Сірыйская настаўніца-ўцякачка: “Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес”

Сірыйская настаўніца-ўцякачка: “Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес”

“Я паказала яму бутэльку. Ён наліў мне вады. Тады я спытала, ці магу падзарадзіць нашы тэлефоны. Ён адказаў: “Добра”. І пайшоў дадому. Праз акно я ўбачыла, як ён некуды тэлефануе. Праз некалькі хвілін прыехала паліцыя і адвезла нас назад на беларускі бок”, расказвае пра прыгоды на беларуска-польскай мяжы газеце Wyborcza сірыйская настаўніца Фаціма. 

Фаціма перайшла мяжу з ЕС толькі з 13 разу. Перадаём яе расказ пра ночы ў балоце і гразі, ваду з лужын, здзекі беларускіх і польскіх сілавікоў і ў выніку happy end.  

“Сірыя не тая краіна, у якой можна жыць. І людзі ў ёй у пастцы”

На цяперашні момант Фаціма разам з дзвюма роднымі сёстрамі знаходзіцца ў цэнтры ўцекачоў у Нідэрландах, куды трапіла на караблі з Польшчы. Некалькі дзён таму яна папрасіла прыстанішча. Чакае сумоўя. 

“У Сірыі вайна ідзе ўжо 10 гадоў. Хаця гэта афіцыйна скончылася. Але гэта няпраўда. Свабоднае сірыйскае войска ўсё яшчэ змагаецца за ўплыў у некаторых рэгіёнах. Выбухаюць бомбы. Людзі ў дамах трымаюць стрэльбы. Могуць нечакана кінуць гранату на вуліцу. Людзі паміраюць. Няма месца, дзе можна адчуваць сябе ў бяспецы. У канцы кастрычніка войскі рэжыму бамбілі горад у правінцыі Ідліб. Дзесяць дзяцей загінула. Сірыя не тая краіна, у якой можна жыць. І людзі ў ёй у пастцы”, — тлумачыць настаўніца сваё рашэнне з’ехаць з Сірыі.

Дарога ў Беларусь

Каб дабрацца да мяжы з ЕС, Фаціма спачатку нелегальна ўехала ў Ліван. У Мінск прыляцела з Бейрута праз Стамбул. Беларускую візу атрымала ў амбасадзе ў Дамаску. Тамсама набыла квіток на самалёт.

“Там мяне дэталёва апыталі. А афіцыйная пазіцыя такая, што мне далі візу, бо я настаўніца, а значыць, маю пастаянную працу, на якую абавязкова хачу вярнуцца. Хоць яны ведаюць, што такія людзі, як я, насамрэч прэтэндуюць на білет у адзін бок. Але мы гуляем у людзей, якія, вядома, маюць намер вярнуцца. Усё гэта гульня. Яны гуляюць з нашым жыццём”.

Паездка ў Мінск і да мяжы каштавала Фаціме каля 2000 долараў:

“На спецыяльных старонках, дзе апісаны гэтыя “падарожжы”, мяне запэўнілі, што ўсё будзе вельмі лёгка. Што я лёгка перасяку польскую мяжу і потым дабяруся, куды захачу. Яны ўвесь час казалі: трэба проста перайсці мяжу… Сказалі, што на перасячэнне мяжы нам спатрэбіцца максімум два дні”.

Сірыйская настаўніца-ўцякачка: “Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес”
Мігранты ля беларуска-польскай мяжы / Аксана Манчук / AP

Спроба 1

Першы пераход праз мяжу доўжыўся каля васьмі гадзін. Фаціме з сёстрамі і іншымі ўцекачамі ўдалося перайсці мяжу, але іх спыніла паліцыя.

“У палякаў была зброя, і яны нам ёю пагражалі. Я плакала. Сказала, што стамілася, і папрасіла не штурхаць да мяжы. Растлумачыла, што мы нікому не робім крыўды. Проста хочам перасекчы мяжу. Просім прытулку. Але нас адвезлі да мяжы і сказалі: “Ідзіце! Пераходу тут няма. Вяртайцеся ў Беларусь”. Я прасіла літасці. Але яны накіравалі на мяне зброю, таму я ведала, што ў мяне няма шанцаў. Праз некаторы час нас захапіла беларуская ахова. Запакавалі у вайсковыя машыны і павезлі назад у лес”.

Фаціма кажа, што беларускія сілавікі разбілі групу, у якой яна была. 

“Адных павезлі ў лагеры, іншых у намёты, нехта павінны быў чакаць у месцах, якія ахоўваліся. Нават калі ішоў дождж, людзям не было дзе схавацца. Яны кожны раз вазілі нас у іншае месца. А пазней падзялілі на групы па некалькі чалавек і заціснулі ў лесе… Менавіта беларусы вырашаюць, калі і якая група адправіцца ў дарогу, хто ў ёй і якой дарогай пойдзе”. 

У кожнай групе, кажа Фаціма, мусіць быць чалавек з тэлефонам. Але гэта не заўсёды.

“ У іх няма тэлефонаў, няма добрай вопраткі, няма чаго есці і піць. Іх адпраўляюць на немінучую смерць”.

Сірыйская настаўніца-ўцякачка: “Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес”
Мігранты ля беларуска-польскай мяжы / Агнешка Садоўская / Agencja Wyborcza

Спроба 2

Другі раз Фаціма перасякала мяжу з чалавекам, хворым на цукровы дыябет. На мяжы ён упаў і пачаў крычаць ад болю. Польскія памежнікі ніяк на гэта не рэагавалі. Беларускія салдаты даставілі хворага разам з Фацімой у шпіталь: яна перакладала з арабскай на англійскую. У шпіталі хвораму далі лекі, а потым зноў павезлі на мяжу. 

