Расія выйшла са “збожжавай дамовы”: што гэта значыць і ці чакаць марскога бою?
І на што паўплывае блакада Расіяй партоў у Чорным моры / калаж Улада Рубанава
17 ліпеня Расія аб'явіла аб выхадзе са "збожжавай дамовы" і пагражае бяспецы суднаходства ў Чорным моры. Гэта рэзка раскрытыкавалі на Захадзе, а ва Украіне заявілі пра гатоўнасць прадоўжыць экспарт харчавання і без удзелу Расіі.
Еўрарадыё тлумачыць, што гэта ўсё значыць.
Чаму РФ спыніла "збожжавую дамову"?
17 ліпеня прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў выступіў з заявай пра тое, што Расія не будзе працягваць удзел у Чарнаморскай збожжавай ініцыятыве.
Палітолаг Павел Усаў назваў гэта чарговай дэманстрацыяй бяссілля Захаду.
“У NATO (толькі ў Турцыі) велічэзны ваенна-марскі патэнцыял у Чорным моры, каб рэалізаваць гуманітарную місію і дэблакіраваць Украіну (як мінімум). Бо як жа па-іншаму? Тут гаворка ўжо вядзецца не пра бедную Украіну, якую штодня рускія закідваюць ракетамі, але пра сотні мільёнаў людзей, якія будуць галадаць і паміраць з голаду. А таксама пра ўласную бяспеку. Наўрад ці Масква захоча ўступаць наўпрост у ваенную канфрантацыю з NATO.
Але ж не, Захад баіцца раздражняць Расію. Турцыя ж, у сваю чаргу, будзе і далей рабіць грошы на рускіх турыстах і прапускаць рускія караблі праз Басфор. (Агульны тавараабарот расійскіх партоў — каля 200 млн тон у год)”.
На думку Усава, адсутнасць радыкальных мер уздзеяння і прымусу ў дачыненні да Масквы будзе спрыяць зацягванню вайны і пошукам з боку Захаду новых кампрамісаў з Масквой, асабліва калі сапраўды пачнецца новы гуманітарны крызіс у Афрыцы.
Расія атакуе Адэскую і Мікалаеўскую вобласці
Адразу пасля выхаду з дамовы Расія пачала атакаваць Адэскую і Мікалаеўскую вобласці. Так, уначы 19 ліпеня яна нанесла самы магутны за час вайны ракетны ўдар па Адэсе. У мясцовым порце было знішчана 60 тысяч тон збожжа, была пашкоджаная значная частка інфраструктуры.
“Пасля таго як Расія разарвала "збожжавую дамову", яна тут жа пачала наносіць па Адэсе і Мікалаеве ўдары, руйнуючы збожжасховішчы і партовую інфраструктуру. Наносіць удары ракетамі, якія не можа перахопліваць наша СПА. А чаму не можа? Прывітанне нашым партнёрам!” — абураецца ваенна-палітычны аглядальнік групы "Інфармацыйны супраціў" Аляксандр Каваленка.
Ён жа разважае, чым украінскім партнёрам пагражае ўся гэтая сітуацыя:
“Вельмі хутка Афрыку ахопіць харчовы крызіс, і ўжо сёлета мы можам убачыць голад у Афрыцы. А дзе голад, там і сацыяльная, палітычная, гуманітарная хаатызацыя і хваля ўцекачоў. Маштабны голад у XXI стагоддзі з тысячамі, дзясяткамі тысяч смерцяў. Гэта мажліва? І міграцыя...
Мільёны жыхароў Афрыкі хваляй рынуцца ў Еўропу, гатовыя інтэгравацца ў еўрапейскую культуру, вывучыць еўрапейскія мовы і лад жыцця, зрабіцца частка цывілізаванай, высокаадукаванай супольнасці, папоўніць культурную разнастайнасць краін ЕС. Якая захапляльная карціна”.
Расія і Украіна абменьваюцца пагрозамі
Што такое ўвогуле "збожжавая дамова"?
З пачатку поўнамаштабнай вайны краіны Афрыкі засталіся без украінскіх паставак збожжа і іншай аграпрадукцыі праз блакаду Расіяй партоў у Чорным моры. Пазней Турцыя і ААН падпісалі два асобныя пагадненні з Расіяй і Украінай для стварэння гуманітарнага калідора ў Чорным моры.
Дзеянне ініцыятывы некалькі разоў працягвалася. Аднак кожны раз перад тым, як тэрміны заканчваліся, РФ заяўляла, што не будзе працягваць працу "калідора" і спрабавала праціснуць выключэнні з санкцый або дадатковыя магчымасці для расійскага экспарту. Чарговы гранічны тэрмін дзеяння пагаднення быў усталяваны на 17 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.