Што новага стала вядома пра каранавірус і яго ўздзеянне на людзей
Праз чатыры месяцы пасля пачатку распаўсюду каранавіруса навукоўцы па-ранейшаму вельмі мала ведаюць пра вірус, які выклікае хваробу і пра яго ўздзеянне на арганізм. Аднак агульная карціна паступова складаецца. "Бі-Бі-Сі" прааналізавала публікацыі ў навуковых часопісах, у якіх лекары з усяго свету дзеляцца досведам лячэння пацыентаў з каранавірусам.
Высвятляецца, што працягвае пашырацца спіс магчымых сімптомаў COVID-19. Іх ужо больш за дзясятак. Заражэнне не абмяжоўваецца інфекцыяй дыхальных органаў. Практыка паказвае, што ў значнай часткі пацыентаў вірус наносіць удар і па нервовай сістэме. Механізм такога ўздзеяння яшчэ не вывучаны. Спецыялісты з Францыі і КНР сведчаць, што больш за траціну заражаных мелі неўралагічныя сімптомы. Гэта ў асноўным былі пацыенты з цяжкай формай працякання хваробы. Сімптомы могуць заставацца нават пасля выздараўлення ад COVID-19.
Больш таго, з насаглоткі вірус здольны пранікаць наўпрост у галаўны мозг. Наступствам гэтага можа стаць парушэнне нармальнай працы практычна любога органа. Спіс ускладненняў павялічваецца. У ім і праблемы з страваваннем, і закаркаванні сасудаў, і сардэчная недастатковасць, і энцэфаліт (запаленне мозгу). Толькі ў Нью-Ёрку за два тыдні ў пацыентаў з каранавірусам зафіксавалі пяць выпадкаў інсульту. І гэта былі людзі да 50 гадоў, без відавочных сімптомаў COVID-19.
Вірус можа парушыць працу нервовай сістэмы як ускосна, шляхам празмернай актывізацыі імуннай сістэмы, так і наўпрост.
Паводле апошніх звестак, амаль палова ўсіх інфікаваных пераносяць COVID-19 без сімптомаў. Каб знайсці прычыну гэтага, у Брытаніі правялі даследаванні некалькіх тысяч пар блізнят. Паводле папярэдніх даных, мяркуецца, што цяжкая форма працякання хваробы, многія яе сімптомы і нават сама верагоднасць інфікавання моцна залежаць ад генетычных фактараў.
У свеце ўжо налічваецца больш за 3 мільёны заражаных каранавірусам, памерлі больш за 200 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.