У свеце оркаў і эльфаў Беларусь хоча быць хобітам, які адводзіць усіх ад прорвы
Кадр з фільма "Уладар пярсцёнкаў"
На форуме "Мінскага дыялогу" сёлета толькі і размоў, што пра маленькія краіны ў вялікай палітыцы. Кажуць, напрыклад, так: "Малыя дзяржавы ў НАТА будуюць масты для зносін паміж буйнымі дзяржавамі, паміж звышдзяржавамі". Ці вось так: "Мінск, Баку і Ташкент стануць важнымі хабамі для арганізацыі дыялогу паміж Бруселем, Масквой і Пекінам".
Праблемы пераспелі
Сёлета тэма форуму — "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы". Я не аларміст і не адчуваю сябе на краі прорвы, але схільны давяраць сямі сотням экспертаў з 61 краіны, якія ўсур'ёз абмяркоўваюць, што сістэма бяспекі ў Еўропе ідзе ўразнос, таму што ўладныя людзі перасталі адрозніваць "чырвоныя лініі", за якія нельга заходзіць.
Нежаданне дамаўляцца нават пра простыя рэчы і нянавісць, падагрэтая масавай прапагандай, можа перарасці ў "вялікую вайну", эпіцэнтрам якой, як звычайна, стане Усходняя Еўропа. "Лакальны канфлікт можа прывесці ўсю планету да вайны, менавіта пра гэтую прорву ідзе гаворка ў назве форуму", — кажа праграмны дырэктар фонду імя Конрада Адэнаўэра па Беларусі Якаб Вэленштайн. Ну што, спалохаліся?
Маленькая краіна
А што гэта за маленькія краіны? Напэўна вам даводзілася чуць, як маленькай краінай называюць Беларусь. Можа быць, вы і самі так казалі: "Маленькая краіна ў цэнтры Еўропы". Гэта думка настолькі папулярная, што на першай старонцы выдачы Google па запыце "Беларусь маленькая краіна" ў асноўным артыкулы пра тое, што Беларусь НЕ маленькая краіна. НЕ. МАЛЕНЬКАЯ. КРАІНА.
Хоць, калі падумаць, маленькай краінай быць не так ужо і дрэнна. Усе любяць маленькіх. Ім усё можна. Можна капрызіць, клянчыць цукеркі. Можна марыць пра тое, што будзеш рабіць, калі вырасцеш.
Маленькіх нельга крыўдзіць. Пакуль "вялікія" клапоцяцца пра маленькіх, можна не хадзіць на працу. Хоць да 25 гадоў! А калі нешта сцягнеш са стала, ну, ці ўвогуле будзеш дрэнна сябе паводзіць, то цябе нахіляць і лёгенька адшлёпаюць. І ўсё.
Будучыня беларусаў шмат у чым залежыць
Маленькія жывуць як бы ў цені "вялікіх". Лёс маленькіх знаходзіцца ва ўладзе "вялікіх" крыху больш, чым цалкам. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на форуме "Мінскага дыялогу" гаворыць пра гэта так:
"Мы востра адчуваем адказнасць за бяспеку не толькі нашай краіны, але і Еўропы. Бяспека Беларусі непарыўна звязана з бяспекай кантынента. Будзе спакойна ў Еўропе — будзе мір і стабільнасць у нашай краіне. І наадварот. На жаль, лёс распарадзіўся так, што будучыня беларусаў шмат у чым залежыць ад таго, ці змогуць нашы саюзнікі і партнёры дамовіцца паміж сабой".
Пры гэтым маленькія дзіўным чынам умеюць заўважаць і агучваць тое, што "вялікія", занятыя разборкамі паміж сабой, не бачаць ці не хочуць абмяркоўваць. Яны ўмеюць будаваць масты, а ў іх сталіцах могуць размяшчацца пляцоўкі для перамоў. Але, калі ўсе "чырвоныя лініі" пройдзены і вялікія краіны пачынаюць махаць цяжкімі кулакамі малой і сярэдняй далёкасці, маленькім нічога не застаецца, як проста спрабаваць выжыць.
Ну ці не проста
Якой краінай лепш быць падчас "вялікай вайны": вялікі або маленькай? Як лепш дзейнічаць: з галавой накрыцца коўдрай ці выйсці насустрач сваім страхам? Іэн Бэнкс пісаў: "Не лічачы тых, чый удзел нязначны, у вайне не выжывае ніхто". Так што гэта пытанні рытарычныя.
Беларусь, відавочна, хавацца не збіраецца. Мы называем сябе донарамі стабільнасці і пастаўшчыкамі бяспекі. Улады шмат робяць для таго, каб нашай маленькай краіне дасталася высакародная роля міратворца, здольнага спыніць вайну паміж вялікімі краінамі.
Нават самыя слабыя і непрыкметныя могуць змяніць ход гісторыі. Каб паказаць, як гэта можа адбыцца, аўтар "Уладара пярсцёнкаў" Джон Р. Р. Толкіен прыдумаў хобітаў. Спачатку ні эльфы, ні людзі не ўспрымаюць іх сур'ёзна, а оркі нават не здагадваюцца пра іх існаванне. Але менавіта добрыя і наіўныя хобіты рассейваюць цемру і прадвызначаюць вынік вялікай вайны.
І вось, мы пераканалі сябе ў тым, што Еўропа стаіць на краі прорвы. Цяпер мы хочам стаць хобітамі, якія дапамогуць ёй зрабіць крок назад.
Ну і каб два разы не ўставаць
Беларусь — ні разу не маленькая краіна. Ва ўсякім разе, па еўрапейскіх мерках. Сярод чатырох дзясяткаў еўрапейскіх дзяржаў яна знаходзіцца на 13-м месцы па плошчы.
Але аднекуль жа з'явіўся гэты назойлівы штамп? Мабыць, рэч у тым, з кім мы сябе ўвесь час параўноўваем. Так, Беларусь у пяць разоў большая за Швейцарыю і Нідэрланды і амаль у пяць разоў большая за Данію і Эстонію. Але побач з Расіяй і Украінай мы сапраўды маленькая краіна. А мы побач з Расіяй і Украінай.
Мы ўвесь час мыслім сябе не ў сваёй вагавой катэгорыі. Адсюль і наша вечнае беларускае "Не трэба нас нахіляць". Дарэчы, на форуме "Мінскага дыялогу" таксама было. Толькі гэтым разам у выкананні міністра замежных спраў — і ў іншых, больш далікатных фармулёўках:
"Калі ты паставіў свайго геапалітычнага, ідэалагічнага, рэлігійнага саперніка на калені, загнаў яго ў кут, перамог сілай зброі (эканамічнай, інфармацыйнай вайны) — расплачвацца за гэта, з высокай доляй імавернасці, будуць наступныя пакаленні на тваёй уласнай зямлі. Так ужо было ў гісторыі Еўропы".
І галоўнае ў гэтай цытаце, вядома ж, слова "расплачвацца" ва ўсёй яго выдатнай шматзначнасці. Дрыжы, неназваны нахіліст! Той, хто крыўдзіць немаленькую, але гордую Беларусь, у рэшце рэшт заўсёды плаціць па сваіх рахунках.