На пасадзе міністра кола абавязкаў Сліжэўскага было куды шырэйшае, чым раней, таму выказваўся ён і па іншых пытаннях. Напрыклад, у 2017-м ён сказаў "Народнай волі", што падтрымлівае ідэю публікаваць дэкларацыі чыноўнікаў. На жаль, далей за словы пра падтрымку такой ініцыятывы справа не пайшла.
А ў 2012-м ведамства Сліжэўскага і зусім заступілася за "чарніла": Мінюст тады накіраваў у Светлагорск ліст, у якім адзначалася, што рашэнне абмежаваць продаж пладова-ягадных вінаў у начны час ёсць "перавышэнне паўнамоцтваў".
Гайкі закручваліся да адказу
Некаторыя ініцыятывы Мінюста ў часы кіраўніцтва Сліжэўскім інакш, як "закручваннем гаек", не назавеш. Напрыклад, у 2012-м з падачы міністэрства было зменена заканадаўства так, каб дэпутатам і сябрам Савета Рэспублікі нельга было мець "карты паляка".
Ужо пасля выбараў 2020-га Мінюст ініцыяваў змены ў законы, прысвечаныя адвакацкай дзейнасці, адна з асноўных навін — забарона на працу адвакатам у бюро і магчымасць аказваць паслугі толькі ад юрыдычнай кансультацыі. Фактычна гэта змена забараніла адвакатам весці прыватны бізнес.
Увесну 2021-га загаварылі і пра ўзмацненне жорсткасці заканадаўства аб партыях. Пасля нарады ў Лукашэнкі Сліжэўскі анансаваў павелічэнне мінімальнай колькасці ўдзельнікаў партый і новыя абмежаванні па іх фінансаванні. Адначасова Мінюст працягваў "ператрахіваць" як адвакатаў, так і грамадскія арганізацыі з партыямі.
Ліцэнзіі — забраць, арганізацыі — ліквідаваць
З лета 2020-га Мінюст пачаў досыць жорстка працаваць з адвакатамі. Па дзіўным збегу абставінаў ліцэнзій пазбаўляліся менавіта тыя, хто абараняў "палітычных".
Так, магчымасці працаваць пазбаўляліся адвакаты Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Сяргея Ціханоўскага і іншых. Многія з іх ніколі не мелі ніякіх нараканняў і выклікалі павагу ў прафесійным асяроддзі, што не перашкаджала Мінюсту вінаваціць іх у недастатковых кампетэнцыях або парушэнні прафесійнай этыкі.
З восені 2020-га Мінюст пачаў праверку ўсіх зарэгістраваных партый: у іх у сціслыя тэрміны патрабавалі аб'ёмныя пакеты дакументаў, праз адсутнасць любога выдаваліся папярэджанні, якія маглі прывесці да ліквідацыі. На сёння праверка яшчэ не скончылася: прынамсі, партыі, у адрозненне ад грамадскіх арганізацый, не закрываюць.