Дэпутат: Сфармаваць дзве камісіі з двух эканамістаў вельмі складана

121030_luka6uk_komissii.mp3

Народныя абраннікі паступова ўцягваюцца ў працу — ужо і па камісіях размеркаваліся. Якім прынцыпам кіраваліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, абіраючы для сябе камісіі?


Былы дырэктар сярэдняй школы №5 з Гомеля Віктар Фесак лічыць, што менавіта ў камісіі па міжнародных справах ён прынясе найбольш карысці. Вопыт па наладжванні міжнародных сувязяў мае, замежнай мовай валодае ў дасканаласці. Украінскай!


Віктар Фесак: “Я валодаю дасканала ўкраінскай мовай! Маю вопыт працы з Украінай, з Расіяй: мы вялі шматгадовае супрацоўніцтва адукацыйнае, заключалі дамовы — у гэтай тэме невялікі вопыт”.


Некалі Віктар Фесак, практычны псіхолаг дзяржкіравання, вывучаў англійскую мову. Зараз мае намер аднавіць веды.


Віктар Фесак: “Думаю, што будуць у нас адпаведныя курсы. Кожны жадаючы такую заявачку пакінуў”.


Дыпламаваны палітолаг, намеснік старшыні КПБ Валянціна Леаненка валодае англійскай мовай. Не ў дасканаласці, прызнаецца, але каб паразумецца — дастаткова. І дадае: для сябра міжнароднай камісіі галоўнае не замежная мова. Галоўнае — вопыт.


Валянціна Леаненка: “Калі ёсць вопыт, калі ёсць, што сказаць, то перакладчыку будзе, што перакласці. Галоўнае, каб чалавек валодаў тэмай. Тут і агульная эрудыцыя, і ўсё. Мову можна вывучыць, а калі няма вопыту, няма ведаў у гэтай галіне, то гэта ўжо складаней зрабіць”.


Камісію па міжнародных справах узначаліў Мікалай Самасейка. У парламенце мінулага склікання ён быў старшынёй камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях. А яшчэ раней быў старшынёй суда Цэнтральнага раёна Мінска. Яго намеснікамі сталі Віталь Бусько, былы прарэктар Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Уладзімір Дзедушкін, старшыня Аршанскага райвыканкама і аграном паводле адукацыі, лекар Ганна Лявіцкая. А яшчэ ў камісіі былыя дырэктар “Рэчыцкага метызнага завода”, дырэктар “Гамсельмаша”, старшыня Мінгарсавета.


А намеснікам старшыні парламенцкай камісіі па бюджэце і фінансам стаў... дырэктар Віцебскай кадэцкай вучэльні Уладзімір Шыцько. Свой выбар дэпутат патлумачыў проста.


Уладзімір Шыцько: “Эканамістаў у парламенце не шмат. Сфармаваць дзве камісіі — эканамічнага развіцця ды бюджэта і фінансаў — з двух эканамістаў вельмі складана. Я лічу, што і ў бюджэце павінны быць людзі розных спецыяльнасцяў, каб лягчэй было арыентавацца і адстойваць пазіцыі па праблемах, якія ёсць”.


Тым больш, што ён як дырэктар меў дачыненне да бюджэту вучэльні, а як дэпутат аблсавета — да абласнога бюджэта. Таму на сваім месцы ў камісіі і былая старшыня Аршанскага гарсавета Людміла Дабрыніна, і старшыня Петрышэўскага сельвыканкама Аляксандр Мякіннік — яны з бюджэтнымі пытаннямі сутыкаліся. Хоць і не такога ўзроўню, як зараз. Дый, і эканаміст у камісіі адзін усё ж такі ёсць — Валерый Барадзеня.


Восем з дзевяці сябраў камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры і моладзевай палітыцы — лекары. І толькі адзін спартсмен — Вадзім Дзевятоўскі. Як тлумачыць Еўрарадыё Валянціна Леаненка, калі раптам высветліцца, што нехта з дэпутатаў памыліўся з выбарам камісіі, то парламентары могуць месцамі памяняцца.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі