Праз скасаванне іранскіх санкцый Беларусь можа страціць 500-800 млн долараў

У чацвер паспяхова скончыліся васьмідзённыя перамовы па іранскай ядзернай праграме. Шэсць краінаў, што прадстаўлялі сусветную супольнасць — ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Расія і Кітай, — заключылі з Іранам рамачнае пагадненне. Яно мусіць пазбавіць Тэгеран магчымасці стварыць атамную бомбу пад прыкрыццём грамадзянскай ядзернай праграмы і скончыць крызіс, які цягнецца ўжо 12 гадоў.

Згодна з пагадненнем, Іран павінны на дзве траціны скараціць дзейныя цэнтрыфугі па ўзбагачэнні ўрану. Зменшыць запасы нізкаўзбагачанага ўрану. Перабудаваць рэактар на цяжкай вадзе ў горадзе Эрак, каб той не змог вырабляць зброевы плутоній. А таксама дазволіць назіральнікам МАГАТЭ ладзіць рэгулярныя праверкі ўсіх ядзерных аб’ектаў.

Паводле пагаднення, санкцыі ЕС і ЗША, што звязаныя з ядзернай праграмай Ірана, будуць паступова скасоўвацца, але могуць быць адноўленыя, калі Тэгеран парушыць узятыя на сябе абавязкі.

Кіраўніка МЗС Ірана Джавада Зарыфа ў Тэгеране сустракаюць як героя

Рамачнае пагадненне стане асновай для канчатковага пагаднення, якое мусіць быць падпісанае да 30 чэрвеня. Іран чакае, што скасаванне санкцый стане пазітыўным штуршком для эканомікі Ісламскай рэспублікі. А што чакае свет, калі санкцыі супраць Ірана будуць знятыя?

Наступствы для Бліжняга Усходу

У атмасферы абвастрэння стасункаў паміж суніцкімі і шыіцкімі краінамі арабскага свету зняцце санкцый з Ірана можа прывесці да адкрытага баявога супрацьстаяння.

Аналітыкі нямецкага выдання Spiegel ужо называюць ваенны канфлікт у Емене “пасрэдніцкай вайной” паміж суніцкай Саудаўскай Аравіяй і шыіцкім Іранам.

Зняцце санкцый можа ўзмацніць барацьбу Эр-Рыяда і Тэгерана за панаванне ў рэгіёне і справакаваць адкрытую вайну паміж сунітамі і шыітамі, ператвараючы без таго неспакойны рэгіён у самую гарачую кропку на планеце.

З гэтай нагоды прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху ў інтэрв’ю тэлеканалу NBC заявіў, што ў выпадку падпісання дамовы “Іран застанецца тэрарыстычнай дзяржавай з развітай ядзернай інфраструктурай”. На яго думку, у адказ суніцкія краіны Бліжняга Усходу будуць нарошчваць ўласныя ўзбраенні, у тым ліку ўступяць у гонку за ўладанне ядзернай зброяй.

“Бліжні Усход, нашпігаваны ядзернымі боегалоўкамі, стане кашмарам для ўсяго свету. Цяперашні варыянт пагаднення — мара для Ірана і будучы жах для планеты”, — адзначыў ізраільскі прэм'ер.

Наступствы для глабальнай эканомікі

Навіна пра перспектыву скасавання санкцый у чацвер на кароткі час абваліла нафтавыя каціроўкі адразу на 4%. Эксперты мяркуюць, што калі санкцыі будуць знятыя, перапоўнены рынак вуглевадародаў напоўніцца яшчэ і іранскай нафтай, што абваліць цэны на 10 ці нават на 20 долараў за барэль.

Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што такі сцэнар цалкам магчымы. Цяпер, за кошт нізкіх цэнаў на вуглевадароды, актыўна запаўняюцца сусветныя нафтавыя рэзервы. Пры захаванні такіх жа тэмпаў яны запоўняцца ў сярэдзіне мая. А калі на рынку з’явіцца яшчэ і іранская нафта, гэта абваліць цэны да 30-40 долараў за барэль.

Наступствы для Беларусі

Эканаміст кажа, што цана на нафту на ўзроўні 40 долараў — гэта сур’ёзнае выпрабаванне для беларускага бюджэту.

“Пры такіх умовах мы страцім 500-800 мільёнаў долараў у дадатак да таго, што мы ўжо страцілі, калі разлічвалі бюджэт з улікам цаны ў 83 долары за барэль.”

Гандаль нафтапрадуктамі стане не такім прывабным, павялічыцца нагрузка на бюджэт, бо давядзецца дапамагаць нафтаперапрацоўчым заводам. Нафтавая прамысловасць, замест таго каб падтрымліваць нашу эканоміку, пачне зацягваць нас глыбей у рэцэсію.

НПЗ "Нафтан"

Нізкія цэны на “чорнае золата” на сусветных рынках могуць знізіць курс расійскага рубля, а гэта непазбежна адаб’ецца і на беларускай фінансавай сістэме, мяркуе эканаміст.

“Калі расійскі ўрад вырашыць падтрымаць сваіх нафтавікоў новымі крэдытамі, гэта прывядзе да падзення расійскага рубля. А гэта дадатковая дэвальвацыйная нагрузка на Беларусь. Зноў падзенне нашай канкурэнтаздольнасці і працяг макраэканамічнай разбалансіроўкі паміж нашымі краінамі”, — кажа Яраслаў Раманчук.

Фота: temidnya.ru, AFP, ЕРА, novopolotsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі