Што мінчане думаюць пра новы “дэкрэт аб дармаедстве”
Найбольшае здзіўленне ў мужчын выклікае тое, што хатнія гаспадыні цяпер таксама адносяцца да дармаедак.
2 красавіка Аляксандр Лукашэнка імем барацьбы з дармаедамі падпісвае дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Цяпер, тыя, хто не працуе 183 дні на год і не плаціць падатак ў дзяржаўную кішэню, могуць смела прылічваць сябе да дармаедаў.
Хто лічыцца дармаедам, а хто — не
Еўрарадыё спытала ў мінчан, як яны ставяцца да таго, што ў Беларусі цяпер афіцыйна існуе пакаранне за тое, што сядзіш на канапе і нідзе не працуеш.
Студэнт Уладзіслаў спяшаецца з заняткаў, кажа, што супраць усялякіх прымусаў да працы.
“Ёсць тыя, хто не можа знайсці працу, а ёсць тыя, хто не хоча па азначэнні. Нідзе такога (падатку на дармаедства, — Еўрарадыё) ўвогуле няма, і нам не трэба”, — абураецца Уладзіслаў.
У мінскім скверыку на лавачках шмат людзей: больш сталыя сядзяць за размовай, моладзь уткнулася ў мабільныя. Адзін з такіх — Руслан. Пра новы дэкрэт пакуль не ведае.
“А хатняя гаспадыня таксама дармаедка?” — пытаецца Руслан.
Еўрарадыё: Так, калі ў яе няма дзяцей да 7 гадоў, яна лічыцца дармаедкай. У дэкрэце — ёсць тлумачэнне.
Руслан: Вось з гэтым не згодны! Быць хатняй гаспадыняй — гэта таксама праца, і якая! Неяк я сустракаў факт, што ў нейкага пасла жонка нідзе не працавала. У яе ў працоўнай кніжцы нават напісана “жонка пасла”! Гэта ж столькі трэба працаваць. Чаму я не на працы? У мяне сваё прадпрыемства і праца такая, што мне не трэба ўвесь час знаходзіцца на месцы.
Інга спазняецца на працу, але прыпыняецца, калі чуе пытанне пра дармаедаў.
“Мне здаецца, гэта глупства і марнаванне часу, прымушаць некага да працы. Трэба рабіць так, каб чалавек сам быў зацікаўлены ў працы, каб ён сам хацеў ісці на працу — не прымушаць, а заахвоціць гэта рабіць. Калі не хоча на працу, значыць, такія ў чалавека патрэбы”.
Студэнтка Іна адначасова вучыцца і працуе ў школе. Яна кажа, што недзе працаваць і самому прыемна, бо не трэба сядзець на шыі ў бацькоў. Але Іна абсалютна супраць дэкрэта.
“А што калі нехта працуе на сябе? Хіба ён дармаед?” — Іна кажа, што дэкрэт, хутчэй за ўсё, разлічаны на тое, каб папоўніць дзяржказну.
А вось доктар Святлана мяркуе, што з дэкрэтам будзе справядлівей. Яе сустракаем на плошчы Незалежнасці, яна бяжыць з адной паліклінікі, дзе ўжо адпрацавала змену ў іншую — на другую змену.
“Ведаеце, трэба прымушаць. Бо калі па 12 гадзін працуеш і атрымліваеш потым пенсію, а яна амаль роўная сацыяльнай для тых, хто нідзе не працаваў і сябе глядзеў, гэта крыўдна. Вунь колькі вакансій — няхай працуюць”, — аргументуе Святлана.
Вераніка працуе ў другую змену на “Інтэграле”, а ўдзень проста гуляе. З аднаго боку, яна згодная з тым, што ўсё павінны працаваць.
“Літаральна ўчора ішла ў краму і ў мяне папрасілі 700 рублёў, зразумела, гэта не грошы, але зразумела на якія мэты — каб выпіць. Вось такіх трэба прымушаць працаваць. Трэба іх прымушаць працаваць, каб людзі маглі сябе забяспечыць, каб не папрашайнічалі”.
Але з іншага боку Вераніка дэкрэт і не падтрымлівае.
“Цяпер паўсюль скарачэнні на дзяржпрадпрыемствах. Я сама працую на такім, куды пойдуць гэтыя людзі? Вось гэта будзе цяжкае становішча”.
Вераніка заўважае, што ўсеагульная барацьба з дармаедствам можа прывесці да росту колькасці беспрацоўных.
Цяпер па версіі Мінпрацы узровень беспрацоўя ў Беларусі складае 0,8%. Магчыма, пасля прыняцця дэкрэта гэты паказчык павысіцца. Пра гэта падчас прамой лініі паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Алег Такун.
“У дэкрэце дакладна прапісана, хто будзе адносіцца да дармаедаў. У Мінпрацы такіх звестак няма, колькі ў нас непрацуючых, але ёсць прыблізныя, такія як і агучыў прэзідэнт — каля 400 000 дармаедаў. Іх выяўленнем будзе займацца падатковая. Гэта прапісана ў дэкрэце аб дармаедах”, — сказаў Алег Такун.