У Шатландыі шукаюць дом для труса, які вырас да памераў сабакі (фота)
У Шатландыі шукаюць гаспадароў для велічэзнага труса, які ў свае сем месяцаў ужо вырас да памераў сабакі. Трус пароды нямецкі гігант названы Атласам. Ён пакуль утрымліваецца ў Цэнтры абароны жывёл ад жорсткага абыходжання ў Глазга. Арганізацыя вывесіла ў Фэйсбуку абвестку, у якой прапануе неабыякавым людзям узяць апеку над жывёлай з асаблівымі патрэбамі.
У абвестцы адзначаецца, што такому гадаванцу не пасуе стандартная трусіная клетка. Да таго ж Атлас — вельмі цікаўны, дружалюбны, любіць увагу і ласку.
Атлас усё яшчэ расце. Дарослыя асобіны гэтай пароды важаць болей за пяць кілаграмаў, а найвялікшы нямецкі гігант у чатыры гады дасягнуў 24 кілаграмаў.