Старых праблем не вырашыць: што не так з новым Кодэксам аб адукацыі

Эксперты расказваюць, якіх змен чакаць навучэнцам і работнікам сферы. 
Эксперты расказваюць, якіх змен чакаць навучэнцам і работнікам сферы. 

Новы Кодэкс аб адукацыі старых праблем у Беларусі не вырашыць. У такой думцы сыходзяцца эксперты, абмяркоўваючы з Еўрарадыё, якіх змен чакаць навучэнцам і работнікам сферы (і ці чакаць іх наогул).

Праект Кодэкса ўнеслі 22 снежня мінулага года ў Палату прадстаўнікоў, а ўжо сёлета ў красавіку — парламент прыняў яго ў першым чытанні. Чакаецца, што ў гэтым месяцы новая рэдакцыя Кодэкса будзе прынятая канчаткова, а ён пачне дзейнічаць не раней за 1 верасня 2022 года.

Першая і галоўная праблема новага Кодэкса ў яго кулуарнасці: праект распрацаваны ў нетрах Міністэрства адукацыі без рэальнага грамадскага абмеркавання, кажа эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін.

 

Старых проблем не решит: что не так с новым Кодексом об образовании

"Кодэкс — такая рэч, якая павінна абмяркоўвацца шырокай грамадскасцю. Паколькі адукацыя тычыцца як мінімум трох мільёнаў чалавек у нашай краіне: больш як мільёна навучэнцаў і іх сем'яў — бацькоў, братоў-сясцёр, бабуль-дзядуляў. А ён быў кулуарна прыняты ў нейкіх нетрах даследчых інстытутаў, сярод чыноўнікаў Міністэрства адукацыі і іншых ведамстваў, але ніхто пра гэта не ведае. Такі прынцып паведамляльны, Імітацыйнае стварэнне такога псеўдаграмадскага абмеркавання. Гэта першае, што абавязкова трэба мець на ўвазе. Адпаведна, наша грамадскасць, калі на тое, у цэлым не ведае, што гэта за Кодэкс, што ў ім ёсць і чым гэта пагражае".

"Атрымліваем установы, дзе ніхто ні за што не адказвае"

Лаўрухін звяртае ўвагу, што праект Кодэкса 2021 года ў параўнанні з законам аб адукацыі 1991 года па аб'ёме ў 13,7 раза большы па колькасці слоў, якія там ёсць. Аднак няма змен сістэмных праблем, а менавіта — парадку кіравання.

"Сістэмныя праблемы засталіся. І адна з ключавых — гэта мадэль кіравання — вельмі цэнтралізаваная, іерархічная, якую прымае зусім не Міністэрства адукацыі, а Адміністрацыя прэзідэнта. Гэта датычыцца не толькі вышэйшай адукацыі, дзе ўсе рэктары па-ранейшаму прызначаюцца Лукашэнкам. Гэта, напрыклад, датычыцца ў тым ліку і прыёму студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, спецыяльнай сярэдняй адукацыі. І нават вось у сярэдняй школе.

Гэта значыць, такая ступень рэгламентацыі бюракратычнай вертыкальнай мадэлі, калі любыя інавацыі, не кажучы ўжо пра кадравыя і фінансавыя пытанні, выносяцца за межы адукацыйных устаноў. Гэта стварае вось такую сітуацыю, калі ўсе, хто працуе ў той ці іншай установе адукацыі, не маюць ніякіх прававых падстаў для таго, каб праяўляць ініцыятыву і несці адказнасць. У выніку мы атрымліваем такія адукацыйныя ўстановы, дзе ўвогуле ніхто ні за што ў цэлым не адказвае. Гэта стварае вельмі інертную, зусім не здольную да нейкіх інавацый сістэму".

 

Старых проблем не решит: что не так с новым Кодексом об образовании

Лаўрухін працягвае: калі параўноўваць папярэдні Кодэкс рэдакцыі 2011 года з цяперашнім, у пытаннях аўтаноміі ўсё стала толькі горш.

"Аўтаномія — якраз маркер таго, што ёсць шэраг пытанняў, якія ўстановы адукацыі могуць — і ва ўсім свеце так прынята — шэраг пытанняў кадравых, акадэмічных вырашаць на месцах. У нас жа нават слова такога "аўтаномія" няма ў Кодэксе аб адукацыі. Я хацеў бы звярнуць увагу, што ў такіх краінах, як Расія, Украіна і нават Казахстан, — там ёсць праграмы на развіццё аўтаномій ва ўстановах адукацыі, якія некалькі гадоў рэалізуюцца".

 

Ці паўплывае неяк новы Кодэкс на вучэбны план?

"У такіх дакументах наогул не рэгламентуецца змест вучэбнай праграмы, але задаецца фармальная рамка. Яна такая, што ні дырэктары школ, ні настаўнікі, ні рэктары ВНУ, ні выкладчыкі практычна не ўплываюць на працэс. З умоўна пазітыўных змен можна вылучыць паняцце "тыпавога вучэбнага плана", які, практычна як трафарэт, задаваў узор, па якім трэба навучаць. Цяпер жа з'явіўся новы выраз — "прыкладны вучэбны план". Што гэта значыць і наколькі гэта, так бы мовіць, дае свабоду пры захаванай мадэлі — пытанне амаль рытарычнае. Словы памянялі, а астатняя мадэль засталася", — скардзіцца Лаўрухін.

Кодэкс трэба адмяніць праз непатрэбнасць

Кодэкс аб адукацыі наогул трэба адмяніць праз непатрэбнасць, лічыць педагог і рэпетытар Яўген Лівянт. Сваю недзеяздольнасць дакумент прадэманстраваў у часе пандэміі.

Старых проблем не решит: что не так с новым Кодексом об образовании

"У суседніх з намі краінах: Расія, Польшча, Украіна — ніякага Кодэкса аб адукацыі няма. Аднак, калі здарылася пандэмія, былі прыняты радыкальныя рашэнні аб змене сістэмы адукацыі, яны былі прыняты імгненна: з'явіліся сістэмы, інтэрнэт-трансляцыі ўрокаў, створаны адукацыйныя платформы, унесены змены ў заканадаўстве. У Расіі са студзеня 2021 года радыкальныя змены ў заканадаўстве, звязаныя з дыстанцыйнай адукацыяй. У нас не зроблена нічога — ад слова зусім.

У старым Кодэксе дыстанцыйная адукацыя толькі згаданая і ў новым [праекце. — Еўрарадыё] яна таксама толькі згаданая. Як настаўнік вядзе дыстанцыйны ўрок? Як ён арганізаваны? Як ён аплачаны? Не прадугледжана дыстанцыйная адукацыя ў школе. Значыць, і адзнакі ставіць дыстанцыйна нельга".

 

Чаго чакаць?

Ніякіх наяўных праблем новы Кодэкс не вырашае, спойлерыць педагог.

"Настаўнікі як запаўнялі два журналы — адзін электронны, другі папяровы, — так і будуць запаўняць. Давайце прапішам: забараніць прыцягваць настаўнікаў да працы, якая не ўласцівая настаўнікам, але няма такога ў Кодэксе.

Я думаю, што прыватную адукацыю, напрыклад, чакаюць вельмі цяжкія часы з прыняццем гэтага праекта. Я амаль упэўнены, усе гэтыя змены — каб пахаваць канчаткова ўжо прыватную адукацыю, каб яе ўжо не было ў сферы зусім", — рэзюмуе Лівянт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі