Што стала са “спісанымі” гістарычнымі каштоўнасцямі Мінска (фота)

За 7 гадоў гістарычнымі каштоўнасцямі перасталі быць як мінімум 5 будынкаў у Мінску. Гэта вынікае з пастаноў Савета міністраў. У 2012 годзе з каштоўнасцяў выключылі трыбуны стадыёна “Дынама”, перад пачаткам яго рэканструкцыі.

“Самае галоўнае там ― уваходная арка і перыметр сцяны з барэльефамі, а трыбуны... якая розніца, як іх размяшчаць. Зразумела, што змяняецца сітуацыя, прыходзяць новыя тэхналогіі ды і канструкцыі трэба перабудоўваць”, ― тлумачаць у Мінкульце і абяцаюць не зносіць на стадыёне ні арку, ні сценку з барэльефамі. Гэта пацвярджаюць і распрацоўшчыкі праекта ў “Мінскпраекце”.

Так зараз выглядаюць трыбуны "Дынама"

А так стадыён будзе выглядаць пасля рэканструкцыі

Знесеныя каштоўнасці: музей ВАВ, электрастанцыя, кватэра падпольшчыкаў 1910 году.

Гісторыка-культурныя каштоўнасці выключаюць са спісу штогод. У 2014-м будынак па вуліцы Вызвалення, 8 ― былы ваенкамат Цэнтральнага раёна — перастае быць каштоўнасцю. Мінкульт палічыў, што гэта не дом святара XIX стагоддзя, як думалі раней.

Цяпер будынак выглядае закінутым, на дзвярах замок і што там будзе ― невядома.

Былая каштоўнасць - будынак па Вызваленні, 8

У 2010 годзе каштоўным перастае быць будынак па праспекце Незалежнасці 32-А. Па адных сведчаннях, там размяшчалася гасцініца пры цырку, па іншых, другі будынак электрастанцыі. Праз год дом знясуць і пачнуць будаваць скандальную гасцініцу, якая так і не стане “Кемпінскі”. Цяпер ад дома нічога не засталося, як і ад першай мінскай электрастанцыі па адрасе Незалежнасці 32-б (суседні будынак).

Від на новабуд з боку цырка

Будынак мінскай электрастанцыі, ужо знесены(фота labadzenka.by)

2008 год. Каштоўнасцю перастае быць канспіратыўная кватэра удзельнікаў мінскага падполля 1910 года па вуліцы Маякоўскага, 35. Цяпер на месцы драўлянай забудовы астравок каменных джунгляў і фундамент новай гасцініцы.

На вуліцы Маякоўскага сёння суцэльная будоўля, недзе тут месцілася кватэра падпольшчыкаў

Тады ж перастае быць каштоўным будынак па Старавіленскай, 40 (пасляваенны дом). Цяпер тут замежныя амбасады.

Cтрачвае каштоўнасць і будынак музея Вялікай айчыннай вайны. Пасля яго знясуць, а на месцы так нічога і не з'явіцца.

“Гэта звычайная практыка, яны такім чынам развязваюць рукі заказчыку работ, ― выказвае меркаванне старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. ― Ніхто не пралічвае, наколькі дэмантаж выгадны, але мы пралічвалі, што гэта зазвычай ударажанне праекта”.

Працэдура вынясення гісторыка-культурнай каштоўнасці са спісу простая: навукова-метадычная рада ўносіць прапановы, Савет міністраў іх ці прымае, ці не. Фактычна, кожны будынак можа перастаць быць гістарычнай каштоўнасцю па прапанове Мінкульта і рашэнні Саўміна.

Каштоўнымі робяць магілу партызана Казлова, і пахаванні на вуліцы Нававіленскай

Але і ўводзяць у каштоўнасці нямала. За 7 гадоў больш за 100 аб’ектаў. Усё — пасляваенная забудова.

У 2014 годзе у каштоўнасці не ўводзяць ні адзін будынак у Мінску. Толькі лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах набывае такі статус.

2012 год. Да каштоўнасцяў далучаюць каля 100 дамоў забудовы па вуліцах Мяснікова, Багдановіча, Валадарскага, Гарадскі вал, Камуністычная, Куйбышава, Машэрава, Раманаўская слабада. Гэта будынкі 1950-х гадоў. Відаць, такое рашэнне Мінкульта звязанае з жаданнем працягнуць ансамбль праспекта Незалежнасці ў спадчыну Юнэска.

2010 год. У спіс каштоўнасцяў уносяць месца пахавання ваеннапалонных лагера “Дразды” па вуліцы Нававіленская і помнік партызану Васілю Казлову на Усходніх могілках.

У 2009 годзе ў спіс каштоўнасцяў трапляюць яшчэ 6 будынкаў у Мінску. Гэта таксама пасляваенная забудова на вуліцах Свярдлова і Ульянаўскай.

А ў 2008 годзе у спіс помнікаў уносяць Мемарыяльны знак на месцы размяшчэння канспіратыўнай кватэры ўдзельнікаў Мінскага падполля. Акурат тады, калі са спісу помнікаў выключаюць саму кватэру.

Фота: Еўрарадыё, На 1 фота: знесеная мінская электрастанцыя і новабуд ля цырка, які першапачаткова мусіў стаць гасцініцай "Кемпінскі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі