Шнобелеўскую прэмію па біялогіі атрымаў чалавек-казёл

Шнобелеўскую прэмію па біялогіі атрымаў чалавек-казёл

Брытанец, які тры гады пражыў у Альпах у ролі казла, атрымаў Шнобелеўскую прэмію 2016 года ў галіне біялогіі. Том Туэйтс прыдумаў спецыяльныя пратэзы, каб перасоўвацца ў гарах на манер парнакапытных. Асноўнай ідэяй была барацьба са стрэсам ва ўмовах сучаснай цывілізацыі.

Туэйтс пасвіў коз, хадзіў па-казлінаму і еў траву. Ён нават наладзіў сяброўскія адносіны з адным з мясцовых казлоў, але ж аднойчы ён цудам пазбег сутычкі з іншымі самцамі.

Сваю прэмію брытанец падзяліў з суайчыннікам, Чарльзам Фостэрам, які спрабаваў увасобіцца ў ролю барсука, лісы і аленя, перадае ВВС.

Шнобелеўская прэмія ўручаецца ўжо 26 гадоў. Яе даюць за кур’ёзныя даследаванні і адкрыцці, якія “спачатку вылікаюць усмешку, але потым прымушаюць задумацца”. Цырымонія праходзіць у Бостане ў Гарвардскім універсітэце.

Сёлета Шнобеля сярод іншых атрымала нямецкая кампанія Volkswagen, якая прыдумала спосаб падманваць тэсты на ўтрыманне ў выхлапных газах вокісі азоту. Прэмію ў галіне рэпрадукцыі далі егіпецкаму ўроламу Ахмеду Шафіку, які надзяваў на самцоў пацукоў майткі, зробленыя цалкам з поліэстэру, поліэстэру з бавоўнай, з бавоўны і чыстай воўны. Такім чынам доктар вывучаў уплыў розных матэрыялаў на сэксуальнае жыццё грызуноў. Поліэстэр, як паказала даследаванне, зніжае палавую актыўнасць.  

Прэмію ў галіне эканомікі далі Марку Авісу, прафесару з Новай Зеландыі. Ён вывучаў разам з калегамі, якімі чалавечымі якасцямі людзі надзяляюць розныя мінералы і горныя пароды. У раздзел эканомікі гэтая праца трапіла за тое, што даследаванне “характару камянёў” кідае выклік навуковай тэорыі пра надзяленне нейкімі чалавечымі якасцямі вядомых рынкавых брэндаў.

Таксама Шнобеляў уручалі за даследаванні пра любоў стракозаў да чорных надмагільных плітаў, за літаратурны твор пра калекцыянаванне мёртвых і жывых мух і іншыя займальныя даследаванні.

Нагадаем, што Беларусь ужо мае свайго шнобелеўскага лаўрэата: гэта Аляксандр Лукашэнка ўласнай персонай, які ў 2013 годзе атрымаў альтэрнатыўную прэмію міра за забарону публічных апладысментаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі