і гэта нашай далося з вялікімі цяжкасцямі, таму што прэсінг
быў не столькі ад начальства, колькі ад блізкіх людзей, якія казалі “Як
вы возьмеце дзяцей?!” — гаворыць Алесь Астроўскі.
Яшчэ задоўга да пачатку навучальнага года яго жонка Аксана
высвятляла ў раённым аддзеле адукацыі, дзе ёсць беларускамоўны клас у
мікрараёне Дзевятоўка (менавіта тут жыве сям’я Астроўскіх). Чыноўнікі
параілі звярнуцца ў 32-ю сярэднюю школу. Заяву на навучанне дачкі
па-беларуску бацькі падалі 2 ліпеня. Празвінеў першы званок — Свету
Астроўскую размеркавалі ў рускамоўны клас.
У
гэтай самай школе такая ж сітуацыя была 4 гады таму. Нягледзячы на
грамадскую акцыю Таварыства беларускай мовы, Кірыл Ярашкевіч быў адзіным
першакласнікам, які хацеў у беларускамоўны клас. Цяпер ён вучыцца ў
звычайным класе, а родную пазнае дома.
Фота — Еўрарадыё, Радыё Свабода