Штраф за аўтастрахоўку: з кіроўцаў пачалі браць дадатковую камісію

Беларусаў абкладаюць усё новымі і новымі падаткамі ды пошлінамі. Не паспела грамадства пераварыць спрэчны  “збор для дармаедаў”, як стала вядома пра чарговую камісію ў дачыненні да аўтамабілістаў.

Гутарка вядзецца пра сітуацыю, калі штрафуюць за адсутнасць абавязковага страхавання. Мала таго, што само пакаранне складае на сёння аж 900 тысяч рублёў (5 базавых адзінак), дык яшчэ і “Беларусбанк” пачаў спаганяць дадатковае камісійнае ўзнагароджанне у 18 тысяч рублёў (2% ад штрафу). Такім чынам, плаціць трэба 918 000. Пры гэтым грошы пералічваюцца з дзяржаўнага банка ў дзяржаўнае Беларускае бюро па транспартным страхаванні.

“Звычайна штрафы сплачваюцца без камісіі. А тут няма рахунка на абслугоўванне, хоць раней ён быў”, — кажуць здзіўленым аўтамабілістам у аддзяленні “Беларусбанка” №529/190 па сталічнай вуліцы Талбухіна. Сюды звычайна прыходзяць штрафнікі з ДАІ Першамайскага раёна Мінска. 

У самой ДАІ разводзяць рукамі: са штрафаў звычайна дадатковыя камісіі не бяруцца, мы тут увогуле не пры справе.

У кол-цэнтры “Беларусбанка” збітым з панталыку аўтамабілістам таксама тлумачаць, што камісій няма, калі падпісаная адпаведная дамова з арганізацыяй, куды ідуць грошы.

“Калі ж дамовы няма, камісія спаганяецца”, — рэзюмуюць у кол-цэнтры і 

раяць удакладніць пытанне ў яшчэ якім-небудзь банкаўскім аддзяленні, каб там паглядзелі рэквізіты і ўсё патлумачылі.

Такім чынам, у аддзяленні “Беларусбанка” №524/297 па вуліцы Карла Маркса ў Мінску шараговая супрацоўніца правярае рэквізіты, на ўсялякі выпадак кансультуецца з начальствам і выносіць вердыкт: са штрафу трэба сплаціць 2% камісіі. 

“Таму што не заключаная дамова з Беларускім бюро па транспартным страхаванні”, — пацвярджае ўжо раней пачутую інфармацыю супрацоўніца банка. 

Звязваемся з Беларускім бюро па транспартным страхаванні, на рахункі якога пералічваюцца штрафы. Намесніца галоўнага бухгалтара Наталля Дрозд запэўнівае Еўрарадыё, што “Беларусбанк” не павінен браць камісійных узнагароджанняў: 

“Такое ўжо здаралася, я высвятляла, у чым рэч, звязвалася з банкам. Там сказалі, што супрацоўнік памыліўся. Калі такое здарылася, яны абавязаныя вярнуць чалавеку камісію”.

Сітуацыя выглядае даволі паказальнай. Калі аўтамабіліст губляе канцэнтрацыю  і забываецца аплаціць страхоўку, то яго жорстка штрафуюць на 900 тысяч. Калі ж непаразуменні ўзнікаюць паміж дзяржаўнымі ведамствамі, то б’е гэта па кішэні таго ж самага шараговага кіроўцы. Бо не праплаціш банку 2% — не дадуць квіток аб пагашэнні штрафу. Значыць, у ДАІ не вернуць талон, і можаш увогуле не выехаць за межы Беларусі.

З мінулага года дзяржава неаднаразова шакавала беларусаў разнастайнымі пошлінамі ў стылі дзікага капіталізму. У прыватнасці, уводзіўся дарожны збор, калі за аўтамабіль сярэдніх памераў падчас тэхагляду абавязалі плаціць 6 базавых адзінак (1 080 000 рублёў). Праўда, шматлікія разбітыя дарогі ад гэтага лепшымі пакуль не сталі. Некаторых кіроўцаў прымусілі плаціць і за язду па магістралях. Сістэма “БелТол” толькі на штрафах папаўняе бюджэт мільёнамі і мільёнамі долараў. У 2015-м падатковую нагрузку павялічылі для нашых прыватных прадпрымальнікаў, якія гандлююць несертыфікаваным таварам. Таксама выйшаў дэкрэт, які легалізаваў “збор для дармаедаў” у памеры 20 базавых адзінак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі