Шведы прыдумалі, як ператварыць мільёны старых маек у новыя
Штогод у свеце вырабляецца больш за 100 млрд прадметаў адзення, прычым 65% з іх аказваюцца на сметніку на працягу года / pixabay
Група шведскіх навукоўцаў, хімікаў, прадпрымальнікаў і вытворцаў тэкстылю прыдумалі тэхналогію, якая дазволіць перапрацоўваць мільярды маек — і такім чынам дапаможа экалогіі.
Шведскі вытворца цэлюлозы Renewcell з выкарыстаннем гэтай тэхналогіі пабудаваў першы ў свеце прамысловы завод па перапрацоўцы тэкстыльнай цэлюлозы, піша ВВС. На распрацоўку тэхналогіі пайшло 10 гадоў. Да 2030 года на гэтым заводзе хочуць перапрацаваць больш за 1,4 млрд маек.
Ваша старое адзенне і раней можна было перапрацаваць і атрымаць з яго новы тэкстыль. Але камерцыйных фабрык, якія б займаліся перапрацоўкай у такім аб'ёме, раней не было.
— Штогод у свеце вырабляецца больш за 100 мільярдаў прадметаў адзення, прычым 65% з іх аказваюцца на сметніку на працягу 12 месяцаў. Звалкі выкідаюць вуглякіслы газ і метан. Паводле ацэнак ААН, індустрыя моды адказвае за 8-10% глабальных выкідаў вугляроду, — кажа выканаўчы дырэктар Renewcell Патрык Лундстрам.
Брэнды фаст-фэшн, праз якія збольшага і з'явілася праблема празмернай колькасці адзення, ужо пачалі заключаць кантракты з заводам. Напрыклад, шведскі модны брэнд H&M на працягу 5 гадоў збіраецца перапрацаваць 50 мільёнаў маек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.