Стала вядома, як беларусы будуць адпачываць у 2018 годзе
Урад Беларусі прыняў рашэнне пра перанос працоўных дзён у 2018 годзе. Графік зацверджаны пастановай Савета міністраў №903 ад 29 лістапада 2017 года, перадае БЕЛТА.
У 2018 годзе працоўныя дні пераносяцца з аўторка 2 студзеня на суботу 20 студзеня; з пятніцы 9 сакавіка — на суботу 3 сакавіка; з панядзелка 16 красавіка — на суботу 14 красавіка; з панядзелка 30 красавіка — на суботу 28 красавіка.
Таксама працоўныя дні пераносяцца з панядзелка 2 ліпеня на суботу 7 ліпеня; з панядзелка 24 снежня — на суботу 22 снежня; з панядзелка 31 снежня — на суботу 29 снежня.
Арганізацыі маюць права з улікам спецыфікі вытворчасці (работы) пераносіць працоўныя дні ў іншым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Нядаўна стала вядома, што каталіцкія біскупы звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі зрабіць выходным днём 1 лістапада — Дзень Усіх Святых у каталіцкай традыцыі. У 2018 годзе ён выпадае на чацвер. Выходным днём 1 лістапада не будзе.