Дзве ночы Фаціма правяла ў балоце.

“Нас, напэўна, было 26 чалавек. Ахоўнікі сказалі, што адвязуць нас туды, адкуль вельмі лёгка трапіць у Польшчу. Насамрэч мы былі за тры метры ад перасячэння мяжы, але гэта была паласа балот і гразі. Яны сказалі: “Заставайцеся тут, пакуль не прыйдзе Чырвоны Крыж. Яны дапамогуць вам. Трэба проста сядзець ціха тут і чакаць. Мы дапамагаем вам дабрацца да Польшчы”.

Людзі “сядзелі ціха” 20 гадзін, потым пачалі крычаць ад болю і холаду, зразумелі, што яны ў пастцы.

“У нейкі момант перад намі паўсталі польскія жаўнеры і вартаўнікі. За намі стаялі беларусы. Польскіх афіцэраў у форме было больш за 20. Нас ніхто ні ў якім кірунку не адпускаў”.

У такім стане ўцекачы знаходзіліся два дні. Беларускі памежнік раздаў Фаціме інтэрнэт. Яна спрабавала звязацца з польскімі валанцёрамі, што дапамагаюць мігрантам на мяжы, але валанцёраў туды ўжо не пускалі. Чырвоны Крыж у Польшчы і Еўропе на паведамленні пра складаную сітуацыю не рэагаваў. 

Сірыйская настаўніца-ўцякачка: “Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес”
Мігранты ля беларуска-польскай мяжы / Агнешка Садоўская / Agencja Wyborcza

“Калі хочам есці, мы павінны купіць гэтую ежу”

Фаціма расказвае, што адзін з беларускіх сілавікоў добра валодаў англійскай мовай. Пасля няўдалых спробаў пераходу мяжы ён клікаў Фаціму і падрабязна распытваў пра тое, колькі на польскім баку жаўнераў, што яны робяць, дзе стаяць. 

У беларускіх лагерах уцекачоў былі жахлівыя ўмовы, прыгадвае настаўніца:

“Не давалі нам ежы. Яны казалі, што, калі мы хочам есці, мы павінны купіць гэтую ежу. Што дастаткова, што нам вады даюць, а гэта шмат. Аднойчы ў дарозе на групу з дзясятак чалавек далі нам толькі адну лустачку хлеба. Мы сядзелі на балоце і дзяліліся. Кожны з'еў маленечкі кавалачак. Нам увесь час казалі, што мы тут нелегальна. Нам пагражалі турмой. Але я так не лічыла: “Я не нелегалка. У мяне ёсць віза. Пашпарт. Я тут законна”.

Па словах Фацімы, беларускія сілавікі ўжывалі супраць мігрантаў псіхічны і фізічны гвалт.

“Я бачыла, як яны білі людзей. У асноўным маладых мужчын. Жанчын шкадавалі. Але да нас звярталіся як да салдат. Яны крычалі каманды: “Ідзі!”, “Уставай!”. Я казала: “Я не вайсковец, я настаўнік”.

Польскія жаўнеры, кажа Фаціма, паводзілі сябе абыякава да ўцекачоў:

“Яны не слухаюць. А калі і чуюць, то ім усё роўна, што вы ім кажаце. Калі я прасіла лекі для гэтага чалавека з дыябетам, яны былі абыякавыя. Сказалі: “Едзьце ў Беларусь. Мы не нясём за вас адказнасці”. Я таксама прасіла вады. Казала, што калі вы нас кідаеце назад, то хаця б, калі ласка, дайце нам вады. Не далі”.

Выжыць у такіх умовах было вельмі складана, расказвае сірыйка.

“Часам мы знаходзілі поле і жавалі збожжа, каб адчуць нешта ў роце. Мы чакалі дажджу, каб напіцца вады з лісця ці проста з лужыны. Бо мы баяліся прасіць у людзей вады,  баяліся паліцыі і чарговай дэпартацыі”.

Сірыйская настаўніца-ўцякачка: “Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес”
Мігранты ля беларуска-польскай мяжы / Чарэк Сакалоўскі / AP

Спроба 13

Апошнюю спробу перайсці мяжу Фаціма рабіла з сястрой (яшчэ адна сястра згубілася падчас дзялення ўцекачоў на групы. — Еўрарадыё) у кампаніі курдскага доктара і яго сям’і —  жонкі і траіх дзяцей.

“У гэты дзень увесь час ішоў дождж. І мы ішлі пад гэтым дажджом, як мёртвыя. Нас спыніў памежнік. Мяне пасадзілі ў вайсковую машыну, я ў ёй страціла прытомнасць. Я не магла дыхаць. Памятаю толькі, як мяне выратаваў гэты курдскі доктар, а яго жонка трымала галаву. Мне здаецца, я была блізкая да смерці. Напэўна, таму мяне і павезлі ў шпіталь у Гайнаўку. Падключылі да кропельніцы. Я была там некалькі дзён. Разам з сястрой.

Догляд быў вельмі добры. Нарэшце я змагла зняць вопратку, у якой была 15 дзён. Але я ўвесь час баялася, што зноў завязуць у лес. Я прасіла іх не рабіць гэтага. Доктар, які мяне даглядаў, сказаў: “Фаціма, я не маю на гэта ніякага ўплыву. Памежная ахова вырашае”.

Праз некалькі дзён доктар паведаміў Фаціме, што знайшлася яе трэцяя сястра:  яна знаходзілася ў лагеры ўцекачоў у Польшчы, куды адпраўлялі і Фаціму з другой сястрой. Адтуль праз сем дзён дзяўчаты ўцяклі. 

“Мы баяліся, што зноў завязуць у беларускі лес. Мы правялі там больш за 20 дзён. Бывала, што блукалі нават па тры дні. Адны ў лесе”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі