Убачылі MSQRD раней за Цукерберга: галоўныя стартапы хаба IMAGURU
Стартап-хаб Imaguru / megapolis-real.by
Да закрыцця стартап-хаба IMAGURU застаецца дзевяць дзён. Пасля таго як прайшло восем гадоў, будынак завода "Гарызонт", дзе размяшчаўся стартап-хаб, зноў стане проста будынкам завода.
У 2013 годзе ідэя стартап-хаба была цалкам новай для Беларусі, а словы "венчурныя інвестыцыі" і "хакатон" нешта гаварылі вельмі нямногім. Мабыць, нягледзячы на канцэпт "IT-краіны", некаторыя дагэтуль не разумеюць, навошта патрэбныя такія праекты, як IMAGURU, і ў чым іх значэнне для беларускай IT-экасістэмы.
Можа быць, калі пералічыць самыя крутыя праекты, якія выйшлі са сцен будынка на Фабрыцыуса, 4, то стане больш зразумела?
48 гадзін займацца праектам і не начаваць дома
Стартап-асацыяцыі ў Беларусі былі і да IMAGURU. Але менавіта гэты хаб змог сабраць вакол сябе кам'юніці, лічыць СЕО стартапаў PingFin і OpenBusiness Юлія Лакаткова. Яе праект PingFin, які стаў адным з самых паспяховых фінтэх-стартапаў у гісторыі Беларусі, пачынаўся менавіта тут.
Акрамя IMAGURU, у Беларусі ніхто тады не працаваў з фінтэх-кам'юніці. Хаб жа пачаў уцягваць у сваю актыўнасць банкі і іншыя фінансавыя арганізацыі. Лектары з іншых краін прыязджалі падзяліцца досведам. Там Юлія даведалася, як гэта — 48 гадзін запар працаваць над праектам на хакатоне.
— Каштоўнасць IMAGURU у камандзе. Але і атмасфера мела вялікае значэнне. Упершыню я туды трапіла як глядач у 2015 годзе. На наступны хакатон прыйшла ўжо як удзельнік, потым — як ментар, як сябра журы. І такім быў шлях у многіх. Ёсць цэлы кластар людзей, якія яго прайшлі.
Гэтыя ўспаміны нам вельмі дарагія, мы туды прыходзілі як дадому. Тэлефануеш і кажаш: мне патрэбна фотасесія, можна прыйду сёння з фатографам? У IMAGURU і стартапаў, якія праходзілі праз яго, складваліся вельмі цёплыя адносіны, але з закрыццём самой прасторы для нас нічога не памяняецца. IMAGURU — гэта стыль жыцця, частка гісторыі многіх беларускіх стартапаў.
Якіх менавіта?
Каманда MSQRD — на цяперашні момант самага паспяховага беларускага стартапа, які здзейсніў "экзіт", — у лістападзе 2015 года заняла першае месца на хакатоне Garage48, які праходзіў у IMAGURU. Увесну 2016-га распрацоўнікам "патэлефанаваў" заснавальнік Facebook Марк Цукерберг. Неўзабаве IT-гігант купіў тэхналогію MSQRD, якая дазваляе дапоўніць фота і відэа маскамі. Сума здзелкі не разгалошвалася. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яна склала больш за $100 млн.
IMAGURU даў старт праграме TrackDuck. Гэта сэрвіс, які дазваляе зрабіць зручнейшай зваротную сувязь паміж распрацоўнікамі і кліентамі. У камандзе распрацоўнікаў TrackDuck — два беларусы, яны сустрэліся менавіта на арганізаваным у IMAGURU хакатоне. У 2017 годзе стартап быў куплены буйным амерыканскім сэрвісам InVision.
Заснавальнікі кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк былі выпускнікамі стартап-акселератара TechMinsk. У 2015 годзе яны заснавалі сэрвіс для кіравання лічбавымі дакументамі і подпісамі. Да цяперашняга моманту кампанія прыцягнула ў Крамянёвай даліне больш за 6 млн долараў.
Кожны год у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў IMAGURU праводзілі міжнароднае спаборніцтва стартапаў BelBiz Battle. Сярод фіналістаў гэтага спаборніцтва ў 2013 годзе апынуўся літоўскі стартап Infogr.am — папулярны сэрвіс для стварэння інфаграфікі.
Праект турыстычных анлайн-квэстаў для актыўнага адпачынку SHUKAJ.BY Яраслава Ліхачэўскага таксама стартаваў у IMAGURU. А праз некалькі гадоў яго ж DeepDee удзельнічаў тут у хакатоне Social Weekend. І першы досвед зносін з інвестарамі, і першая выручка — усё гэта здарылася з Ліхачэўскім у IMAGURU.
У IMAGURU пачынаўся і стартап FriendlyData — пошукавы інтэрфейс для працы з карпарацыйнымі базамі звестак. У 2018 годзе ён падпісаў пагадненне аб продажы тэхналогій буйной амерыканскай кампаніі ServiceNow — лідару рэйтынга інавацыйнасці Forbes.
"Слова "стартап" я даведаўся ў IMAGURU"
— Хтосьці з'явіўся на хакатоне, хтосьці на ранняй стадыі развіцця праекта здымаў офіс у IMAGURU, і ўжо пазней заснавальнікі праектаў прыязджалі ў хаб у якасці ментараў і дапамагалі развівацца іншым стартапам, — расказвае IT-інвестар Валерый Астрынскі. Сам ён слова "стартап" даведаўся менавіта ў IMAGURU — на мерапрыемстве пра венчурнае інвеставанне.
Так, пляцоўкі з падобным функцыяналам існавалі і раней — напрыклад, пры ПВТ. Там арганізоўваліся хакатоны, праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы. Але "Імагуру", кажа Астрынскі, працаваў больш сістэмна.
— Варушняк быў і раней, але тады ў айці яшчэ не было мяне. Пазней у IMAGURU мы арганізавалі дзясяткі пітч-сесій нашай "анёльскай" сеткі, святы, нэтварк — а гэта ў стартап-сістэме адзін з ключавых момантаў. Атмасфера свабоды, крэатыву і даверу так патрэбныя ў гэтай сферы, таму што інавацыйныя прадукты — гэта пра фармаванне камандаў.
Астрынскі за апошнія паўгода і без гэтага дадатковага цвіка ў века труны экасістэмы не заўважаў асаблівага жадання стартапаў рэгістравацца ў юрысдыкцыі Беларусі.
— Прыцягнуць замежных інвестараў у беларускі тэхналагічны праект цяпер — гэта вельмі малаімаверна, — кажа ён. Але не прадракае татальнага выхаду тэхналагічных стартапаў з Беларусі. Маўляў, з закрыццём IMAGURU многія пяройдуць на анлайн-пляцоўкі. Але ні стартап-экасістэма, ні чалавецтва ў цэлым не гатовыя пайсці ў анлайн цалкам:
— Такія месцы, як IMAGURU, я веру, будуць з'яўляцца ў будучыні ў Беларусі, інакш няма іншага варыянта для тэхналагічнага развіцця краіны. Выдатна, калі знойдуцца ініцыятыўныя людзі, якія будуць адкрываць такія хабы, але IMAGURU — гэта не бізнес-праект, гэта экасістэмныя рэчы, якія робіць або дзяржава, або мецэнаты.
Чаму "Імагуру" закрываецца?
Холдынг "Гарызонт", у якога IMAGURU арандавалі прастору, скасаваў кантракт у аднабаковым парадку. Памяшканне загадалі вызваліць да 30 красавіка.
Заснавальнік і СЕО IMAGURU Таццяна Марыніч лічыць, што гэта палітычны заказ, звязаны з пазіцыяй, якую заняла каманда стартап-хаба. "Імагуру" падтрымаў сваіх "выпускнікоў" PandaDoc, якія трапілі пад каток рэпрэсій, а сама Марыніч увайшла ў апазіцыйную Лукашэнку Каардынацыйную раду.
За восем гадоў арэнды ўладальнікі хаба заплацілі "Гарызонту" каля $1,5 млн, кажа яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.