У Расіі заявілі, што "Сашко Білы" забіў 20 палонных расійскіх вайскоўцаў
Следчы камітэт Расійскай Федэрацыі распачаў крымінальную справу ў адносінах вядомага ўкраінскага нацыяналіста Аляксандра Музычкі.
Ён больш вядомы пад мянушкай "Сашко Білы". Справа распачатая па фактах бандытызму і стварэння арганізаванай злачыннай групоўкі.
Як вядома, у 1990-х "Сашко Білы", разам з іншымі байцамі УНА-УНСО, ваяваў супраць расійскіх войскаў у Чачэніі, быў адзначаны ўзнагародамі. Расійскія ўлады згадалі пра гэта толькі цяпер.
"Музычка па-зверску катаваў палонных вайскоўцаў расійскіх федэральных сілаў, пасля чаго забіваў, — цытуе словы афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта Расіі Уладзіміра Маркіна РІА "Новости". — Агулам за пазначаны перыяд Музычка асабіста катаваў, а пасля здзейсніў забойства не менш за 20 палонных вайскоўцаў федэральных сілаў, патрабуючы патрэбную для яго інфармацыю".
Расійскім бокам сцвярджаецца, што "Сашко Білы" ламаў пальцы афіцэрам, выколваў ім вочы, вырываў ім пазногці і зубы, некаторым пераразаў горла нажом. Падставай для распачацця крымінальнай справы сталі дадзеныя, атрыманыя падчас расследавання сутыкнення баевікоў пад кіраўніцтвам Шаміля Басаева і Хатаба з пскоўскімі дэсантнікамі ў раёне чачэнскай вёскі Улус-Керт у 2000 годзе. Украінскага нацыяналіста расійскія праваахоўныя органы аб'явілі ў міжнародны вышук.
Аляксандр Музычка ("Сашко Білы") — кіраўнік "Правага сектару" ў Заходняй Украіне. Нядаўна ён адзначыўся некаторымі сваімі ўчынкамі ў Ровенскай вобласці, дзе прыйшоў з аўтаматам на паседжанне прэзідыума абласной рады ў Роўна ды збіў пракурора, нібыта, абклаў "падаткам" праваахоўнікаў, забраў базу "Беркута" для падрыхтоўкі "самаабаронцаў". Дэпутат Вярхоўнай Рады ад "Бацькаўшчыны" Генадзь Маскаль звярнуўся да сілавікоў ды патрабуе пакласці канец "дзейнасці" ў Ровенскай вобласці згаданага нацыяналіста.
"Сашко Білы" распавёў Махно, чаму біў пракурора і не едзе ў Крым (відэа)